Галоўнае свята ўсёй краіны. Урачысты мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі, адбыўся ў Шчучыне (+Відэа)
Дзень Незалежнасці – свята, якое стала ўвасабленнем мужнасці, сімвалам яднання беларускага народа. Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці і 78-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшлі і на Шчучыншчыне.
Сотні гараджан і гасцей, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў, спартсмены, грамадскасць, людзі старэйшага пакалення і маладыя сем'і з дзецьмі прыйшлі на плошчу Свабоды ў Шчучыне. Адсюль святочная калона накіравалася да рэканструяванага абеліска ў гарадскім парку культуры і адпачынку.
У гэтым годзе ўрачысты мітынг "Святочнае неба маёй Беларусі" праходзіў каля памятнай стэлы, якая была пабудавана ў 1967 годзе ў памяць аб нашых земляках, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, аб савецкіх воінах і партызанах, якія вызвалялі Шчучынскі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аб партыйных і савецкіх работніках, загінуўшых у 1944–1952 гадах у барацьбе за ўмацаванне Савецкай улады ў Шчучынскім раёне.
Сёлета абеліск быў рэканструяваны: работнікамі РУП ЖКГ праведзена работа па абнаўленні гэтага памятнага месца. Грашовыя сродкі, сабраныя падчас правядзення раённага суботніка, таксама былі накіраваны на рамонтныя работы. Такім чынам, амаль кожны жыхар нашага раёна ўнёс сваю пасільную часцінку ў добрую справу захавання памяці аб агульным гістарычным мінулым.
Аддаючы павагу дзяржаўнай сімволіцы, урачысты мітынг пачаўся ўзняццем Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Ганаровае права падняць Дзяржаўны сцяг было прадастаўлена Яўгену Антухевічу -- урачу-хірургу Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы, Уладзіміру Муха – сыну ветэрана педагагічнай працы, заслужанага настаўніка БССР Аркадзія Баніфацьевіча Муха, і Святлане Астаповіч – жонцы Яўгена Паўлавіча Астаповіча -- былога загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі.
Са святам шчучынцаў і гасцей горада павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. Ён адзначыў, што гісторыя Беларусі занатавала на сваіх старонках шмат важных падзей, святаў і дат, аднак асаблівае месца займае Дзень Незалежнасці. Гэта святое для нас свята сімвалізуе перш за ўсё народнае адзінства, якое дапамагло беларусам вытрымаць самы моцны ўдар лёсу, выжыць як нацыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны і перамагчы. Асаблівую падзяку Аляксей Валянцінавіч выказаў ветэранам, якія ўнеслі свой неацэнны баявы і працоўны ўклад у сённяшнюю незалежнасць Радзімы.
-- 78 гадоў таму разбураная вайной Беларусь была пазбаўлена ад фашысцкага прыгнёту. Змучаныя горам страт і страхам за ўласнае жыццё людзі сталі свабоднымі. Я разумею, як балюча сёння глядзець нашым ветэранам на спробы перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, абяліць злачынцаў і навязаць нашай моладзі фальшывых герояў. Нават не сумнявайцеся, вашу Вялікую Перамогу мы нікому не аддадзім! Гэта справа гонару не толькі нашага пакалення. Гэты іспыт мы вытрымаем, таму што Беларусь – краіна герояў, мужных і адданых патрыётаў, -- падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч. -- Мы працягнем наш гістарычны шлях. Мы зробім усё, каб захаваць незалежнасць роднай зямлі. Незалежнасць, падораную нам лёсам, слаўным подзвігам і сумленнай працай мільёнаў беларусаў.
Шчучынскі край заўсёды быў багаты на працавітых, таленавітых, гасцінных людзей, якія працуюць дзеля таго, каб наша краіна стала яшчэ больш моцнай, багатай і квітнеючай. Такімі людзьмі мы ганарымся і адносімся да іх з вялікай пашанай. Імёны многіх нашых землякоў гучаць не толькі на шчучынскай зямлі, але і па ўсёй Беларусі. Іх працоўны шлях і працоўныя заслугі – як відавочны прыклад самаадданасці сваёй Радзіме.
Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё рэгіёна былі занесены звесткі пра нашых землякоў Уладзіміра Серахана і Вінцэнты Казяка (пасмяротна). Кіраўнік раёна Аляксей Садоўскі ўручыў пасведчанне аб занясенні ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці сыну Вінцэнты Іванавіча Казяка Яўгену Вінцэнтавічу. Пасведчанне родным і блізкім Уладзіміра Часлававіча Серахана будзе ўручана пазней.
