Гэта наша – “Роднае”, або Чаму майстар Кацярына Сямашка лічыць сваю кераміку … жывой

 

Напэўна, нямногія ведаюць пра існаванне ў Шчучыне творчай майстэрні “RОDNАЕ сеrаmісs”. А значыць, варта як мага хутчэй запоўніць гэты інфармацыйны прабел і пазнаёміць чытачоў “Дзянніцы” з нашай чароўнай зямлячкай – керамістам Кацярынай Сямашка, расказаць пра яе ўнікальныя аўтарскія работы, у якія мастачка ўкладвае ўсю цеплыню сваёй душы, даведацца, што дапамагае маладой жанчыне ўвасабляць у жыццё самыя крылатыя мары, паспяхова спалучаць творчую самарэалізацыю, любімую справу і бізнес.

 

Дарэчы, адна са спецыяльнасцей, якую ў свой час атрымала шчучынка Кацярына Сямашка на гістарычным факультэце сталічнага Белдзяржуніверсітэта, -- мастацтвазнаўца. Выпускніцу прэстыжнага ВНУ запрашалі застацца ў Мінску, прапаноўвалі цікавыя вакансіі ў музеях, але дзяўчыну заўжды цягнула ў родныя мясціны і яна накіравалася ў Гродна.

 

-- З удзячнасцю ўзгадваю сваю працу ў Гро­дзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным  музеі, калі ў сценах Старога і Новага замкаў даводзілася арганізоўваць выставы. Падчас афармлення адной з экспазіцый і адчула незвычайную магію керамікі. Ці думала тады, што сур’ёзна звяжу сваё жыццё з гэтым напрамкам мастацтва, які спалучае ў сабе і скульптуру, і жывапіс, і графіку… Гэтым я зараз жыву, -- прызнаецца Кацярына Іванаўна.

 

 

Лёс распарадзіўся так, што наша гераіня вярнулася да сваіх вытокаў у родны Шчучын, выйшла замуж, пэўны час працавала ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе, між іншым, рэалізавала яшчэ адну сваю мару – выйсці на сцэну як вакалістка. Атрымалася! Прыгожы аксамітны голас спявачкі пранікае ў самае сэрца слухачоў.

 

Кацярына Сямашка – мама дваіх сыноў, пры ўсёй актыўнасці сваёй натуры разумее, наколькі важна ўдзяляць увагу сям’і і выхаванню дзяцей. Яшчэ будучы ў дэкрэце, асвоіла азы керамічнай творчасці, а затым і рызыкнула адкрыць уласную справу: зарэгістравалася як рамеснік. На працягу трох апошніх гадоў аўтарская кераміка стала асноўным яе заняткам. Не трэба думаць, што гэта лёгкі хлеб. Справа патрабуе істотных фінансавых укладанняў і вялікай працы – фізічнай, духоўнай, пастаяннага творчага пошуку і свайго стылю. За гэты час пяшчотныя рукі майстрыцы ператварылі ў прыгожыя эксклюзіўныя вырабы не адну тону гліны!

 

 

-- Літаральна ўсё раблю ўручную. Пераканана, камячок гліны, які трымаю ў далонях, -- ён жывы, пявучы, здольны расказаць чалавеку нейкую гісторыю. Загартаваны ў агні, ён напаўняе дом цеплынёй і ўтульнасцю, – без усялякага пафасу разважае мая гераіня. – А кожны вобраз, які ствараю спачатку ў думках, затым у эскізах і, нарэшце, у прыродным матэрыяле, -- са сваім характарам, настроем, душой і сэнсам. Ён распавядае пра любоў да роднай зямлі, нашых каранях і бацькаўшчыне, ён падштурхоўвае зазірнуць глыбока-глыбока ў сябе, запаволіць час і адчуць асалоду моманту…

 

 

І гэта сапраўды так! Я любуюся прыгожымі распіснымі талеркамі на стэлажах майстэрні, дзівоснымі кубачкамі, што аздоблены суніцамі, нібыта толькі сабранымі з родных узлескаў, або яблычкамі з бабулінага саду, я адчуваю водар зёлак з прыгожага глінянага заварнічка, углядваюся ў пано, дзе знакі-сімвалы нашай спадчыны аберагаюць ад ўсяго ліхога… Тут цэлы сусвет! Дарэчы, у Інстаграм Каця цікава распавядае не толькі пра керамічнае мастацтва і свой шлях да яго, але і пра беларускія сімвалы, вобразы роднага краю, народныя традыцыі.  Гэта чуйна адгукаецца ў сэрцах людзей.

