Лоцманы газетнага мора
Супрацоўнікі “Саюздруку” нараўне з журналістамі-газетчыкамі і паштавікамі лічаць Дзень друку сваім прафесійным святам.
– Мяркуйце самі, толькі ў нашых шчучынскіх кіёсках рэалізуецца каля 500 найменняў газет, часопісаў, кніг і брашур – разнастайных выданняў не толькі з беларускіх друкарняў, але і з Расіі, Украіны, Латвіі, – гаворыць Ірына Станіславаўна Вянсковіч – арганізатар рознічнага гандлю Гродзенскага філіяла РУП “Белсаюздрук”. – У Шчучыне дзейнічаюць чатыры кіёскі, дзе працуюць восем чалавек. Гэта вельмі добрасумленныя работнікі, якія любяць сваю справу, ведаюць густы сваіх пакупнікоў. Быць у курсе апошніх навін, дакладна ведаць, калі якое выданне выходзіць у свет, умець хутка і якасна абслужыць пакупніка – гэта далёка не поўны пералік вартасцей, якімі павінны валодаць нашы супрацоўнікі.
Бадай, цэнтральны павільён “Белсаюздруку” – візітоўка арганізацыі. Прадаўцы 4-га разраду (а менавіта так афіцыйна зараз значацца кіяскёры) Наталля Міхайлаўна Косач і Лілія Султанаўна Панімаш заўсёды надзвычай ветліва сустракаюць сваіх наведвальнікаў: параяць навінкі, падкажуць, у якім выданні і пра што сёння пішуць, не забудуць праанансаваць чарговы нумар любімай “Дзянніцы”. Кажуць, што сваю раённую газету шчучынцы купляюць не з меншым задавальненнем, чым рэспубліканскую перыёдыку. Дый новая кніга “Шчучын і ваколіцы”, у выпуску якой актыўны ўдзел прымалі мясцовыя журналісты, выклікае непадробную цікавасць у жыхароў і гасцей раёна.
Самай вопытнай з кіяскёраў з’яўляецца Ніна Барысаўна Куліцкая, якая стала настаўнікам у прафесіі для многіх маладых калег. Мае адзнакі за сваю працу Наталля Казіміраўна Радчанка. Добра ідуць справы і расце тавараабарот у кіёску ў Паўднёва-Заходнім мікрараёне, дзе добрасумленна выконваюць свае абавязкі Святлана Сцяпанаўна Клімко і Люцыя Іосіфаўна Шымуль. А жыхары Заводскага мікрараёна з вялікай павагай і ўдзячнасцю адносяцца да работнікаў кіёска №3 Ванды Іванаўны Арлукевіч і Аксаны Анатольеўны Канюк. Пакупнікам падабаецца, што зараз кіёскі “Белсаюздруку” напоўнены не толькі цікавай друкаванай прадукцыяй, але і спадарожнымі таварамі – сувенірамі, цацкамі, тэкстылем, пачастункамі і г.д. Цэнавы фактар задавальняе, дый якасць прапаноўваемай прадукцыі не падводзіць.
– І ўсё ж галоўнае для нас – друкаваныя СМІ. Нягледзячы на папулярнасць інтэрнэту, нашы людзі па-ранейшаму любяць чытаць “папяровыя выданні”, а сучасны кіяскёр павінен быць лоцманам у гэтым бязмежным і бурлівым моры газет і часопісаў, – лічыць дырэктар Гродзенскага філіяла РУП “Белсаюздрук” Павел Канстанцінавіч Скрабко. – Жадаю ўсім нашым чытачам здароўя і задавальнення ад прачытанага, а супрацоўнікам газеты “Дзянніца” цікавых тэм і вострага пяра, здзяйснення ўсіх мар і творчых задумак. Усіх са святам – Днём друку!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.