Насустрач выбарам. Адзіны дзень інфармавання прайшоў у Шчучынскім раёне
На гэтым тыдні ў нашым раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Прадстаўнік абласной інфармацыйнай групы – першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Андрэй Есін разам з раённай інфармацыйнай групай на чале са старшынёй Шчучынскага райвыканкама Аляксеем Садоўскім сустрэліся з працоўным калектывам ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”.
У склад інфармацыйнай групы ўвайшлі таксама начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Малюгін і намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксей Верамчук.
З дакладам на тэму выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь перад прысутнымі выступіў Андрэй Есін. Ён адзначыў, што наступны год стане завяршаючым у выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады. Таму ўзнікае патрэба падвесці вынікі выканання праграмы і вызначыць далейшы курс развіцця дзяржавы. І менавіта прэзідэнцкія выбары будуць вызначаць будучыню Беларусі на бліжэйшыя гады.
– Наперадзе ў нас вельмі важная для краіны падзея – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Не проста так дата выбараў была прызначана на 26 студзеня. Вядома ж, дата выбіралася ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і зыходзячы са станоўчай практыкі правядзення рэферэндума ў 2022 годзе і адзінага дня галасавання ў гэтым годзе. Мінімальны разрыў паміж выбарамі Прэзідэнта і правядзеннем адзінага дня галасавання – гэта захаванне напрацаванага патэнцыялу, людскіх, арганізацыйна-тэхнічных і фінансавых рэсурсаў, – удакладніў Андрэй Есін.
Не пазней за 26 снежня будуць створаны больш за 5000 участковых выбарчых камісій, у рабоце якіх возьмуць удзел каля 60000 чалавек. Гэта будуць дасведчаныя людзі, якія прайшлі практыку не аднаго электаральнага перыяду.
Іншыя дакладчыкі таксама разгледзелі важныя тэмы. Пра пажарную бяспеку прысутным расказаў Аляксандр Малюгін. Начальнік РАНС адзначыў важнасць размяшчэння ў жылых памяшканнях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. АПА неаднойчы прадэманстравалі сваю эфектыўнасць у ратаванні жыцця людзей. Аб стварэнні камфортных умоў для жыцця інвалідаў у нашай краіне паведаміў Андрэй Навіцкі. Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі прысутным расказаў Аляксей Верамчук.
Пасля дакладаў спікераў у калектыву ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад” была магчымасць задаць пытанні прадстаўнікам раённых ведамстваў. У асноўным грамадзян цікавілі пытанні па лініі ЖКГ і аказання медыцынскіх паслуг у нашым раёне.
У гэты дзень раённыя інфармацыйныя групы таксама правялі сустрэчы ў іншых арганізацыях раёна.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.