Жывая сувязь пакаленняў. Шчучынцы прынялі ўдзел у першым абласным злёце прадстаўнікоў Саветаў пажылых грамадзян і Маладзёжнага парламента Гродзеншчыны

 

На гэтым тыдні галерэя Тызенгаўза ў Гродне прымала ўдзельнікаў першага абласнога злёту пад назвай “Сувязь часоў і пераемнасць пакаленняў”. На форум сабраліся прадстаўнікі Саветаў старэйшын і Маладзёжнага парламента Гродзенскай вобласці, каб абмеркаваць актуальныя пытанні, абмяняцца вопытам, перадаць моладзі эстафету добрых спраў і традыцый.

 

У рабоце злёту прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Арол, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандра Гарачава, яе калегі з Брэста, зацікаўленыя ў тым, каб пераняць прагрэсіўныя напрацоўкі Гродзеншчыны.

 

 

– У гэтай зале не проста людзі, умудроныя жыццёвым вопытам, а людзі з невычарпальнай энергіяй, – звярнулася да дэлегатаў злёту Алена Пасюта. – У вас яшчэ так багата жаданняў і ідэй, якія вы гатовы ажыццяўляць на карысць нашай краіны! Сёння разам сабраліся тыя, хто мае намер працягваць будаваць нашу моцную і квітнеючую Беларусь. Вы тут па паклічу сэрца і па жаданні служыць Айчыне. Я шчыра жадаю вам быць шчаслівымі, маладзець душой і працягваць перадаваць свой каштоўны досвед нашай моладзі.
Дарэчы, Саветы старэйшын былі створаны ў нашай краіне напрыканцы 2021 года. Сёння яны эфектыўна дзейнічаюць ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці. Ёсць такі савет і ў нас на Шчучыншчыне. Сюды ўвайшлі людзі поўныя намеру дзяліцца сваім досведам і мудрасцю з маладым пакаленнем. Як падкрэсліў Мікалай Арол, усяго ў рэспубліцы сфармірована 140 саветаў пажылых грамадзян, у якіх сваё пачэснае месца занялі каля 1,5 тысячы чалавек.

 

 

– У Беларусі рэалізуецца нацыянальная стратэгія “Актыўнае доўгажыхарства”, дзе распрацаваны асноўныя накірункі работы са старэйшым пакаленнем. Адна з прыярытэтных задач стратэгіі – сацыяльнае далучэнне да значымых для грамадства спраў і рашэнняў. Сфарміраваныя саветы сталі адным з механізмаў у дасягненні гэтай мэты.

 

Старшыня Савета пажылых грамадзян Гродзенскай вобласці Ларыса Хацько расказала, колькі цікавых спраў у Год міру і стварэння запланавалі і ажыццявілі актывісты залатога ўзросту, як рэалізуецца з іх дапамогай праект “Металу вартасці адной медаль за працу і за бой”, што атрымаў падтрымку літаральна ва ўсіх раёнах.
Пра дыялог пакаленняў, неабходнасць выкарыстоўваць у рабоце з моладдзю лепшыя традыцыі, якімі шчодра дзеляцца ветэраны, пра рух валанцёрства і гатоўнасць аказваць дапамогу пажылым людзям, распавёў першы сакратар Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БРСМ” Андрэй Есін.

 

 

Святочныя ноткі ў дзелавую канву злёту “Сувязь часоў і пераемнасць пакаленняў” унеслі звонкія песні ансамбляў “Элегія” і “Валошкі”, удзельнікі якіх захопленыя людзі, што не здаюцца ўзросту. Уразіла сваім артыстызмам і пранікнёна-душэўным голасам пераможца тэлешоу “Фактар.ВY.60+” 82-гадовая гродзенка Галіна Качалава, якой на злёце была ўручана Ганаровая грамата Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Цудоўныя эмоцыі падарыла ўдзельнікам форуму знаёмства з цэнтрам рамёстваў “Спадчына” і лепшымі ўзорамі народнай творчасці, што сваімі рукамі ствараюць апантаныя, натхнёныя людзі самых розных узростаў.

 

 

– Гэта вельмі ўхвальна, што ў нашай краіне запатрабаваны патэнцыял старэйшага пакалення, – гаворыць дэлегат злёту, старшыня Шчучынскага раённага савета ветэранаў Васілій Жукоўскі. – Пагадзіцеся, наша грамадства трымаецца на любові і гістарычнай памяці тых, хто многае перажыў і бачыў на сваім вяку, хто сёння беражліва перадае сваім ўнукам і праўнукам вопыт мінулых гадоў, аб’ядноўваючы імклівы бег часу ў непарыўны ланцужок, дзе традыцыі і інавацыі крочаць побач.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!