Працягваем наш праект “Вяскоўцы”: на гэты раз накіраваліся ў Бершты

Мы працягваем наш праект “Вяскоўцы”. На гэты раз накіраваліся ў вёску Бершты. Зімой тут надзвычай прыгожа. Кажуць, што раней сярод балот быў тут бярозавы гай, які аблюбавалі балты. На літоўскай мове «бяроза» гучыць як «бершас» (beržas). Адсюль і пайшла назва вёскі. Аднак у старажылаў, што тут жывуць, свая гісторыя. Бытуе меркаванне, што некалі дзялілі паміж сабой гэтыя землі два паны. Аднак ніхто не хацеў іх браць. Доўга спрачаліся яны і казалі па-польску: “Беж ты! Беж ты!” Пазней і мястэчка назвалі – Бершты. Жывуць тут цікавыя людзі, старанна працуюць, шчыра моляцца і ад душы ўмеюць весяліцца. 


На сувязі – Сан Саныч 
Аляксандр Аляксандравіч Васілевіч – стараста вёскі. Яго дом і жартам, і ўсур’ёз называюць “Домам сувязі”. Старасту не толькі добра ведаюць, але і паважаюць аднавяскоўцы. Можа таму, што ён – чалавек надзейны, і ў дапамозе Сан Саныч (а менавіта так яго клічуць у Берштах) нікому не адмаўляе. Трэба – тэлебачанне настроіць, лямпачку ўкруціць, будматэрыялы знойдзе па таннай цане, з уладкаваннем на працу дапаможа. А яшчэ Сан Саныч – надзейны сябра мясцовага пагранічнага паста. Ён – камандзір дабравольнай пагранічнай дружыны, якая не раз адзначалася заслужанымі ўзнагародамі. Аляксандр Аляксандравіч прызнаўся, што ёсць у яго праз усё жыццё адна нязменная любоў – да музыкі і спеваў. Былы настаўнік і сёння можа “ўрэзаць” на пяцірадным баяне, што з задавальненнем нам і прадэманстраваў. Расказаў нам стараста, што раней у вёсцы нават народная вакальная група была “Бершты”, якая паўсвету аб’ездзіла са сваімі песнямі. Аднак час унёс свае карэктывы. Душа прагне музыкі, таму Аляксандр Аляксандравіч спявае ў мясцовым царкоўным хоры. Летам садзіць агарод, ездзіць на скутары па грыбы і ягады. 


Баба Жэня
Яўгенію Васіль­еўну Шынкевіч усе назы­ваюць па-простаму – баба Жэня. У свае 86 не страціла пачуцця гумару і бадзёрасці духу. Хай сабе і атакуюць хваробы, але яна не здаецца, жартуе, спявае. Усміхаецца, маўляў, не бачылі вы, якая я ў маладосці вясёлая была, як спявала, ажно на ўсе святы клікалі! А яшчэ ведалі жанчыну як добрую гаспадыню: шыла, вышывала, ткала, прала, вязала кручком і пруткамі. Гледзячы на вышытыя малюнкі, згаджаюся, што Яўгенія Васільеўна – сапраўдная майстрыха.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, мая суразмоўца спявае ў царкоўным хоры. Жыве яна з верай. Расказала, як хвалявалася, калі царкву ў Берштах разбіралі. Тады прыехала з Гродна нейкая маладая кабета і забрала званы ў абласны музей. Аднак Яўгенія Васільеўна прыклала ўсе намаганні для таго, каб іх вярнулі назад. Так і сталася. Званы вярнуліся на радзіму, і цяпер яны ўпрыгожваюць драўляную царкву. Дарэчы, расказвалі мясцовыя жыхары, што каля возера на пагорку шмат гадоў таму стаяла царква. Аднойчы паводка знесла яе ў возера. З таго часу, калі ў вёсцы было ціха або праходзіла якое-небудзь свята, званілі званы над возерам і з вады крыж паказваўся. Вось які дзівосны гэты прыгранічны край.


Бершты натхняюць
Любоў Мікалаеўна Русілка – мясцовы паэт, чалавек, які адчувае свет сваёй трапяткой душой. З ёю і яе творчасцю мне пашчасціла пазнаёміцца некалькі гадоў таму. Вершы Любові Мікалаеўны прыгожыя і мілагучныя. Паміж радкамі – сам аўтар – сціплы, просты, сапраўдны. З-пад яе пяра выйшла некалькі зборнікаў: «Пад сонцам», «Алея Элізы», «Зямлі і людзям». Адметна, што Любоў Мікалаеўна цудоўна валодае беларускай мовай, нягледзячы на тое, што яна – украінка па нацыянальнасці. Некалі разам з сям’ёй пераехала яна ў Бершты і адразу прыкіпела душой да гэтай маляўнічай вёсачкі, засталася тут жыць, пайшла працаваць у мясцовы клуб, затым школу. Пачынала Любоў Мікалаеўна з піянерважатай, была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, завучам і нават дырэктарам. Адметна, што дачка Любові Мікалаеўны – Вольга – таксама дасканала валодае паэтычным словам. Мусіць, самі Бершты натхняюць гэтых цудоўных жанчын. 


Жаночае шчасце – быць маці 
Наталля Мікалаеўна Даніловіч з тутэйшых. Аднавяскоўцы добра ведаюць яе, бо тут яна нарадзілася і вырасла. Зараз Мікалаеўна – загадчыца клуба-бібліятэкі, куды заўсёды спяшаюцца людзі. Ладзяцца ў Берштах цікавыя святы. Нядаўна, напрыклад, калядаваць хадзілі, вясной валачобнічаць пойдуць. Наталля Мікалаеўна не толькі цудоўны чалавек, але і клапатлівая шматдзетная маці. Трое дзяцей і чацвёра ўнукаў – яе сапраўднае жаночае багацце.


Шумі, шумі, зялёны лес!
Генадзь Мар’янавіч Стасевіч – жыве і працуе ў Берштах. Ён – ляснічы Берштаўскага лясніцтва Скідзельскага лясгаса. У вёску пераехаў у 1994 годзе. Лес – яго стыхія. Мясціны тут вельмі прыгожыя. Аднак і за імі таксама патрэбны належны догляд. Таму на месцы высечаных дрэў з’яўляюцца новыя. Так, за мінулы год спецыялісты высадзілі звыш 150 тысяч саджанцаў сасны, бярозы, елкі і іншых дрэў. Лес у накладзе не пакідае, шчодра адорвае грыбамі ды ягадамі. Генадзь Мар’янавіч расказаў, што сёлета берштаўскі лес стаў месцам адпачынку і прыработку не толькі для мясцовых жыхароў, але і для многіх гараджан. Багата грыбоў было ў гэтых мясцінах. Многія болей за тысячу долараў за сезон зарабілі на лясных дарах. Для вяскоўцаў такі прыработак – нядрэнная прыбаўка да зарплаты або пенсіі. Сам ляснік таксама белых на зіму назапасіў, аднойчы нарэзаў цэлы багажнік легкавушкі! 

Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!