Міні-футбольны трылер. У Шчучыне прайшоў матч 1/16 Кубка Беларусі
У суботу, 5 кастрычніка, у Шчучыне праходзіў матч 1/16 Кубка Беларусі па міні-футболе. Наша каманда МФК “Шчучын” прымала брэсцкі “Меркурый-ДМК”.
Яшчэ да пачатку матча было зразумела, што ў Шчучын едзе сур’ёзны сапернік. “Меркурый-ДМК” у мінулым сезоне стаў пераможцам чэмпіянату Беларусі па міні-футболе сярод каманд першай лігі. Калектыў з Брэста мае вялікі досвед удзелу ў спаборніцтвах розных узроўняў, таму на лёгкі матч ніхто з нашай каманды не разлічваў.
У першым тайме нягледзячы на інтэнсіўны прэсінг гасцей з Брэста, шчучынцы добра абараняліся і эфектыўна выкарыстоўвалі свае падыходы да варот саперніка. На 6 хвіліне, пасля розыгрышу штрафнога ўдара, за нашу каманду адзначыўся Сяргей Клімец, такім чынам МФК “Шчучын” адкрыў лік галам у гэтым матчы. Пасля забітага мяча шчучынцы на некаторы час перахапілі ініцыятыву ў матчы, аднак гульцы “Меркурыя-ДМК” не збіраліся так проста здаваць сваіх пазіцый і хутка пайшлі ў наступ. На 16 хвіліне матча госці ўсе ж змаглі забіць гол у нашы вароты. На вялікі жаль, праз хвіліну яны паўтарылі свой поспех.
У другім тайме “Меркурый-ДМК” працягнуў ціснуць на вароты шчучынцаў. Некалькі небяспечных атак правялі і нашы землякі. На 31 хвіліне гол забілі госці. Непрыемная сітуацыя склалася для шчучынцаў: за 9 хвілін да канца асноўнага гульнявога часу наша каманда саступала саперніку з лікам 1:3. Чым бліжэй падыходзіў канец матча, тым больш атакавалі гульцы МФК “Шчучын”. Спачатку Аляксей Свістоў скараціў адставанне нашай каманды да аднаго мяча, а пасля Аляксандр Кірылаў трапным ударам зраўняў лік на табло.
Гэта надало ўпэўненасці нашым хлопцам і яны рашуча пайшлі ў атаку -- высока прэсінгавалі і некалькі разоў здавалася што вось-вось і мяч заляціць у вароты гасцей. Але спорт ёсць спорт, не забіваеш ты – забіваюць табе. На апошняй 39 хвіліне сустрэчы шчучынцы шосты раз за тайм парушылі правілы і “Меркурый-ДМК” атрымаў права на штрафны дзесяціметровы ўдар, які прывёў да чацвёртага гала ў нашы вароты. За хвіліну да канца матча лік на табло быў 3:4 на карысць брэстчан, таму шчучынцамі было вырашана выпусціць пятага палявога гульца замест варатара. Наша каманда ўсімі сіламі ішла ў атаку, аднак кожны ўдар у вароты “Меркурыя-ДМК” блакаваўся сапернікам. Але за 20 секунд да канца тайма ў шэрагах брэсцкай каманды адбылося непаразуменне: абаронца гасцей хацеў аддаць пас на свайго варатара і не гледзячы пакаціў мяч у бок сваіх варот, якія ў той момант былі пустыя. Вынікам гэтага дзеяння стаў аўтагол, які зраўняў лік на табло (4:4).
Лёс матча вырашаўся ў двух дадатковых троххвілінных таймах, у якіх госці змаглі забіць пяты гол, які і вырашыў вынік гэтай сустрэчы. Нягледзячы на паразу, шчучынскія футбалісты падчас гэтай сустрэчы паказалі характар і парадавалі балельшчыкаў цікавым матчам.
Вынік сустрэчы пракаментаваў трэнер МФК “Шчучын” Дзмітрый Кірылаў:
– На мой погляд каманды былі роўныя. Перамогу сапернік атрымаў, напэўна, за кошт досведу. Усё-такі ў нас больш маладая каманда, таму зрабілі некалькі памылак, напрыклад, штрафны дзесяціметровы. Магчыма, нам не хапіла часу на паўнавартасную падрыхтоўку. Аднак гульнёй нашай каманды я задаволены цалкам, хлопцы малайцы. Але сёння ўдача была на баку саперніка.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.