Цікавы дыялог адбыўся ў рамках праекта “ШАГ”, у якім прымалі ўдзел вучні дзвюх гарадскіх школ

“Ад кожнага з нас залежыць развіццё і дабрабыт нашай роднай Беларусі” – да такой высновы прыйшлі вучні дзвюх гарадскіх школ падчас цікавага дыялогу, які адбыўся ў рамках праекта “ШАГ”.

 

На мінулым тыдні ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” для вучняў 8-11 класаў СШ №3 г. Шчучына прайшла інфармацыйная гадзіна на тэму “Незалежная і квітнеючая Беларусь. Мы зрабілі гэта разам “. Удзел у мерапрыемстве прымалі таксама і рабяты з СШ №2, якія часова займаюцца ў трэцяй гарадской школе.

 

На сустрэчу са школьнікамі прыйшла намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. Аб чым жа ішла гутарка падчас гэтай сустрэчы?

 

– У наступным годзе мы будзем адзначаць трыццацігоддзе незалежнасці нашай краіны: у 1990 годзе Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, – нагадала вучням Алена Васільеўна. – 19 красавіка 2019 года Прэзідэнт нашай краіны А.Р. Лукашэнка ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь абазначыў важныя дасягненні суверэннай краіны за мінулыя амаль трыццаць год і вызначыў асноўныя прыярытэты руху наперад. Ён гаварыў аб тым, як ва ўмовах складанейшых геапалітычных, эканамічных, грамадскіх, рэгіянальных і глабальных трансфармацый будавалася і развівалася наша Беларусь, якая стала сёння краінай для жыцця чалавека – мірнай, стабільнай і вельмі прыгожай. На сённяшні дзень галоўнымі прыярытэтамі развіцця беларускай дзяржавы з’яўляюцца дабрабыт народа, міралюбівая знешняя палітыка і нацыянальная бяспека.

 

 

Сустрэча праходзіла ў форме дыялогу, падчас якога Алена Васільеўна задавала рабятам пытанні, прыводзіла яскравыя прыклады таго, як важна любіць і шанаваць сваю краіну, сваёй працай прымнажаць яе дасягненні. Яны разам разважалі над тым, чаму атрыманне суверэнітэту і незалежнасці з’яўляецца важнейшым дасягненнем для нашай краіны, як ператвараюцца ў жыццё ў Беларусі мэты ўстойлівага развіцця, якія магчымасці існуюць у нашай краіне, каб моладзь і кожны чалавек увогуле маглі цалкам рэалізаваць сябе, наколькі важна сёння для маладой дзяржавы падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, і пра многае іншае. 

 

 

Рабяты былі актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу, а напрыканцы разам падвялі вынікі цікавай размовы.

 

– Ад кожнага з нас залежыць развіццё і дабрабыт нашай роднай Беларусі, – сышліся яны ў меркаванні. – Пакуль наш унёсак у вялікую справу развіцця краіны – добрая вучоба. А праз некалькі год, калі атрымаем прафесію, будзем старацца рабіць усё магчымае, каб эканоміка ўздымалася на новы, высокі ўзровень яшчэ больш упэўненымі крокамі, каб рос дабрабыт беларусаў, каб наша краіна для людзей мацнела і квітнела. Гэта – наша агульная справа.

 

 

Рабяты задалі свае пытанні Алене Васільеўне, абмеркавалі праблемы, якія іх хвалявалі. Карыснай і цікавай атрымалася сустрэча.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!