"Самастойна пачаў выпісваць нашу раёнку з 1980 года, калі карэспандэнт-пачатковец напісала пра мяне замалёўку пад назвай "Шчасце Віктара Ваўчка"

– Дакладна памятаю, што самастойна пачаў выпісваць нашу раёнку з 1980 года, калі карэспандэнт-пачатковец прыйшла да нас на завод і напісала пра мяне, тады маладога токара і камсамольскага актывіста, вельмі цёплую замалёўку пад назвай “Шчасце Віктара Ваўчка”. Чаму шчасце? Бо якраз тады знайшоў сваю “шчаслівую палавінку” і мы з Ірынай рыхтаваліся да вяселля, на рабоце таксама ўсё ладзілася, з’явіліся перспектывы – завочна паступіў вучыцца ў Беларускі політэхнічны інстытут, – узгадвае намеснік начальніка тэхнічнага аддзела Віктар Яўгенавіч Ваўчок.

 

 Гэтага чалавека на “Аўтапровадзе” ўсе ведаюць і паважаюць. Віктар Яўгенавіч Ваўчок з сям’і завадчан: мама доўгі час працавала ў аддзеле кадраў, бацька быў выдатным лудзільшчыкам. Пасля заканчэння СШ №2 г. Шчучына Віктар упэўнена пераступіў парог заводскай прахадной у ролі вучня слесара з тым, каб на выдатна асвоіць рабочую спецыяльнасць, удумліва спасцігаць вытворчасць, што называецца, знізу і абавязкова расці, развівацца, самаўдасканальвацца.

 

 Пасля армейскай службы ён зноў вярнуўся працаваць на завод, а калі малады чалавек закончыў “політэх” і атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі, яго назначылі на пасаду інжынера-тэхнолага цэха мантажных правадоў. Набыўшы багаты прафесійны вопыт, В.Я. Ваўчок з 2004-га па 2017 год узначальваў тэхнічны аддзел, быў, дый з’яўляецца зараз, настаўнікам для многіх маладых спецыялістаў.

 

– Завод – гэта маё жыццё, – прызнаецца Віктар Яўгенавіч. – Так, паступалі ўсялякага роду прапановы, але мяняць штосьці не стаў. Для мяне вернасць прафесіі, свайму прадпрыемству – гэта не высокія словы. Гэта сапраўды неад’емная частка маёй сутнасці. Ганаруся тым прагрэсам, узроўнем мадэрнізацыі, які адбываецца на заводзе. Узяць валачыльны ўчастак: сёння тут чатыры многахадовыя машыны могуць цягнуць 16 правадоў адначасова, а раней для гэтага патрабавалася … 16 машын. Тое ж можна сказаць і пра тэхнічнае пераўзбраенне на іншых участках вытворчасці. У выніку ў разы вырасла прадукцыйнасць працы. Стараемся ісці па шляху інавацый, высока трымаць марку Шчучынскага завода “Аўтапровад”, дзе заўсёды справай гонару была высокая якасць прадукцыі.

 

Дарэчы, за свае прафесійныя заслугі В.Я. Ваўчок узнагароджваўся прэстыжнай граматай Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута кабельнай прамысловасці і Ганаровай граматай Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Не раз быў героем нашых газетных публікацый, ужо працуючы на кіруючых пасадах у тэхнічным аддзеле.

 

– Скажу шчыра, мне прыемна назіраць добрыя перамены, якія адбываюцца не толькі на заводзе, але, скажам, і ў развіцці нашай раённай прэсы, – заўважае Віктар Яўгенавіч. – Відавочна, што “Дзянніца” таксама не стаіць на месцы, выходзіць у колеры, удасканальвае свой дызайн, заваёўвае ўсё новыя і новыя перамогі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Мы, чытачы, сочым і заўжды радуемся за поспехі роднага выдання. З цікавасцю чытаю, чым жывуць іншыя працоўныя калектывы горада і раёна, якія падзеі адбываюцца ў грамадскім жыцці. Прыемна, калі журналісты знаходзяць нейкія неардынарныя тэмы і захапляючыя гісторыі, на прыкладах моцных духам людзей нібы падтрымліваюць і нас, сваіх чытачоў, у складаных абставінах. “Дзянніцу”, мяркую, любяць і паважаюць чытачы яшчэ і за тое, што яна для многіх з нас стала сапраўдным сябрам і суразмоўцам. Вось і на новае паўгоддзе абавязкова выпішу любімую газету – нашу раёнку!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!