Узбагачаючы зямельны фонд. Даведаліся, як праходзіць меліярацыя земляў у Шчучынскім раёне

 

Восень – работ восем. Часцей за ўсё гэтую прымаўку асацыююць з сельскай гаспадаркай, аднак не менш актыўна ў гэты час працуюць і меліяратары. Яны заўсёды былі і застаюцца надзейнымі партнёрамі аграрыяў, павышаючы эфектыўнасць выкарыстання зямельных і водных рэсурсаў, што ў сваю чаргу стварае спрыяльныя ўмовы для атрымання ўстойлівага ўраджаю.

 

У нашым раёне налічваецца больш за 28 тысяч гектараў меліяраваных земляў. Захаванне гэтых плошчаў у аптымальным стане – асноўная задача Шчучынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

 

 

– Сёлета ў нас даволі вялікі аб’ём запланаваных работ, – адзначае начальнік планавага і вытворчага аддзела Шчучынскага ПМС Вацлаў Лышчык. – Меліярацыйныя мерапрыемствы праводзяцца на плошчы больш за тысячу гектараў. На тэрыторыі раёна маем адзінаццаць аб’ектаў, на якіх праводзім культуртэхнічную меліярацыю. На чатырох аб’ектах праводзім рэканструкцыю. Зараз ідзе інвентарызацыя меліярацыйных сістэм раёна, у рамках якой мы сумесна з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі вызначым землі, якія будуць апрацоўвацца ў наступную пяцігодку.

 

 

Што тычыцца эканамічнага становішча Шчучынскага ПМС – яно стабільнае. За студзень – жнівень 2024 года чысты прыбытак прадпрыемства склаў 211 тысяч рублёў пры рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі 15%.
Паступова прадпрыемства абнаўляе свой парк тэхнікі. Так, сёлета былі куплены тры новыя трактары “МТЗ-82” і адзін грузавы “МАЗ”, таксама чакаецца пастаўка двух экскаватараў “Амкадор”.

 

 

Актыўна зараз працуюць меліяратары на полі каля вёскі Новыя Гернікі на тэрыторыі Васілішкаўскага сельсавета. Тут на плошчы каля 326 гектараў праводзіцца рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы. На полі гудуць экскаватары, бульдозеры і дрэнаўкладчыкі. Апошнія буйныя меліярацыйныя работы тут праводзіліся 20 гадоў таму.

 

– На гэтым аб’екце зараз задзейнічаны дваццаць чалавек, – расказвае майстар Шчучынскага ПМС Дзяніс Налевайка. – Праводзім аднаўленне каналаў меліярацыйнай сістэмы, што ў сваю чаргу прадугледжавае падчыстку каналаў і валку лесу. Таксама ўкладваем новыя дрэнажныя сістэмы. Пакуль работы на пачатковым этапе. Увядзенне аб’екта ў эксплуатацыю запланавана на красавік 2025 года, таму будзем яшчэ ўсю зіму тут працаваць.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!