Лавіся, рыбка, вялікая ды маленькая. Чым прыцягвае рыбакоў дэмбраўскае возера?

 

На пад’ездзе да Дэмбрава з боку трасы М6 падарожнікам адкрываюцца неверагоднай прыгажосці краявіды тутэйшага возера, якое акуратна размясцілася каля маляўнічага лесу. Аднак вабяць людзей гэтыя мясціны не толькі прыроднай прыгажосцю, але і багаццем рыбы. Пра гэта сведчаць людзі з вудамі, якія аблюбавалі бераг нават у будны дзень.

 

Вырашылі пацікавіцца ў рыбакоў, ці добра клюе. Адказ на гэтае пытанне не заставіў сябе чакаць. Толькі падыходзім да возера і адразу бачым, як мужчына завіхаецца каля берага, відаць, падчапіў вялікую рыбіну. Так і ёсць, праз некалькі хвілін наш рыбак не без дапамогі напарніка дастае з вады шасцікілаграмовага амура. Вырашылі пазнаёміцца са шчасліўчыкам, ім аказаўся Кірыл Байкоўскі з Гродна. Ён расказаў, чаму абраў для рыбалкі менавіта возера каля Дэмбрава:

 

 

– Тутэйшыя мясціны люблю за прыгажосць прыроды. Яшчэ важна, што тут створаны вельмі камфортныя ўмовы для рыбалкі: бераг роўны, ёсць уся неабходная для адпачынку інфраструктура. Радуе вялікая колькасць рыбы. Мой самы вялікі ўлоў на гэтым возеры – карп вагай 12,5 кілаграма, але ведаю, што гэта далёка не рэкорд вадаёма. Зусім нядаўна атрымалася вылавіць дзевяцікілаграмовага амура. У красавіку вынікам рыбалкі сталі 9 амураў, сярэдняя маса якіх складала пяць з паловай кілаграмаў. Вялікую рыбу, вядома, адпускаю, а сабе пакідаю меншых памераў. Стараюся выбірацца сюды раз на месяц, часта прыязджаем з сябрамі. Таксама люблю дзікую рыбалку, а на перыяд яе абмежавання ўпадабаў для сябе менавіта дэмбраўскае возера.

 

 

Возера каля Дэмбрава арандуе Сяргей Крышчык са Шчучына. Арандатар пачысціў возера, запусціў малькоў і буйную рыбу. Для зручнасці аматараў рыбалкі на беразе былі ўсталяваны лаўкі, а на пад’ездзе да вадаёма арганізавана аўтамабільная стаянка. Менавіта дзякуючы намаганням Сяргея Крышчыка гэтае месца сёння вядомае сярод рыбакоў не толькі нашага раёна, але і ўсёй вобласці.

 

Тут водзяцца ліні, акуні, карпы, амуры, таўсталобікі, ёсць крыху шчупакоў. Рыбалка каштуе 10 рублёў, па правілах, рыбу, большую за 4 кілаграмы, трэба адпускаць у возера. Калі нехта вылавіў карпа ці амура ад двух да чатырох кілаграмаў, то іх можна забраць, даплаціўшы 5 рублёў за кілаграм.

 

 

Ідэя арандаваць возера, са слоў Сяргея Крышчыка, прыйшла да яго невыпадкова:

 

– На гэтым возеры я яшчэ ў дзяцінстве рыбачыў. Бабуля і дзядуля жылі недалёка ад Дэмбрава – у Старой Спушы, хадзіў сюды праз лес. Увогуле ў мяне была мара вярнуцца сюды, зрабіць прыгожа і камфортна.
Як адзначае Сяргей, калісьці навакольныя землі разам з вадаёмам належалі княжацкаму роду Сапегаў. Пры іх возера дасягала сваіх найвялікшых памераў, працаваў млын. Каля берага знаходзіліся княжацкія ставы і нават было месца, дзе вырошчвалі карпаў. На жаль, напрыканцы 70-х гадоў гэтая спадчына была страчана. Але гісторыя рыбалоўства ў гэтых месцах налічвае ўжо не адно стагоддзе, а магчымасць злавіць карпа на былым княжацкім вадаёме толькі павялічвае каштоўнасць патэнцыйнага
трафея.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!