Упэўнены пачатак сезона. Шчучынцы перамаглі слонімскі “Фарсаж” у першым туры чэмпіянату вобласці па міні-футболе
На гэтых выхадных у спарткомплексе па вуліцы Авіятараў было людна і гучна, а ўсё таму, што МФК “ФСК Шчучын” распачаў свой шлях у чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па міні-футболе сезона 2023/2024.
Першым сапернікам нашай каманды стаў моцны слонімскі калектыў “Фарсаж”. У мінулым сезоне гэтая дружына была пераможцай турніру, а “Шчучын” заняў трэцяе месца. Таму яшчэ да пачатку гульні было зразумела, што заўзятараў чакае цікавая гульня з вялікай колькасцю галявых момантаў.
Пачатак гульні, безумоўна, застаўся за слонімцамі. Госці больш атакавалі, умела прэсінгавалі і асабліва не давалі “Шчучыну” прасторы для дзеяння. Першы ўдар у створ ад футбалістаў нашай каманды быў толькі на чацвёртай хвіліне матча, у той час як “Фарсаж” “расстрэльваў” вароты саперніка з першых секунд. Вядома, што ўпэўненыя дзеянні гасцей у атацы не маглі застацца безвыніковымі. На 5-й хвіліне слонімцы адкрылі лік у матчы і не збаўлялі тэмпаў. Шчучынцам заставалася толькі абараняцца і раз-пораз выходзіць у контратакі. На 22-й хвіліне слонімцы падвоілі сваю перавагу, зрабіўшы лік на табло 0:2. Пасля другога прапушчанага гола гульня паступова выраўнялася, і ўжо “Шчучын” пачаў авалодваць ініцыятывай. Спачатку на 27-й хвіліне першы гол гаспадароў у матчы аформіў Аляксандр Кірылаў, а праз некалькі хвілін Аляксей Сістоў зраўняў лік у матчы, адправіўшы мяч у сетку варот гасцей (2:2). Да канца тайма каманды яшчэ абмяняліся небяспечнымі момантамі і сышлі на перапынак з нічыйным вынікам.
У другім тайме шчучынцы захавалі высокі тэмп гульні, навязаны гасцям у канцы першай паловы сустрэчы. А слонімская каманда відавочна “падсела” і ўжо не паспявала за хуткасцямі гаспадароў. Вынікам стаў гол шчучынца Сяргея Краявога на 42-й хвіліне. Праз некалькі хвілін поспех аднаклубніка падмацаваў Аляксей Піліпчык, які таксама забіў, зрабіўшы лік 4:2 на карысць гаспадароў. Пасля такога перавароту ў гульні шчучынцы і не думалі спыняцца, ідучы ў атаку за атакай. Пяты мяч у вароты слонімцаў на 49-й хвіліне забіў Арцём Байгот. Пасля такога звышвыніковага адрэзка шчучынцы крыху расслабіліся, за што праз хвіліну атрымалі гол у адказ (5:3). Больш гаспадары канцэнтрацыі не гублялі і да канца сустрэчы забілі двойчы, галамі адзначыліся Аляксандр Кірылаў і Сяргей Клімец.
Такім чынам, з разгромным лікам 7:3 МФК “ФСК Шчучын” перамог слонімскі “Фарсаж” у першым туры чэмпіянату і падмацаваў свае лідарскія амбіцыі на гэты сезон.
Вынікі гульні і кадравыя змены ў камандзе пракаментаваў галоўны трэнер МФК “ФСК Шчучын” Дзмітрый Кірылаў:
– “Фарсаж” заўсёды быў моцнай камандай, з імі было складана гуляць і сёння. Тым больш, што гэта была першая гульня сезона, таму нашы гульцы яшчэ не да канца былі згуляныя, трэба яшчэ набіраць форму. Аднак другі тайм сустрэчы паказаў, што мы былі больш падрыхтаванымі ў фізічным плане, што і дазволіла з такім лікам перамагчы саперніка. Пад канец гульні таксама атрымалася даць час нашым навічкам. У гэтым сезоне за нас гуляюць як юныя выхаванцы шчучынскага футбола, так і два легіянеры з Нігерыі і Рэспублікі Конга. Будзем старацца паступова падцягваць нашых навічкоў да ўзроўню асноўнай каманды.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.