У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” урачыста правялі раённы абрад “Зажынкі”

 

На адным з палёў філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”, нібы на парадзе, выстраіліся ў рад камбайны, грузавікі і сельскагаспадарчыя машыны, якія будуць задзейнічаны на жніве. Механізатары і вадзіцелі сабраліся ля сваіх “жалезных коней” і з нецярпеннем чакалі магчымасці ўрэзацца ў залатую хлебную ніву і намалаціць першыя тоны новага ўраджаю.

 

 

 

 

Да хлебаробаў звярнуўся  старшыня райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі:

 

-- Хлебароб – адна з самых важных і неабходных прафесій. Нашы продкі заўсёды шанавалі і бераглі самае галоўнае багацце на зямлі – хлеб. Залатая ніва радуе налітым коласам, а ў паветры лунае хлебны водар. Сёлета мы вырасцілі выдатны ўраджай, які неабходна ўбраць своечасова і без страт. Безумоўна, уборачная кампанія будзе напружанай, але агульнымі намаганнямі мы завершым яе ў тэрмін і зробім важкі ўнёсак у агульны каравай.

 

 

 

 

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Іванавіч Тодрык падзякаваў механізатарам і вадзіцелям, якія ў няпростых умовах сёлетняй вясны своечасова выканалі ўсе неабходныя палявыя работы і вырасцілі добры ўраджай. Ён заклікаў аграрыяў якасна абмалаціць зерне і аператыўна перавезці яго на зернясховішчы, не забываючы пра тэхніку бяспекі.

 

 

Павіншавалі хлебаробаў Шчучыншчыны з пачаткам уборачнай кампаніі намеснік генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Ніна Уладзіміраўна Лазавіцкая і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гэтага ж прадпрыемства Вольга Фрэдаўна Кавалевіч. І прыехалі яны не з пустымі рукамі: падарылі аграрыям складныя сталы и стульчыки, каб тыя маглі камфортна абедаць у палявых умовах.

 

 

 

-- Прыйшоў час брацца за жніво, -- зазначыў гаспадар поля – дырэктар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Юльянавіч Гузень. – І ўсе мы будзем працаваць ад зары да цямна, каб забяспечыць краіну хлебам! Нам прадстаіць абмалаціць 2560 гектараў азімых і яравых зерневых культур. Нагрузка на камбайн без уліку кукурузы складае 281 гектар. Уся тэхніка як след абслужана, таму не падвядзе. Безумоўна, няўстойлівае надвор’е можа ўнесці свае карэктывы, але ўпэўнены, што нашы камбайнеры і вадзіцелі справяцца з пастаўленай задачай!

 

 

Сёння ў полі калышуцца налітыя золатам каласы, а заўтра на стале з’явіцца свежы духмяны бохан. Усё гэта – плён працавітых рук, памножаны на дабрыню і шчодрасць зямлі. Падзякаваць аграрыям Шчучыншчыны за прафесіяналізм і руплівасць прыехаў старшыня Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Міхайлавіч Хвацік і старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Генрых Іосіфавіч Юрэвіч. Яны ўручылі работнікам сельскагаспадарчай галіны раёна Ганаровыя граматы і падзячныя лісты.

 

 

Над полем загучалі жніўныя песні ў выкананні народнага фальклорнага гурта “Вяргіня”. Па добрай традыцыі жанчыны ў нацыянальных касцюмах сярпамі зжалі першы сноп і ўручылі яго гаспадару поля – дырэктару філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіславу Юльянавічу Гузеню.

 

 

 

 

На Беларусі здаўна існуе добры звычай – перад вялікай і значнай падзеяй прасіць благаслаўлення Божага. Гэтую місію выканалі айцец Святаслаў і ксёндз Ян, якія прачыталі малітвы і асвяцілі тэхніку.

 

 

Перад выхадам у поле механізатары і вадзіцелі пачаставаліся караваем з мукі мінулага года, каб набрацца моцы і бадзёрасці. “Па машынах!” – прагучала каманда, і ўборачная кампанія стартавала!

 

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!