Незабыўнае падарожжа: астрынскія школьнікі наведалі нацыянальны парк “Белавежская пушча” і памесце Дзеда Мароза

Напярэдадні навагодніх святаў у рамках акцыі “Нашы дзеці” Беларускі дзіцячы фонд здзейсніў даўнюю мару 24 прыёмных дзетак, якія вучацца ў Астрынскай сярэдняй школе: яны наведалі нацыянальны парк “Белавежская пушча” і памесце Дзеда Мароза.

Чатыры гадзіны ў дарозе -- і вось яна, пушча, перад намі. Адзін са старэйшых помнікаў прыроды ў свеце, сапраўднае цуда, занесенае ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Па колькасці відаў раслін і жывёл нацыянальны парк не мае сабе роўных у Еўропе. Сярэдні ўзрост лясоў – больш за 100 гадоў. У пушчы знаходзіцца самая вялікая ў свеце папуляцыя зуброў. Падчас экскурсіі па парку рабяты пазнаёміліся з унікальнай прыродай гэтага старажытнага ляснога масіву, надыхаліся свежым паветрам.

 

Шмат уражанняў рабяты атрымалі і ад наведвання музея прыроды. Ён адзін з самых папулярных на Брэстчыне. У трох асноўных тэматычных пакоях сабрана больш за тысячу экспанатаў. Дзеці ўбачылі капытных жывёл, драпежнікаў, пабывалі ў царстве птушак, якіх у пушчы налічваецца каля 250 відаў.
Ажыўшай казкай Белавежскай пушчы з’яўляецца памесце беларускага Дзеда Мароза. Гэта сапраўды чароўнае месца прыцягвае да сябе не толькі школьнікаў, але і людзей старэйшага ўзросту. Тут нас сустрэлі два рыцары: Дуб-Дубовіч і Вяз-Вязовіч. Кожны наведвальнік атрымаў падарунак ад самога Дзеда Мароза і Снягуркі. На некалькі хвілін дзіцячыя галасы сціхаюць – гэта ўсе пабеглі дакрануцца да чароўнага млына, які перамолвае ўсе дрэнныя ўчынкі ў пыл і пясок. Многія аб’екты памесця – Дом Снягуркі, паляна Дванаццаці Месяцаў, жывая навагодняя ёлка, алея Усходняга Календара – маюць свае легенды, гісторыі, павер’і.

Удзельнікі экскурсіі маглі загадаць самыя патаемныя жаданні, папрасіць Дзеда Мароза дапамагчы ў іх выкананні. Напэўна, у кожнага дзіцяці было сваё жаданне. Але хочацца верыць, што кожны прасіў яшчэ і міру, ладу, дабрабыту для ўсіх людзей.
Алена ДЗІКЕВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА “Астрынская СШ імя А.С. Пашкевіч (Цёткі)”.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!