Вучаць спадчыны скарб шанаваць. Творчая каманда першамайскіх работнікаў культуры здольна захапляюча арганізаваць вольны час і пажылых, і маладых

Добрае чуваць далёка. Вось і Першамайскі Дом культуры даўно на слыху: славіцца цікавымі мерапрыемствамі накшталт фестывалю грыбоў, неардынарнымі падыходамі да любой справы, сваім адметным удзелам у раённых і абласных святах, таленавітымі майстрамі.

 

 

Будынак сельскага ачага культуры на выгляд сціплы, а стаў тым яркім асяродкам, дзе людзі адпачываюць душой, рэалізуюць сябе ў творчасці, разам ажыццяўляюць самыя смелыя задумкі.

 

На працягу 40 год узначальвала гэту культасветустанову Лілія Палуян. У свой час яна здолела стварыць цудоўны калектыў як штатных супрацоўнікаў, так і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, аматараў з карысцю правесці вольны час, займаючыся ў гуртках па інтарэсах. Адыходзячы на пенсію, перадала Лілія Антонаўна свае напрацоўкі, што называецца, у добрыя рукі. Алена Аляксандраўна Павукова два гады таму змяніла пасаду мастацкага кіраўніка на больш адказную: прыняла пост загадчыцы сектара культуры і адпачынку “Першамайскі Дом культуры”.

 

Шаноўныя прадстаўнікі самай творчай і жыццярадаснай прафесіі!
Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт і Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць вас і паважаных ветэранаў працы з Днём работнікаў культуры. Мы шчыра ўдзячны вам за вашы таленты, крылатыя ідэі і ўменне іх ажыццяўляць, за высокія арганізатарскія вартасці і здольнасць запаліць іскрынку ў кожным сэрцы. Шчасця і дабрабыту вам і вашым блізкім, поспехаў і новых дасягненняў у прафесійнай сферы.

 

Як і належыць, жыццё тут працягвае віраваць. Яблыку няма дзе ўпасці, калі дыск-жакей, а дакладней – культарганізатар Аляксандр Варанцоў, кіруе дыскатэкай. Энергетыка – неверагодная, як і зайздросная масавасць ды папулярнасць гэтага мерапрыемства. Самае цікавае, што моладзь і сёння з задавальненнем танчыць пад незабыўныя хіты 90-х!

 

– Хочаце вярнуцца ў сваё юнацтва, прыязджайце да нас на дыскатэку! – весела запрашае Аляксандр Мікалаевіч.

 

 

Вялікую ўвагу надаюць тут рабоце з дзецьмі. Падчас канікулаў, калі да бабуль на ўсё лета прыязджаюць унукі, аднолькава актыўна задзейнічана ў мерапрыемствах і мясцовая дзятва, і іх гарадскія сябры: разам удзельнічаюць у канцэртах і пастаноўках, “ператанцоўваюць” адзін аднаго на пенных вечарынках, ходзяць у паходы. Так-так, і ўсё гэта ў аддаленым ад райцэнтра сельскім Доме культуры! Тут для пачаткоўцаў працуе гурток эстрадных спеваў “Рамантыка”, для прыхільнікаў мастацкага чытання – “Каласок”. Заняткі ў аматарскім аб’яднанні “Забава” здзіўляюць сваёй разнастайнай палітрай, дзе адраджаюць паўзабытыя гульні, знаёмяцца з краязнаўствам, адпраўляюцца ў паходы.

 

А ў турыстычны сезон увогуле арганізоўваюць экскурсійныя паездкі для прадстаўнікоў усіх пакаленняў. Толькі за апошнія гады жыхары Першамайска пабывалі дзякуючы незаспакоеным работнікам культуры ў Брэсцкай крэпасці-героі, на свае вочы ўбачылі Косаўскі палац і Мірскі замак, пакланіліся святыням у Жыровічах і Сынкавічах. А сёлета разам наведалі музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”, па дарозе назад завіталі ў авеяную легендамі аграсядзібу “Літоўка”, што на Навагрудчыне.

 

– Безумоўна, прыярытэтным напрамкам у нашай рабоце да ўсяго з’яўляецца захаванне народнай спадчыны, – падкрэслівае Алена Павукова. – Памежны першамайскі край надзвычай самабытны. І наша задача захаваць гэты дух: і матуліну песню, і родную мову, і народныя рамёствы, і рэцэпты мясцовай кухні, што спрадвеку перадаюцца ў тутэйшых хатах ад бабуль – унучкам…

 

Дарэчы, сёлета першамайцы былі ў ліку пераможцаў абласнога фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, які праходзіў у горадзе Смаргоні. На дэгустацыі рэгіянальных традыцыйных страў яны прапаноўвалі гасцям і журы адмысловыя першамайскія настойкі – на грыбах-лісічках, на каранях цуда-траў, на сасновых покаўках… Усё гэта – з лячэбным эфектам і “замовай” ад самой маці-прыроды. Рэцэпты збіралі падчас фальклорных экспедыцый па навакольных вёсках і вёсачках. Сапраўдная скарбоначка даўнейшых кулінарных сакрэтаў, як высветлілася, тоіцца ў гаспадынь з Куляшоў. Менавіта дзякуючы іх важкай дапамозе ўдалося заваяваць на прэстыжным фальклорным форуме дыплом другой ступені – за захаванне народных традыцый!

 

Яшчэ адна ўзнагарода чакала першамайскіх культасветработнікаў за афармленне і інтэрактыўнасць іх каларытнага падворка. Нядзіўна, што і на нядаўніх абласных “Дажынках” у Бераставіцы творчая каманда супрацоўнікаў Першамайскага ДК таксама дэманстравала спадчыну сваёй старонкі, радавала і здзіўляла ўдзельнікаў свята.

 

Уменне згуртаваць творчыя сілы, нефармальна арганізаваць работу Дома культуры, па-сапраўднаму зацікавіць вяскоўцаў усіх узростаў і прыцягнуць іх да жывога ўдзелу ў масавых мерапрыемствах было высока ацэнена. Літаральна ў верасні Алена Павукова была ўзнагароджана Ганаровай граматай Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў.

 

– Расцэньваю гэту ўзнагароду не столькі як сваю ўласную, а хутчэй як прызнанне пэўнага прафесійнага ўзроўню ўсяго нашага калектыву, – сціпла зазначае Алена Аляксандраўна. – У нас працуюць надзвычай таленавітыя мастацкія кіраўнікі Ірына Місюкевіч і Людміла Лебядзевіч. Цалкам адпавядае сваёй пасадзе культарганізатара Аляксандр Варанцоў, чые арганізатарскія здольнасці цяжка перабольшыць. Да таго ж ён праводзіць заняткі ў гуртку па вакале, рыхтуе сапраўдных артыстаў, з якімі з радасцю выходзіш на сцэну. А з канцэртамі мы выязджаем вельмі часта, праводзім святы вёсак. Заўсёды ў нашай дружнай камандзе тэхработнік Валянціна Саковіч – таксама не абдзелены здольнасцямі чалавек.

 

На мінулым тыдні ў цёплай сяброўскай атмасферы прайшоў у Першамайскім Доме культуры агеньчык для людзей старэйшага пакалення. Асаблівую разынку ў праграму ўнеслі госці – артысты Шчучынскага РЦКіНТ. А зараз работнікі культуры дружна рыхтуюцца да Дня маці. Па традыцыі гэта высокадухоўнае і пяшчотнае свята яны ладзяць разам з мясцовай Свята-Пакроўскай царквой.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Таццяны Герасімчык.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!