Дзмітрый і Анастасія Жмачынскія памянялі гарадскую прапіску на сельскую і працуюць ветэрынарамі у СВУ “Пратасаўшчына”

 

Ураджэнец Оршы Дзмітрый Жмачынскі, як і яго маладая жонка Анастасія з Полацку, – карэнныя гараджане. Аднак яны з задавальненнем памянялі гарадскую прапіску на сельскую і пераехалі жыць у Каменку, дзе працуюць ветэрынарамі на аднайменнай малочнатаварнай ферме СВУ “Пратасаўшчына”.

 

– Мы пазнаёміліся падчас вучобы ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, дзе асвойвалі адну і тую ж прафесію, – гаворыць Дзмітрый Аляксандравіч. – На 4 і 5 курсах разам праходзілі практыку на МТФ “Каменка” СВУ “Пратасаўшчына”. Па прыбыцці на Шчучыншчыну адразу адчулі, што тут клапоцяцца пра маладых спецыялістаў. Нас з Анастасіяй у 4 гадзіны раніцы сустрэлі на чыгуначнай станцыі Ражанка і на службовай машыне даставілі ў гаспадарку. Там аператыўна аформілі ўсе неабходныя дакументы і выдалі спецадзенне. Калектыў фермы прыняў па-сяброўску цёпла і дапамог асвоіцца.

 

Нядзіўна, што пасля заканчэння вучобы сям’я Жмачынскіх выбрала СВУ “Пратасаўшчына” ў якасці месца працы. Гаспадарка забяспечыла маладую пару жыллём – выдзеліла новы камфортны дом. Унікнуць ва ўсе тонкасці вытворчага працэсу на МТФ “Каменка” новаспечаным спецыялістам дапамаглі ветфельчары Віталій Грыб і Вера Вінча.

 

 

– Я даглядаю цялятак з дня нараджэння і пакуль яны не дасягнуць вагі 180-200 кілаграмаў, – дзеліцца Анастасія Жмачынская. – Нованароджаных мы адразу абсушваем і выпойваем малодзівам, даём неабходныя вітаміны і дабаўкі, каб умацаваць іх імунітэт. Праз некаторы час пераводзім жывёлу з цэха сухастою ў індывідуальныя домікі. Уважліва сочым, каб цяляткі не хварэлі. Калі такое ўсё ж здараецца – лечым антыбіётыкамі. Пад маім пільным наглядам знаходзіцца каля 1000 галоў маладняку.
У Дзмітрыя Жмачынскага іншы фронт работы: ён працуе гінеколагам і “вядзе” кароў ад моманту расцёлу да наступнага асемянення. Пры ўзнікненні ў рагуль паталогій дапамагае цяляткам з’явіцца на свет.

 

– Могуць вызваць на ферму сярод ночы, і я заўсёды спяшаюся на працу, бо разумею, што ад маіх правільных дзеянняў залежыць жыццё нованароджаных цялятак, – зазначае Дзмітрый Аляксандравіч. – Пасля расцёлу сачу за здароўем кароў, каб не дапусціць узнікнення інфекцыі і іншых захворванняў.
Дзмітрый і Анастасія Жмачынскія прызналіся, што пайшлі ў ветэрынары не выпадкова: абое вельмі любяць жывёл і жадаюць ім дапамагаць. Удвайне прыемна, што іх прафесія запатрабавана і дастойна аплачваецца.

 

– Мама была здзіўлена маім выбарам, бо думала, што я асвою іншую спецыяльнасць і буду працаваць на заводзе, – усміхаецца Анастасія Аляксандраўна. – Аднак цяпер яна ва ўсім мяне падтрымлівае, бо ведае, што я знайшла сваё прызванне. Безумоўна, разумела, што давядзецца пераехаць на сяло, але гэта ніколі мяне не пужала. Тут ціха, спакойна, а калі трэба культурна адпачыць – пад бокам Шчучын, Гродна, Скідзель, Масты.

 

– У нас ёсць усё для камфортнага жыцця і кар’ернага росту! – дадае Дзмітрый Жмачынскі. – Кіраўніцтва гаспадаркі забяспечыла нас усім неабходным, таму пераязджаць пасля адпрацоўкі вызначанага тэрміну мы не збіраемся. Дастойная заработная плата і ўтульны дом – выдатны падмурак для шчаслівай будучыні. Па-суседску жывуць галоўны заатэхнік Марыя Сухарэвіч і галоўны ветурач Дзяніс Антановіч, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу ў вырашэнні вытворчых пытанняў.

 

Днямі Жмачынскія адзначылі гадавіну свайго наваселля ў Каменцы. Упэўнены, гэтую маладую сям’ю наперадзе чакае мноства працоўных дасягненняў і проста шчаслівых дзён!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!