Вінцэнты Іванавіч Казяк – былы кіраўнік Шчучынскага раёна, Ганаровы грамадзянін горада Шчучына. Займаючы высокія пасады на працягу ўсяго свайго жыцця, вялікую ўвагу надаваў сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашага раёна, рабоце з людзьмі, аказваючы дапамогу ў вырашэнні жыццёвых праблем. Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, Айчыны III ступені, медалямі. Уладзімір Часлававіч Серахан – былы дырэктар ААТ “Васілішкі”, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Увесь свой прафесійны вопыт, намаганне і сілы аддаў роднай зямлі, гаспадарка пад яго кіраўніцтвам стала адной з перадавых у Шчучынскім раёне. За высокія дасягненні ў працоўнай дзейнасці быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, залатым медалём ВДНГ.
Традыцыйна ў Дзень Незалежнасці ў раённую Кнігу Славы заносяцца звесткі аб земляках, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Шчучыншчыны. На гэты раз у Кнігу Славы раёна занесены звесткі пра Яўгена Астаповіча, былога загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы (пасмяротна). Ён ратаваў чалавечыя жыцці, пастаянна павышаў свае веды і практычныя навыкі, прымаў неабходныя меры па паляпшэнні дзейнасці аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі. Пасведчанне і сертыфікат на каштоўны падарунак атрымала жонка Яўгена Паўлавіча Святлана Аляксееўна.
У Кнігу Славы раёна занесены звесткі і пра Аркадзія Муха, ветэрана педагагічнай працы, заслужанага настаўніка БССР (пасмяротна). Аркадзій Баніфацьевіч прыклаў шмат намаганняў і сіл для будаўніцтва новых школ, жылля для настаўнікаў, навучання і выхавання падрастаючага пакалення ў нашым раёне. Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі ўручыў пасведчанне і сертыфікат яго сынам Уладзіміру Аркадзьевічу і Сяргею Аркадзьевічу Муха.
У сваю чаргу Уладзімір Аркадзьевіч звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстых мерапрыемстваў: “Дзень Незалежнасці -- асаблівае свята ў календары нашай дзяржавы. Самае галоўнае -- мы жывем у бяспечнай краіне, пад чыстым і мірным небам. Мы ўсе, беларусы, павінны імкнуцца да таго, каб наша дзяржава заўсёды заставалася незалежнай”.
Дарэчы, Кніга Славы раёна папоўнілася іменем Аляксандра Тулі – дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Дэмбрава”. Пад кіраўніцтвам Аляксандра Віктаравіча калектыў прадпрыемства на працягу пяці гадоў займае прызавыя месцы ў раённых і абласных спаборніцтвах па ўборцы зерневых і зернебабовых культур і нарыхтоўцы кармоў. У 2019 годзе імя Аляксандра Тулі было занесена на абласную Дошку гонара, а ў 2021-м – на рэспубліканскую. Узнагароджаны медаллю “За трудовые заслуги”, ордэнам Пашаны, у 2022 годзе яму прысвоена званне “Чалавек года Гродзеншчыны”. На жаль, Аляксандр Віктаравіч не змог прысутнічаць на мерапрыемстве. Таму пасведчанне і сертыфікат яму будуць уручаны пазней.
Свае віншаванні шчучынцам у гэты святочны дзень адрасавалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Валянцін Байко. Было адзначана, што 3 ліпеня з'яўляецца святам адзінства нашага грамадства, пераемнасці пакаленняў, павагі да традыцый, якія дазваляюць зберагчы і прымножыць усё добрае і каштоўнае, назапашанае старэйшымі пакаленнямі дзеля будучыні дзяцей і ўнукаў. З галоўным святам удзельнікаў урачыстых мерапрыемстваў павіншаваў прадстаўнік маладога пакалення, урач-хірург Шчучынскай ЦРБ Яўген Антухевіч і пажадаў поспехаў у стваральнай працы на карысць сваёй малой радзімы.
Хвіліна маўчання… У памяць аб тых, хто змагаўся за наша мірнае жыццё і незалежнасць, прагрымелі залпы святочнага салюта, удзельнікі мітынгу ўсклалі жывыя кветкі да памятнай стэлы.
Пасля мітынгу ўрачыстыя мерапрыемствы ў гарадскім парку прадоўжыліся выступленнем выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. З 12.00 свята працягваецца на пляцоўцы каля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. У праграме -- работа аб'ектаў гандлю, дзіцячых гульнявых пляцовак, атракцыёнаў, выстава-продаж вырабаў рамеснай дзейнасці з майстар-класамі па саломапляценні, вышыўцы і ткацтве і іншае.
…Вечарам шчучынцаў чакаюць канцэртная праграма салістаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, святочная дыскатэка. А галоўнае свята краіны завяршыцца рэспубліканскай акцыяй “Споём гимн вместе”.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара і Аляксандра КАСПЕРЧУКА.