“Займацца любімай справай – гэта сапраўднае шчасце!” У гэтым глыбока пераканана таленавітая шчучынская вышывальшчыца Вольга Смірнова

 

Першае, што міжволі ўзгадваеш, пераступіўшы парог утульнай кватэры шчучынцаў Смірновых, дык гэта… Эрмітаж і Траццякоўку! Бо менавіта там можна бачыць некаторыя з карцін знакамітых мастакоў розных эпох і народаў, што, здаецца, нейкім цудам перабраліся на палотны гаспадыні дома Вольгі Мацвееўны. “Малюе” яна рэпрадукцыі не пэндзелем і фарбамі, а іголкай ды ніткамі! Такіх работ, развешаных у прыгожых рамках па ўсіх пакоях, дзясяткі, а яшчэ ж, аказваецца, і ў запасніках цэлыя рулоны захоўваюцца, чакаючы свайго зорнага часу.

 

– Ці думала я раней, што стану заўзятай вышывальшчыцай? Ды ні ў якім разе! – смяецца жанчына і ўспамінае сваё тыпічнае савецкае дзяцінства, калі трэба было адначасова паспець “у сто месцаў”, бо ты і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. А дакладней – і гуртковец, і цімуравец, і камсорг… Яшчэ больш віравала жыццё падчас студэнцкага юнацтва, потым – калі працавала, не на жарт займалася грамадскай работай, нават узначальвала партыйную арганізацыю Шчучынскага аўтапарка № 12, што даручалася самым аўтарытэтным і кампетэнтным.

 

Зрэшты, сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю Вольга Смірнова з гадамі ні на кропельку не разгубіла. На яе – завадную, ініцыятыўную, з багатым вопытам лідара і проста жыццёвай мудрасцю, заўжды могуць разлічваць у раённым савеце ветэранаў. Яна ў першых радах, калі арганізоўваюць крэатыўную акцыю або цікавае мерапрыемства, паездку па славутых мясцінах або прагулку па ваколіцах скандынаўскай хадой, аб’яўляюць старт чарговага сацыяльна значнага праекта. Усюды паспявае няўрымслівая Смірнова!

 

 

Што тычыцца рукадзелля, то на што толькі не здольны залатыя рукі Вольгі Мацвееўны!? У часы татальнага дэфіцыту ёй даводзілася шыць сваім дзецям адзенне і ўручную вырабляць прыгожыя дываны на крэслы, якія і сёння радуюць вока. Яна ўмее выдатна вязаць, рабіць выцінанкі, плесці прыгожыя рэчы з папяровай лазы, майстраваць дэкаратыўныя кветкі з фоамірана... Аднак, шчыра кажучы, самым вялікім захапленнем і сапраўднай любоўю нашай гераіні стала вышыўка.

 

– Я прыйшла да гэтага занятку не адразу, а ўжо ў досыць сталым узросце, – прызнаецца жанчына. – Калі нарэшце з’явіўся вольны час, магчымасць няспешна асэнсаваць і зразумець, да чаго найбольш цягнецца душа, я паспрабавала стварыць нешта падобнае, што рабіла адна з маіх таленавітых суседак.

 

 

“А ў цябе атрымліваецца!” – пахваліла тады Вольгу вопытная майстрыца, і нібы агеньчык запаліўся ў сэрцы. І вось ужо на працягу 15 год В.М. Смірнова ўдасканальвае сваё ўмельства, пашырае веды, без канца вучыцца і вучыць іншых. Вышытыя ёю іконы дэманстраваліся на выставе падчас фестывалю “Каложскі Благавест”, а работу “Спас нерукатворны” яна перадала ў дар шчучынскай царкве Богаяўлення.

 

– Запомнілася, як нідзе не магла купіць канву і на простым “вафельным” рушніку вышыла Мікалая Цудатворца. Паглядзіце, як атрымалася: дзе б вы ні стаялі, пранізлівы позірк святога накіраваны менавіта на вас! Нямала і іншых вышываных работ з гісторыяй, – расказвае і паказвае Вольга Мацвееўна.

 

 

Я з захапленнем углядваюся ў феномен вышываных карцін па матывах палотнаў вялікіх мастакоў: Леанардаўская “Джаконда”, Трапінінская “Кружаўніца”, Прыгожая шакаладніца” Ліатара… І ўсё гэта, дый многае іншае, увасоблена сціплым “крыжыкам” з дапамогай звычайных ніткі і іголкі! Цуд дый годзе!

 

– За кожным такім цудам стаіць вялікая праца, – удакладняе шчучынская майстрыца і паказвае мне свой вышывальны станок, мноства нітак мулінэ, акуратна раскладзеных па колерах і адценнях. – А вось гэтыя пяльцы з магнітамі літаральна ўчора мне прыйшлі па пошце, вельмі задаволена такой пакупкай.

