Сорак год у журналістыцы…
Загадчыца аддзела сацыяльных праблем газеты “Дзянніца” Таццяна Валянцінаўна Ступакевіч стала лаўрэатам прэміі Гродзенскага аблвыканкама “Чалавек года Гродзеншчыны” ў грамадска-палітычнай сферы
Прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны” сёлета ўдастоены 18 жыхароў вобласці. Сярод уладальнікаў высокага звання – прадстаўнікі працоўных калектываў і арганізацый, якія праявілі сябе ў вытворчай і невытворчай дзейнасці, грамадска-палітычнай сферы. Гэта работнікі сельскай гаспадаркі, ЖКГ, прамысловых прадпрыемстваў, аховы здароўя, адукацыі і культуры, спорту, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый з розных раёнаў вобласці.
Таццяну Валянцінаўну ўсе добра ведаюць як выдатнага майстра друкаванага слова, актывістку і проста цудоўнага чалавека.
Нарадзілася Таццяна Сяргей (дзявочае прозвішча) на Шчучыншчыне, скончыла БДУ. Юнай дзяўчынай у 1978 годзе пераступіла яна парог раённай газеты «Савецкая вёска». Пачынала свой журналісцкі шлях карэспандэнтам, потым загадвала аддзелам пісем. Амаль шэсць гадоў працавала ўласным карэспандэнтам газеты “Гродзенская праўда”, а ў 2008 годзе зноў вярнулася ў рэдакцыю газеты “Дзянніца”, але ўжо ў ролі галоўнага рэдактара. Журналістыцы яна прысвяціла амаль 40 гадоў свайго жыцця! Добрасумленнай працай, добразычлівасцю, пачуццём адказнасці набыла павагу і аўтарытэт сярод калег.
Дзякуючы намаганням Т.В. Ступакевіч і творчага калектыву шчучынская раёнка неаднаразова была ў ліку пераможцаў прэстыжных конкурсаў, а таксама абласнога спаборніцтва сярод раённых і гарадскіх сродкаў масавай інфармацыі. А ў 2016 годзе “Дзянніца” атрымала дыплом лаўрэата XII Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера” ў намінацыі “Лепшы творчы праект года рэгіянальных, шматтыражных друкаваных СМІ”.
Таццяна Валянцінаўна Ступакевіч – дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, член Саюза журналістаў Беларусі, лаўрэат рэспубліканскай прэміі БСЖ “Залатое пяро”. Яе плённая праца не раз была адзначана шматлікімі высокімі ўзнагародамі, але, бадай найдаражэйшыя з усіх – журналісцкія. Напрыклад, званне “Выдатнік друку Беларусі”.
Сёння, як ні дзіўна, Таццяна Валянцінаўна Ступакевіч не аўтар матэрыялу, а яго герой. Вельмі рэдка бяруць інтэрв’ю і пішуць пра саміх журналістаў. Але сёння менавіта такі выпадак.
– У чым сакрэт вашага поспеху, Таццяна Валянцінаўна?
– Па жыцці дзейнічае закладзены бацькамі і школай прынцып: калі бярэшся за справу, выконвай яе як мага лепш. Я нічога не раблю дзеля “галачкі”. Высока цаню прафесіяналаў і якасную працу ва ўсім.
Лаўрэаты прэміі Гродзенскага аблвыканкама “Чалавек года Гродзеншчыны”, з якімі мне пашчасціла стаяць на адной сцэне падчас урачыстай цырымоніі, яшчэ раз пацвердзілі, што чалавек пры жаданні можа дабіцца многага. Прыемна было сустрэцца з людзьмі, якія закаханы ў сваю прафесію. Неаднаразовы прызёр Алімпійскіх гульняў Іван Ціхан, прызёр Паралімпійскіх гульняў Аляксандр Трыпуць, старшыня СВК “Свіслач” Гродзенскага раёна Васіль Густыр, генеральны дырэктар ААТ “Гродножилстрой” Алег Ушкевіч, дырэктар Лідскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Ядвіга Стацэвіч – гэтыя імёны ўражваюць. Да іх узроўню хочацца цягнуцца.
– Што паўплывала на выбар вамі прафесіі?
– Добрыя настаўнікі маёй роднай Ражанкаўскай школы, якія навучылі разумець прыгажосць роднага слова. Трывалыя веды замацаваў і ўніверсітэт.
Пераканана, што вельмі важна для чалавека правільна выбраць свой жыццёвы шлях. Праца займае большую палову нашага жыцця. Здорава, калі захапленне супадае з прафесіяй, таму абавязкова трэба знайсці сябе ў любімай справе. Я знайшла.
– Якімі былі вашы першыя крокі ў журналістыку?
– Я вырасла з юнкораў. Першы зароблены рубель – ганарар з раёнкі. Памятаю, як напісала замалёўку пра ветэрана вайны, што жыў побач. Мяне, юную школьніцу, уразіла, як суровы, нешматслоўны франтавік нечакана раскрыў сваю душу. За тую маю творчую работу я атрымала дыплом 1 ступені Усесаюзнага конкурсу. Магчыма, тады і адчула “смак” журналістыкі.
Вельмі рада, што мяне заўважылі і прынялі ў штат раённай газеты – тады яшчэ “Савецкай вёскі”. Нам, тагачаснаму маладому пакаленню, было ў каго вучыцца. А.С. Лагуновіч, А.Д. Змудзяк, М.С. Шаўчонак – па сённяшні дзень удзячна гэтым прафесіяналам сваёй справы за добрыя парады і падтрымку.
