Прафілактыка на вадзе. У Шчучынскім раёне прайшоў міжведамасны рэйд па месцах, забароненых для купання

 

Сонечнае надвор'е і летняя спёка ўжо трывала ўсталяваліся ў нашым раёне, а таму і купальны сезон у самым разгары. Пляжны адпачынак заўсёды быў папулярны, аднак трэба памятаць, што водная стыхія – гэта не толькі забава, але і каварная прычына гібелі людзей. З мэтай прафілактыкі надзвычайных сітуацый на вадзе супрацоўнікі Шчучынскага раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённай арганізацыі ТВВАД і Шчучынскага райвыканкама правялі сумесны рэйд па вадаёмах раёна.

 

 

Каб летні адпачынак не абярнуўся трагедыяй, трэба ведаць правілы бяспекі, галоўнае з іх – купанне ў дазволеных месцах. Дарэчы, сёлета купанне ў Шчучынскім раёне дазволена толькі ў адным месцы – на гарадскім возеры ў Шчучыне. Вада тут прайшла ўсе неабходныя праверкі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а дно было даследавана і ачышчана ад шкла, карчоў і смецця камандай вадалазаў. Усе іншыя вадаёмы раёна такую праверку не праходзілі, а значыць адпачынак у такіх месцах можа быць небяспечным для жыцця і здароўя.

 

 

Пра рызыкі, якія ў сабе хавае дно не абследаваных вадаёмаў, нам расказаў старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ТВВАД Валерый Шаг:

 

 

– Падчас сённяшняга рэйда мы сустрэлі на адным з вадаёмаў хлопчыка, які падчас купання атрымаў лёгкі парэз нагі. Сказаў, што аб ракушку, але, ўлічваючы той факт, што дно не абследавана, там магло быць усё што заўгодна: ад разбітай бутэлькі да трупаў жывёл. Вялікую небяспеку для чалавека нясе заіленае дно, якое можа засмактаць ногі, таксама не трэба забываць пра ямы і віры.

 

Як паказаў рэйд, не ўсе жыхары і госці Шчучыншчыны прытрымліваюцца правілаў бяспекі. Так, вялікая колькасць дарослых і дзяцей была заўважана на вадаёмах, не абсталяваных для купання. З імі былі праведзены прафілактычная гутарка і інструктаж па тэхніцы бяспекі падчас плавання. Акрамя таго, грамадзянам нагадалі, што купанне ва неўстаноўленых месцах з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем і можа карацца штрафам у памеры да 3 базавых велічынь.

 

 

Падчас прафілактычных гутарак удзельнікі рэйду надалі асобную ўвагу пытанню недапушчальнасці купання ў стане алкагольнага ап’янення.

 

Усяго падчас праверкі рэйдавая група наведала пяць месцаў адпачынку каля вады. Падобныя прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца ў нашым раёне круглагадова. Тэма бяспекі на вадзе рэгулярна закранаецца на адзіных днях інфармавання і разнастайных сходах у школах, арганізацыях і на прадпрыемствах Шчучыншчыны. Памятайце, вада не даруе памылак. Таму, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, прытрымлівайцеся правілаў бяспекі.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!