Знаёмцеся: лепшая па прафесіі – Людміла Кандратовіч, прадавец 5 разраду магазіна “Прадукты” ў вёсцы Хадзілоні

 

Людміла Кандратовіч – прадавец 5 разраду магазіна “Прадукты” ў вёсцы Хадзілоні – ужо 35 год працуе ў сферы гандлю, 32 з іх – на Шчучыншчыне. Па выніках работы за мінулы год яна прызнана лепшай па прафесіі.

 

Заўсёды ветліва сустракае пакупнікоў Людміла Васільеўна. Дый у магазін, дзе яна працуе загадчыцай, прыемна зайсці: тавар расстаўлены акуратна і зручна для пакупніка, яго асартымент даволі шырокі, усюды пануе чысціня, а абслугоўвае прадавец хутка і спрытна. Да таго ж добра ведае, што набываюць яе аднавяскоўцы, якому тавару аддаюць перавагу.

 

– У нашым магазіне, акрамя пакупнікоў выпадковых – прыезджых або з дальніх вёсак – абслугоўваецца 175 жыхароў Хадзілоняў, Новых Паддубоў і Паддубоў, – расказвае Людміла Васільеўна. – Працуе магазін з дзевяці раніцы да васьмі вечара, каб усім было зручна прыйсці па пакупкі: многія жыхары Хадзілоняў на работу ездзяць у Васілішкі, а з такім рэжымам работы гандлёвай кропкі і вярнуўшыся з працы паспеюць набыць усё неабходнае.

 

 

На паліцах – самы розны тавар, у пераважнай большасці – прадукты. Ёсць і прамысловыя тавары першай неабходнасці: пральныя парашкі і мыючыя сродкі, школьныя прылады і нават цацкі для дзяцей…

 

– Напрыклад, на сённяшні дзень прадаём у магазіне і лампадкі: напярэдадні Радаўніцы яны будуць запатрабаваны ў пакупніка, – гаворыць прадавец. – Навошта людзям ехаць у горад, калі можна іх купіць у сваім магазіне? Пастаянна кантралюем, якія тавары ў нас больш запатрабаваныя, а якія зусім не карыстаюцца попытам. Малочную і мясную прадукцыю, хлебабулачныя вырабы вяскоўцы набываюць амаль кожны дзень. Каўбасу нам пастаўляюць Ашмянскі і Гродзенскі мясакамбінаты, малочную прадукцыю – “Малочны мір”, рыбу, курэй, мяса – Шчучынскі філіял аблспажыўтаварыства… У апошні час попытам у насельніцтва карыстаюцца паўфабрыкаты, вырабленыя на прадпрыемстве “Санта”, – галубцы, блінчыкі з мясам, блінчыкі з тварагом, хінкалі, чабурэкі і іншая прадукцыя. Для вяскоўцаў гэта вельмі зручна – прыехаў з работы і купіў практычна гатовую вячэру.

 

Мясцовыя жыхары работай гандлёвай кропкі задаволены.

 

 

– У сваім магазіне магу набыць усе неабходныя прадукты, – гаворыць адна з пакупніц, мясцовая жыхарка Яўгенія Антонаўна Лебядзевіч. – Дый прадаўцы ў нас выдатныя – усё, што ні закажаш, абавязкова ў хуткім часе будзе прывезена ў магазін. Спатрэбіўся мне цэмент – даставілі без праблем, і ў горад ехаць не трэба. І працуюць нашы жанчыны выдатна, да людзей ставяцца прыязна.

 

– І цэмент, і шыфер, і руберойд – на ўсё, што патрэбна з будаўнічых матэрыялаў, можам прыняць заказ, – удакладняе Людміла Васільеўна. – Вось і нядаўна адзін пакупнік зялёную фарбу заказаў. Цяпер чакаем паступлення.

 

За 32 гады, якія Людміла Васільеўна жыве на Шчучыншчыне, яна душой прырасла да гэтых мясцін. Жанчына – карэнная гараджанка, нарадзілася і вырасла ў горадзе Белаазёрску, што на Брэстчыне. Пасля заканчэння вучылішча тры гады працавала ў Гродне. Там і сустрэла свайго будучага мужа. Ён і прывёз маладую жонку на сваю малую радзіму.

 

– Калі мы пажаніліся, гаспадарка выдзеліла нашай маладой сям’і домік у Шастакоўцах, – успамінае мая суразмоўца. – Муж працаваў аграномам. Крыху пазней атрымалі кватэру ў Хадзілонях. Я ніколі ні на хвілінку не пашкадавала, што ўсё сваё жыццё жыву ў вёсцы. Канечне, адразу было няпроста, многаму вучыцца прыйшлося, але муж заўсёды быў побач і дапамагаў. Гаспадарку вялікую трымалі, дзве каровы былі. Бывае, выйду на балкон і любуюся: вёска наша дагледжаная, асфальт пакладзены, на вуліцы вечарам свецяць ліхтары… Хіба ж ёсць дзе-небудзь мілейшыя мясціны?! Дарэчы, мая мама, калі не стала таты, таксама ў мяне жыла, амаль дваццаць год.

 

Асаблівы гонар Людмілы Васільеўны – дзеці: сын і дзве дачушкі. Сын працуе следчым у Шчучынскім раённым аддзеле Следчага камітэта. Старэйшая дачка засталася на малой радзіме: яна – повар у кафэ ў Васілішках. А малодшая – студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта. У сям’і сына падрастае сынок Ільюша.

 

– Я вельмі люблю сваю работу, – прызнаецца прадавец з больш чым 32-гадовым стажам. – За гэты час я працавала не толькі ў Хадзілонях, здаралася, падмяняла калег у магазінах у Старадворцах, у Падгалішках, ва Угольніках, у Шастакоўцах. Раней і там былі гандлёвыя кропкі. Толькі на якім бы працоўным месцы я ні была, заўсёды старалася з павагай ставіцца да людзей. Мае аднавяскоўцы – людзі выдатныя. А вось самае дарагое ў маім жыцці – гэта мая сям’я, мае самыя блізкія людзі. І гэтыя мясціны, дзе я некалі апынулася па волі лёсу…

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!