Вяскоўцам дастаўка ад аўталаўкі. Даведаліся, які асартымент прапануе жыхарам аддаленых вёсак магазін на колах

Па колькасці сельскіх населеных пунктаў Шчучынскі раён трымае лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы. Зразумела, што гэта ў тым ліку і маленькія аддаленыя вёскі ды хутары, дзе іншым часам пражываюць усяго адзін-два чалавекі. Аднак, ні на крок не адступаючы ад сацыяльных стандартаў, сюды двойчы на тыдзень абавязкова прыязджае аўтамагазін, каб літаральна ў кожнага вяскоўца быў свежы хлеб на стале і ўвогуле ўсё патрэбнае для жыцця.

 

Нядаўна мы разам з жыхарамі маляўнічай вёсачкі Карашава Дэмбраўскага сельсавета вырашылі дачакацца аўталаўку, каб упэўніцца, наколькі задавальняе яе асартымент сельскіх спажыўцоў.

 

-- Летам у вёскі з’язджаецца шмат гараджан, дзеці праводзяць канікулы ў бабуль, таму пакупнікоў у разы прыбавілася, і аўталаўка проста не ў стане прыехаць дакладна па раскладзе, -- з разуменнем сітуацыі тлумачыць Аляксандра Міхайлаўна Белка, якая паўтара дзясятка год і сама прапрацавала за прылаўкам, калі ў Карашаве яшчэ была крама і жыло каля 400 чалавек. – А зараз нас, карэнных карашаўцаў, засталося ўсяго шэсць жанчын ды адзін мужчына. Усе астатнія прыехалі толькі на лета. Ясна, што стацыянарны магазін зараз сябе б не апраўдаў, а аўталаўка – налепшае выйсце.

 

Той адзіны мужчына з ліку карэнных, Віктар Мікалаевіч Курачка, таксама сярод патэнцыяльных пакупнікоў – зручна размясціўся на лавачцы. Расказвае, што ў свой час працаваў у мясцовым калгасе механізатарам, потым вадзіцелем, ужо даўно на пенсіі. У  свае 88 год ён прыехаў зрабіць закупы на веласіпедзе.

 

-- Наша аўталаўка дастаўляе ўсё неабходнае: і малочныя прадукты, і мясныя вырабы, і слодычы. Так што нават няма неабходнасці ехаць у горад па пакупкі або лішне турбаваць дзяцей, -- лічыць дзядуля.

 

Вяскоўцы не скупіліся на добрыя, ухвальныя словы ў адрас прадаўца – Аксаны Семяновіч, казалі, што ўжо стала яна для іх, нібы радня: уважлівая, тактоўная, заўжды добразычлівая. Адзначалі, што Аксана Міхайлаўна бярэ на аловак усе іх заказы, якія абавязкова будуць задаволены. Можна сказаць, пры неабходнасці пад парог прывязуць і штосьці з мэблі, і бытавую тэхніку, і пральныя парашкі.

 

… Неўзабаве здалёк пачуўся сігнал машыны: апавяшчаючы пра сябе, аўталаўка праехала акурат праз усю вёску і вярнулася ў цэнтр, дзе вадзіцель Уладзімір Пятровіч Жынко дапамог трасфармавацца аўтафургону ў адмысловы магазін на колах, дзе праз шкло вітрыны бачныя асартымент тавараў і цэннікі. На відным месцы – запатрабаваныя з улікам пандэміі рэчы: маскі, антыбактэрыяльныя сродкі для апрацоўкі рук.

 

Тым часам людзі падцягваліся з усіх канцоў Карашава. У прадаўца – час пік. Пакупнікоў цікавіла гародніна, розныя гатункі каўбас, “малочка”, кандытарскія вырабы. Здавалася, што кожны “затарваецца” па-максімуму. І, па словах работнікаў аўталаўкі, такі напружаны рытм работы літаральна на кожным прыпынку.

 

-- На сённяшнім нашым маршруце дзевяць вёсак. А ў іншыя дні 12-14, --  гаворыць вадзіцель аўтамагазіна У.П. Жынко. – У сем раніцы загружаемся свежай прадукцыяй на складзе, што па вуліцы Піянерскай у Шчучыне, і наперад! Працягласць працоўнага дня залежыць ад колькасці пакупнікоў: здараецца, што на базу вяртаемся ў гадзін 7-8 вечара. Усіх мы павінны накарміць, усім даставіць прадукты. А назаўтра зноў у дарогу.

 

Штодзень па вызначаных маршрутах у населеныя пункты Шчучыншчыны адпраўляюцца 11 аўтамагазінаў. Такім відам выязнога гандлю ў нашым раёне ахоплена больш за 300 вёсак і вёсачак, дзе пражываюць амаль сем з палавінай тысяч сялян. Дарэчы, туды, дзе колькасць жыхароў складае больш за 70 чалавек, аўталаўка прыязджае тройчы на тыдзень.

 

 

-- Сярэднямесячны тавараабарот нашых аўтамагазінаў складае 255 тысяч рублёў. На кожны прыходзіцца прыкладна па 23,2 тысячы, -- зазначае вядучы таваразнаўца Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Святлана Вітольдаўна Кавальчук. – Тэмп росту тавараабароту складае 107,1%. Мы плануем і далей развіваць выязны гандаль: абнаўляць і тэхнічна ўмацоўваць аўтапарк, удасканальваць маршруты. Усе аўтамагазіны аснашчаны халадзільным абсталяваннем, у кожным устаноўлены тэрміналы для безнаяўных разлікаў за пакупкі. А дзякуючы GPS-навігатарам з’явілася магчымасць кантраляваць рух і перамяшчэнне машын. Што тычыцца асартыменту, то ён практычна не адрозніваецца ад таго, што мы бачым у стацыянарных крамах: магазіны на колах налічваюць ад 200 да 250 найменняў тавараў, часта прапануем да двух дзясяткаў пазіцый па зніжках. Так што вяскоўцы ў нас не пакрыўджаны.

 

Зрэшты, менавіта ў гэтым мы пераканаліся, пабываўшы ў прыветнай вёсачцы Карашава і пазнаёміўшыся з яе клапатлівымі і гаспадарлівымі жыхарамі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!