Ніколі не думала, што прыйдзе час і я стану рэдактарам нашай раёнкі. Радуе, што сёння газета карыстаецца аўтарытэтам. На старонках “Дзянніцы” знаходзяць сваё адлюстраванне грамадска-палітычныя і сацыяльна значныя падзеі. Прыемна, што для нашай газеты прыярытэт – людзі, іх поспехі і лёсы. Імпануе, што мы не стаім на месцы. У нас з’яўляецца шэраг новых творчых праектаў.
Здорава, што прыйшло новае пакаленне са сваім светапоглядам. Дзякуючы гэтаму я магу з упэўненасцю сказаць, што ў нашай газеты ёсць будучыня. Да таго ж у нас ужо закладзены надзейны падмурак, каб заняць сваё годнае месца ў інтэрнэт-прасторы.
– Вы ў свой час узначальвалі раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», таму добра знаёмы з жанчынамі-кіраўнікамі. Самі на працягу дзевяці гадоў кіравалі нашай раённай газетай. Як вы лічыце, жанчына павінна кіраваць ці падпарадкоўвацца?
– Жанчына павінна быць настолькі мудрай, каб у той сітуацыі, дзе трэба кіраваць, яна не баялася прымаць узважаныя рашэнні і несці за іх адказнасць. У іншай сітуацыі, магчыма, варта прапусціць на першы план моцнага, разумнага мужчыну, адчуць яго надзейнае плячо і прыслухацца да меркаванняў іншых. Гібкасць і мудрасць павінны прысутнічаць заўсёды. Трэба быць самакрытычнай, чуць іншых, рабіць вывады, шукаць кампрамісы.
– Журналісту як чалавеку творчаму патрэбна натхненне. Ці бываюць моманты, калі муза знікае?
– Раней мне здавалася, што без натхнення нельга напісаць матэрыял. Неяк прачытала, што ў вядомага пісьменніка Анатолія Рыбакова над рабочым сталом вісела іранічнае выслоўе: “Каб напісаць, трэба пісаць”. Залатыя словы.
Мяне натхняюць мае героі, сустрэчы з імі. З кожнай паездкі вяртаюся поўная новых творчых сіл, і муза, здаецца, сама дыктуе тыя самыя важныя словы. Я пачынаю суперажываць герою, глядзець на свет яго вачыма. У выніку атрымліваецца цікавы, жывы матэрыял, напісаны з душой.
– За доўгую працу на журналісцкай ніве вам пашчасціла сустрэцца не з адным дзясяткам цікавых людзей. Успомніце пяць самых яркіх герояў вашых публікацый.
– Я магу назваць і 500 імёнаў... Але, безумоўна, былі яркія зорачкі. Напрыклад, мастак Ян Кузьміцкі. Ураджэнца нашага Жалудка лёс занёс у далёкую Швецыю, аднак ён памятае і любіць сваю малую радзіму. Прыязджаў у Шчучын з выставай сваіх работ, заходзіў у рэдакцыю.
Уразіў мяне лёс і перанесеныя выпрабаванні мужнага чалавека, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Мікалаевіча Юр’ева.
Цёплыя ўспаміны пакінула сустрэча з тады яшчэ юнай спявачкай Анжалікай Ялінскай. Гэта не проста прыгажуня, але і сапраўдны патрыёт сваёй краіны.
Ніколі не забуду знаёмства з вядомымі пісьменнікамі Васілём Быкавым і Генадзем Бураўкіным. У мяне нават кнігі ёсць з іх аўтографамі! І такіх сустрэч было вельмі шмат.
– А ў каго яшчэ вы хацелі б узяць інтэрв’ю?
– Напэўна, у нашага Прэзідэнта!
– Калі не журналістам, то кім?
– Ёсць добрая песня ў журналістаў:
“Трое суток шагать, трое суток не спать
Ради нескольких строчек в газете…
Если снова начать, я бы выбрал опять
Бесконечные хлопоты эти…”
Гэта ўсё пра мяне. Прызнацца, у юнацтве мяне вабіла яшчэ адна прафесія. Ну, як “запасны аэрадром”. Магла б быць і поварам. Мне здавалася, што можна гатаваць з натхненнем, здзіўляць афармленнем разнастайных страў, радаваць людзей. Адно ведаю дакладна: якую б я прафесію ні выбрала, сваю справу імкнулася б рабіць найлепшым чынам. Цяпер як журналіст мару сабраць і надрукаваць на старонках раёнкі старажытныя рэцэпты беларускай кухні шчучынскага краю.
– Не раз вабілі вас агні вялікіх гарадоў і заморскія далі, чаму вы абралі менавіта Шчучын на месца жыхарства?
– Можа таму, што я вельмі люблю свой родны горад. Для мяне Шчучын самы прыгожы, арыгінальны, каларытны! Я люблю цеплыню людскіх сэрцаў. У нас жыве шмат цікавых, творчых і проста добрых людзей. Гэта адчуваецца і ў горы, і ў радасці.
– Ці ёсць у вас хобі?
– Так! Журналістыка! (Усміхаецца). А яшчэ я вельмі люблю падарожнічаць. Для мяне вандроўкі – гэта не толькі паездкі да мора. Я радуюся магчымасці больш даведацца пра наш раён, заехаць у Старыя Васілішкі і падзівіцца на веліч касцёла Св. Пятра і Паўла, адкрыць для сябе штосьці новае ў клубе-музеі Чэслава Немэна.
Цікавяць мяне і іншыя краіны з іх традыцыямі і архітэктурнымі дзівосамі. Мне пашчасціла пабываць у Расіі, Польшчы, Германіі, Англіі, Швецыі і нават пераняць вопыт журналістаў шведскай газеты “Берглагспостэн” у горадзе Ліндэсберг, дзе была калісь на стажыроўцы.
– Вострага пяра вам, Таццяна Валянцінаўна, новых цікавых сустрэч і дасягненняў!
Дыялог вяла Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.