Дыялог з дрэвам. Даведаліся, адкуль бярэ свае вытокі творчасць шчучынскага разьбяра Сяргея Сасноўскага
З дрэвам любой пароды ўмее дамовіцца адмысловы разьбяр і мастак Сяргей Сасноўскі. Яго дэкаратыўныя пано, выкананыя ў тэхніцы рэльефнай мастацкай разьбы, прыгожая мэбля з аўтарскай інкрустацыяй, арыгінальныя драўляныя сувеніры разляцеліся па ўсім свеце – ад Расіі да Польшчы і Чэхіі, не кажучы ўжо пра родную Беларусь.
Дарэчы, калі да нас у раён прыязджалі з візітам ганаровыя госці, то па традыцыі ім таксама не раз уручалі на добрую памяць штосьці з рукатворных шэдэўраў шчучынскага майстра. Мы сустрэліся з Сяргеем Іванавічам у фальклорна-этнаграфічнай студыі “Вытокі”, што знаходзіцца па вуліцы Авіятараў у райцэнтры. Здаецца, тут прыцішыўся імклівы бег часу, і з нейкай настальгічнай асалодай успамінаецца пачатак творчага шляху.
Як гартаваўся мастак
Вытрымаўшы ў 1977 годзе конкурс (11 чалавек на месца!), хлопец з Гомельшчыны быў шчаслівы тым, што паступіў у Бабруйскае мастацкае вучылішча – на той час адно з лепшых у Савецкім Саюзе. За чатыры гады стараннай вучобы Сяргей меў магчымасць паспрабаваць сябе ў самых розных напрамках мастацтва – кераміцы, роспісе, чаканцы, нават саломапляценні, але ні што так не лягло на душу, як разьба па дрэве. Пры гэтым майстар перакананы: кожны разьбяр проста абавязаны быць добрым сталяром, пажадана – дызайнерам, важна мець матэматычныя здольнасці і беспамылкова зрабіць разлікі, каб матэрыялізаваць свае ідэі і крылаты ўзлёт фантазіі.
Вось ужо амаль паўстагоддзя Сяргей Іванавіч удасканальвае гэтыя навыкі, маючы справу з такім дзівосным матэрыялам, як дрэва. Працуючы з ім, мае непарыўную сувязь з прыродай, якую вельмі любіць і тонка адчувае.
– Цікава, як выглядалі вашы самыя першыя вырабы? – пытаю ў майстра, любуючыся развешанымі ў студыі цудоўнымі работамі, дзе набылі рэальныя абрысы героі Пушкінскага Лукамор’я, нібы ажылі гарэзлівыя калядоўшчыкі з беларускай глыбінкі, нечакана і па-новаму ў функцыянальных рэчах загаварыў сімваламі герб Шчучына…
– Самае першае, што мы навучэнцамі рабілі ў мастацкім вучылішчы, – гэта ўласныя… інструменты, – здзіўляе мой суразмоўца. – Цяпер усё можна купіць, а тады старанна выраблялі для сябе рубанкі, стамескі, сцізорыкі, нават пілы. Верай і праўдай яны служылі доўга, паслухмянымі, прыручанымі былі. Ужо маючы надзейны інструмент, мы прыступалі да выканання самых розных заданняў. Напрыклад, рабілі пано з выявай Леніна. Між іншым, гэта было нескладана: правадыр да таго часу набыў для мастакоў абрысы клішэ. А вось дарагога Леаніда Ільіча Брэжнева з яго неймавернай колькасцю ордэнаў выразаць з маронага дуба задачка яшчэ тая! Але справіўся. З тых часоў магу працаваць з любым відам драўніны, але ж усім вядома: самы раскошны і падатлівы экаматэрыял – гэта ліпа!
Вучылішча дало Сяргею Сасноўскаму не толькі трывалыя веды і добрыя практычныя навыкі, але і падарыла лёсавызначальную сустрэчу. З аднакурсніцай-мастачкай Наташай яны пабраліся ў 19 год. Сям’я ў іх атрымалася моцная і дружная.
Дарэчы, Сяргей Іванавіч не забывае і жывапіс, адлюстроўваючы на сваіх палотнах прыгожыя краявіды, піша партрэты і нацюрморты. А самае галоўнае – перадае сваё майстэрства падрастаючаму пакаленню.
Урокі майстэрства і ўрокі жыцця
Ужо на працягу васьмі гадоў С.І. Сасноўскі працуе педагогам дадатковай адукацыі Палаца творчасці дзяцей і моладзі – праводзіць заняткі ў той самай фальклорна-этнаграфічнай студыі “Вытокі”. Зараз у яго 30 вучняў, з якімі майстар, канешне, займаецца індывідуальна, бо адносіны да тэхнікі бяспекі тут самыя сур’ёзныя. Дый навучыць можна чамусьці толькі тады, калі пачаткоўцу ўдзяляеш увагу персанальна, паказваеш, тлумачыш, папярэджваеш ад магчымых памылак. Заўважаю на стале дошчачкі, на якіх выразана лісце, элементы арнамента… Аказваецца, гэта своеасаблівы чарнавік, толькі не ў сшытку, а на дрэве. Так навічкі спазнаюць азы рамяства. Перш чым узяцца за самастойны выраб, неабходна асвоіць мноства элементаў і складальнікаў разьбярскай навукі.