 

На дзіва прыцягальная разнавіднасць керамікі, якую стварае шчучынская майстрыца, носіць мілагучную назву майоліка. Старанна вылепленыя з гліны вырабы адпраўляюцца ў муфельную печ – суткі абпальваюцца, зноў жа ўручную пакрываюцца глазурай, а распісваць іх мастачка бярэцца па сырой эмалі… Усё сама, усё – з нуля. Гэта надзвычай складаная і карпатлівая работа, што доўжыцца ні адзін дзень, а іншы раз тыдні, і патрабуе каласальнай вытрымкі, засяроджанасці, ведаў у самых розных сферах (у тым ліку і хіміі!) і, безумоўна, натхнення. Ад мініяцюрных форм Кацярына пераходзіць да больш маштабных. Напрыклад, нядаўна вырабіла кафейны столік, а ўвогуле сярод яе работ, апрача посуду, – вазы, люстэркі, свяцільнікі і нават гадзіннік. Усё, як правіла, па народных матывах, адным словам – роднае. Таму гэта цёплае, душэўнае слова і дало назву мастацкай майстэрні Кацярыны Сямашка.

 

 

Работы шчучынскай керамісткі знаходзяць прыхільнікаў па ўсім свеце. Майстрыца адсылала сваю рукатворную прыгажосць, беражліва ахутваючы кожную рэч мохам ці папараццю, суправаджаючы добрымі, шчырымі пажаданнямі, у самыя розныя краіны – Расію, Італію, Іспанію, Англію, Амерыку, не кажучы ўжо пра родную Беларусь. Як відаць, у эпоху масавай вытворчасці індывідуальнае майстэрства не губляе сваёй каштоўнасці, а наадварот – набывае ўсё больш знатакоў сярод тых, хто цэніць унікальнасць, штучнасць, непаўторнасць.

 

 

Вялікі поспех мела экспазіцыя нашай мастачкі на нядаўнім Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, а па выніках выстаўкі майстроў народнай творчасці і мастакоў “Таленты шчучынскай зямлі”, што праходзіла ў Гродне, К.І. Сямашка прывезла Падзячны ліст. Зараз Кацярына Іванаўна рыхтуецца да ўдзелу ў чарговай выставе “Чароўны млын”, што збірае ў Мінску лепшых беларускіх дызайнераў і мастакоў.

 

-- Ва ўсіх маіх пачынаннях адчуваю падтрымку і разуменне мужа. Дзяніс – прадпрымальнік, але пры гэтым таксама вельмі творчы чалавек. Ён верыць у мяне, а гэта акрыляе, -- прызнаецца мая суразмоўца. -- Без падтрымкі блізкіх увогуле немагчыма паспяхова весці такую складаную справу, за якую ўзялася я, бо патрабуе яна поўнай самааддачы. Радуе, што сыны растуць самастойнымі, канечне ж, таксама ўжо спрабавалі сябе ў ролі керамістаў. Старэйшы – Марк – стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Калядная зорка”, прадставіўшы калекцыю керамічных ёлачных цацак. Так што ёсць каму перадаваць эстафету.

 

 

Па ўсім відаць, што ў мастацкай майстэрні “RОDNАЕ сеrаmісs” вялікае будучае. Кацярына Сямашка па-сутнасці стаіць толькі напачатку свайго творчага шляху. У яе багата крэатыўных планаў і ідэй на будучае, існуе свая ўзважаная стратэгія развіцця, жаданне самаўдасканальвацца, працаваць і ствараць самабытную прыгажосць – сваю родную, жывую, непаўторную… Пажадаем ёй, каб усё спраўдзілася.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!