 

 

– Дык, напэўна, Вы ўсю сваю пенсію траціце на любімае хобі. Нейкім чынам акупляецца гэты занятак? – не саромеюся удакладніць матэрыяльны аспект, бо ведаю, што Вольга – эканаміст па дыпломе.

 

– Сваіх работ я не прадаю. Для мяне яны, нібы дзеці. У кожную часцінка душы ўкладзена, – гаворыць жанчына. – І паверце, не ўсё вымяраецца грашыма. Займацца любімай справай – гэта сапраўднае шчасце.
Ледзь з’яўляецца вольная хвілінка, Вольга Мацвееўна хапаецца за вышыўку. Адну работу заканчвае – ужо другая задумка лунае. Прывыкла думаць і разлічваць на некалькі хадоў наперад, як у шахматах. Кажа, галава пры вышыўцы працуе на ўсе сто, матэматычныя здольнасці развіваюцца, а дробная маторыка на карысць усяму арганізму ідзе! Да таго ж за пяльцы ў дрэнным настроі наша гераіня ніколі не сядзе. Ці не таму ўсе яе работы пранікнуты святлом і радасцю? А ёсць жа цэлая серыя вышыванак-жартаў – з тонкім гумарам, з мілым падтэкстам! Бо сама майстрыца – вялікі жыццялюб і аптыміст.

 

В.М. Смірнова з задавальненнем удзельнічае ў міжнародных вышывальных фестывалях “Тэрыторыя натхнення”, што праходзяць у Мінску, наведвае пасяджэнні гродзенскага клуба вышывальшчыц “Мілая справа”, з’яўляецца актыўным членам аматарскага аб’яднання “Спадчына”, якое дзейнічае пры аддзеле рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва ў Шчучынскім РЦКіНТ.

 

 

– У мяне шырокі круг сяброў і абсалютна няма часу для журбы і сумных думак пра ўзроставыя рамкі. Я вельмі заняты чалавек, – гаворыць Мацвееўна. – Вось ужо другі год запар удзельнічаю ў інтэрнет-праекце расійскага блогера Яны Бебрэ і вырабляю эксклюзіўныя ёлачныя цацкі – канешне, вышываныя! Іх ужо больш за сотню, нямала і сувеніраў з нагоды і зімовых, і веснавых свят, магніцікаў-вышыванак. Здорава натхняе супольнасць аднадумцаў “Вышывальшчыцы Беларусі”, куды я таксама ўваходжу.

 

Першымі ацэньваюць творчыя работы нашай гераіні дачка Алеся, якая па маміныму прыкладзе таксама захапілася творчасцю, і муж Леанід Аркадзьевіч. Гэта ён, будучы вайскоўцам, прывёз калісь маладую жонку з Оршы ў наш ваенны гарадок. Так па волі лёсу Шчучын стаў для сям’і Смірновых родным горадам. Дарэчы, літаральна на наступным тыдні гэта дружная супружная пара адзначыць сваё лавандавае вяселле – 46 год сумеснага жыцця!

 

 

– Муж прайшоў Афганістан, і гэта назаўжды адбілася ў сэрцы, – прызнаецца Вольга Мацвееўна.

 

Тым не менш іх сын Руслан пайшоў па бацькоўскіх слядах. Ён – палкоўнік, служыў да нядаўняга часу ў галоўным фінансавым упраўленні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Прыязджаючы да бацькоў, першай справай цікавіцца, што новенькага з’явілася ў іх хатняй галерэі.

 

– Зараз працую над вышыўкай “Страсть корриды”, якая сімвалізуе для мяне сілу чалавечага духа, – пасвячае ў свае планы мая новая знаёмая. – Трэба абавязкова верыць у сябе, не замыкацца ў чатырох сценах, працаваць у радасць, займацца тым, што падабаецца, і тады жыццё ў любым узросце будзе цудоўным.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.


 

Уважаемые щучинцы!

 

1 октября в нашей стране отмечается День пожилых людей. Это дань уважения представителям старшего поколения, которые выстояли в тяжелых испытаниях, смогли передать нам право жить и трудиться под мирным небом Беларуси.

 

Вы – наша опора, кладезь опыта и знаний, носители лучших традиций, источник созидательной энергии и вдохновения. Ваши стойкость и отвага – яркий пример для подрастающих молодых людей нашего района. Многие из вас и сегодня активно занимаются общественной деятельностью, делают все для того, чтобы воспитать у юных щучинцев чувство патриотизма и любви к Родине.

 

Примите искренние слова благодарности за годы плодотворного неустанного труда на благо Щучинского района, умение достойно жить и трудиться. Низкий поклон вам за активную гражданскую позицию.
Желаем всем вам крепкого здоровья, бодрости и долгих лет жизни. Пусть мир и благополучие всегда царят в ваших домах. Пусть радуют вас вниманием, заботой и своими успехами родные и близкие люди!

 

Щучинский районный исполнительный комитет.
Президиум Щучинского районного Совета депутатов.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!