Між іншым, не толькі сваё ўмельства імкнецца перадаць выхаванцам Сяргей Іванавіч, але і жыццёвы вопыт.
– Часта задумваюся над тым, як гэта важна, каб нашы дзеці і ўнукі ведалі гісторыю сваёй Бацькаўшчыны, свайго роду, – кажа педагог. – Я сам пранёс па жыцці хвалюючы аповед свайго бацькі пра наш Шэрахаў, што ў Чачэрскім раёне. У 1942 годзе пасля адной з паспяховых партызанскіх аперацый у вёску ўварваліся раз’юшаныя немцы. Па ўсіх хатах яны забіралі мужчын – ад малога да старога. Схапілі і майго тату, што тады меў усяго 12 гадочкаў, і дзядулю-інваліда, якому на працы адарвала руку, і ўсіх іншых вяскоўцаў.
Пагналі іх у бок могілак. Услед беглі і галасілі жанчыны, прасілі-малілі карнікаў адпусціць ні ў чым непавінных людзей. Адна кабета дзёрзка выхапіла з натоўпу хлапчука (а гэта і быў Ваня Сасноўскі), немец наставіў на іх дула аўтамата, але… не выстраліў. Так цудам выжыў мой тата, бо ўсіх астатніх фашысты бязлітасна расстралялі прама на могілках. А не ўратаваўся б тады ён – не было б сёння і мяне… Я расказваю гэты рэальны выпадак сваім выхаванцам, каб запомнілі праўду аб вайне і перадалі яе сваім дзецям, каб зразумелі, наколькі ваенная трагедыя была рэальнай і тычылася літаральна кожнай беларускай сям’і. Упэўнены, у кожным доме ёсць свая гісторыя, якую нельга забыць.
Развагі педагога ўважліва слухалі хлапчукі, што прыйшлі на заняткі. Захара Носіка Сяргей Іванавіч характарызуе як самага дысцыплінаванага вучня, робяць першыя, але ўпэўненыя крокі ў разьбярскай справе браты Ілья і Артур Троніны, марыць аб прафесіі мастака таленавітая дзяўчына Арына Асанава…
– Наша студыя “Вытокі” многім дала пуцёўку ў творчае жыццё, навучыла неабходным у жыцці навыкам. Да таго ж мы паспяхова ўдзельнічаем у творчых конкурсах рознага кшталту, што дае стымул для росту, – гаворыць С.І. Сасноўскі. – Вось і зараз адправілі новую гравюру на традыцыйны творчы конкурс “Калядная зорка”, дзе ўжо выходзілі ў пераможцы. Але і зараз разлічваем на высокую адзнаку, бо калектыўная работа на тэму дзяцінства атрымалася вельмі цікавай і хвалюючай.
Талент у спадчыну
Як аказалася, жонка С.І. Сасноўскага – Наталля Паўлаўна – таксама доўгі час працавала ў фальклорна-этнаграфічнай студыі “Вытокі” ПТДіМ. Цяпер яна на заслужаным адпачынку, аднак любімую справу не забывае. Муж падтрымлівае сваю мастачку і чым можа – дапамагае. Змайстраваць падрамнік, нацягнуць палатно, выказаць захапленне, калі пад пэндзлем ажывае акварэль – гэта так уласціва для Сяргея Іванавіча.
Сасноўскія выхавалі дваіх дзяцей, якім перадаліся ў спадчыну таленты і мастацкі погляд на рэчаіснасць. Сын Аляксандр – творчая натура, нядрэнна малюе, але па-сапраўднаму, да глыбіні душы, яго захапляе музыка. Дарэчы, ён адзін з удзельнікаў вядомага мінскага гурта “Агонь аркестр”.
Дачка Вольга – таксама мастачка, пайшла цалкам па слядах бацькоў і закончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча. Зараз жыве і працуе ў Гомелі.
– Вельмі здольныя ў нас і ўнучкі, – з цеплынёй у голасе дзеліцца Сяргей Іванавіч. – Калі маленькая Тэона яшчэ першакласніца і робіць першыя спробы ў творчасці, то старэйшая – Аліса – цудоўна малюе, разбіраецца ў камп’ютарным дызайне і ўжо працуе ў ІТ-кампаніі.
Калі разуменне ў сям’і, дзе ўсе на адной крэатыўнай хвалі, то і лад на душы ў мастака. У Сяргея Іванавіча нямала планаў на будучае. У запасніках беражліва захоўваюцца шматгадовыя нарыхтоўкі ліпы і вольхі, а значыць, будуць радаваць людзей новыя мастацкія вырабы разьбяра і ягоных вучняў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.