Дэлегацыя Шчучынскага раёна прыняла ўдзел у патрыятычным форуме “Мы – беларусы!”
Тысячы людзей прынялі ўдзел у патрыятычным форуме “Мы – беларусы!”, што праходзіў 17 верасня ў “Мінск-Арэне” і быў прысвечаны Дню народнага адзінства. Сярод гэтага вялікага прадстаўніцтва – дэлегацыя з нашага раёна на чале з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама Міхаілам Сушчэўскім.
Мы папрасілі Міхаіла Вітольдавіча падзяліцца ўражаннямі ад форуму, на якім, як вядома, выступаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
– Гэта цяжка перадаць словамі: тую магутную энергетыку аўдыторыі – адзінай, як маналіт, з дзяржаўнай сімволікай, пачуццём гонару за сваю краіну. Прыемна было ўсведамляць, што і мы, шчучынцы, частка гэтай супольнасці, – расказвае Міхаіл Сушчэўскі. – У форуме бралі ўдзел людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй – прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, ветэраны і моладзь. З усіх рэгіёнаў Беларусі прыехалі патрыятычна настроеныя людзі. Такое важнае дзяржаўнае свята, як Дзень народнага адзінства ўсяго за тры гады беларусы паспелі палюбіць усёй душой. Асаблівую значнасць падзеі надало прывітальнае слова Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, яго зварот не толькі да беларусаў, але і да народаў суседніх краін.
Гэта была надзвычай яркая, пераканаўчая, аргументаваная прамова, дзе кожнае слова нашага кіраўніка дзяржавы ішло ад сэрца і пранікала ў сэрцы людзей. Чырвонай ніткай праходзіла думка, што менавіта адзінства – галоўная ўмова захавання дзяржавы і суверэнітэту, а беларусы – людзі мірныя: ім чужога не трэба, але свайго мы не аддадзім, а пры неабходнасці будзем абараняць родную зямлю, як гераічна абаранялі яе нашы продкі. Аляксандр Лукашэнка закрануў важныя гістарычныя моманты ў нашай гісторыі, як і тонкія струны ўзаемаадносін з суседнімі народамі. Гучалі тэзісы трапныя, нібы выстрал у яблычка. Выступленне лідара дзяржавы было цэльным і шчырым.
А папярэдне нас уразіла выстава тэхнічных дасягненняў, якая разгарнулася перад “Мінск-Арэнай”. Там былі прадстаўлены лепшыя ўзоры айчынных сельгасмашын і іншай сучаснай тэхнікі, узоры ўзбраення, што выпускаюцца на тэрыторыі рэспублікі. Нам ёсць чым ганарыцца!
Не перадаць і таго захаплення, якое выклікала канцэртная праграма – насычаная і разнастайная! Перад гледачамі разгортваліся цэлыя перформансы, што распавядалі аб той ці іншай старонцы ў гісторыі беларускага народа. У песнях, харэаграфічных кампазіцыях і вершах расказвалася пра гарады і мястэчкі Беларусі, гераічныя старонкі жыцця суайчыннікаў. На сцэну выходзілі людзі працы: настаўнікі, урачы, аграрыі, грамадскія дзеячы… Свой непаўторны ўнёсак у святочную канву свята ўнеслі любімыя зоркі айчыннай эстрады, у тым ліку – маладое пакаленне беларускіх артыстаў. Быў вялікі гонар за росквіт нацыянальнай культуры, за наш таленавіты народ.
На форуме ў “Мінск-Арэне” прысутнічалі і госці з Расіі, Казахстана, іншых краін. Гэта маштабная падзея змагла аб’яднаць пад адным дахам самых розных людзей незалежна ад іх узросту, месца жыхарства, сацыяльнага статусу. І ўсё гэта – у адзін з самых значных для дзяржавы святаў – у Дзень народнага адзінства. Перакананы, кожны ўдзельнік гэтага ўнікальнага мерапрыемства яшчэ доўга будзе знаходзіцца пад уражаннем энергетыкі свята і натхненнем, што падараваў форум, раскажа сябрам і калегам тое, што пачуў, адчуў і ўбачыў.
Запісала Таццяна СТУПАКЕВІЧ.