Шчучынскія футбалісткі сталі чэмпіёнамі абласной спартакіяды школьнікаў
На гэтым тыдні завяршыліся фінальныя спаборніцтвы абласной спартакіяды школьнікаў па футболе сярод дзяўчынак 2008 – 2010 гадоў нараджэння. Зборная нашага раёна паказала добрую гульню і перамагла ўсіх сваіх сапернікаў, заваяваўшы трафей.
На групавым этапе шчучынкі ўпэўнена перайгралі спартсменак з Лідскага і Навагрудскага раёнаў з лікам 5:0 і 3:0 адпаведна. На паўфінальнай стадыі не без цяжкасцяў наша зборная ўзяла верх над камандай з Дзятлава. Была здабыта перамога з лікам 2:1.
У фінале сапернікам нашых дзяўчынак стала моцная дружына з Гродзенскага раёна. Матч выдаўся напружаным. Асноўны час гульні завяршыўся з лікам 1:1, таму чэмпіёна прыйшлося вызначаць у пасляматчавай серыі пенальці, дзе верх узяла зборная нашага раёна. Віншуем з перамогай!
Трэба адзначыць, што шчучынская зборная складалася з вучаніц гарадскіх і сельскіх школ. Як адзначыў галоўны трэнер каманды Андрэй Давыдаў, наша зборная з самага пачатку турніру лічылася адным з фаварытаў, бо некаторыя з юных спартсменак ужо мелі досвед гульні на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Перамога на абласной спартакіядзе ў чарговы раз паказала, што нашы футбалісткі найлепшыя.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.