Жыццёвая сітуацыя патрабуе разгляду
-- Мне сорак год, не працую. Самастойна знайсці работу не атрымліваецца, бо ёсць праблемы са здароўем і ў сувязі з гэтым – медыцынскія абмежаванні па працоўнай дзейнасці. Некалькі разоў вакансія была, лічы, у руках, але ў апошні момант высвятлялася, што ў кола новых абавязкаў уваходзілі і тыя, выконваць якія мне нельга. Хвалююся: мала таго, што не магу забяспечваць сям’ю, дык яшчэ і ў базу грамадзян, не занятых у эканоміцы, патрапіў. І цяпер як уласнік кватэры з усімі выгодамі павінен буду аплачваць за падагрэў вады па поўным кошце… Магчыма, ёсць якія паслабленні для такіх, як я?
Леанід, жыхар Шчучына.
На пытанне адказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Іванавіч НАВІЦКІ:
-- Па-першае, не варта падаць духам: хто шукае -- заўжды знаходзіць. Знойдзецца работа і па Вашых сілах. Пры пошуках месца працы можаце звярнуцца ў камісію па садзейнічанні занятасці насельніцтва на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, а таксама разлічваць на дапамогу аддзела дзяржаўнай службы занятасці. А што датычыць аплаты за жыллёва-камунальныя выгоды па сабекошце, то ў людзей, якія патрапілі ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі, ёсць шанц быць вызваленымі ад гэтага абавязку -- поўнасцю ці часткова. Правам прымаць такое рашэнне надзелена вышэй згаданая камісія.
Рэкамендацыі, якія жыццёвыя сітуацыі лічыць цяжкімі, дадзены Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Між тым камісіі будуць прымаць рашэнне ў кожным асобным выпадку – з улікам розных абставін і нюансаў. Да прыкладу, цяжкай жыццёвай сітуацыяй можа быць прызнана тая, калі грамадзянін, уключаны ў базу даных як непрацуючы, вымушаны ажыццяўляць догляд непрацаздольнага сваяка. Як вядома, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам догляд можа быць забяспечаны за інвалідам першай групы ці чалавекам, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту, але наша жыццё часам не ўкладваецца ў дакладна акрэсленыя рамкі. Бываюць выпадкі -- вельмі патрэбен догляд блізкаму, які патрапіў у аварыю, або дзіцяці, якое працяглы час хварэе і не можа наведваць школу… Ці такая няпростая сітуацыя: па месцы жыхарства грамадзяніна работы няма, а дабрацца ў населены пункт, дзе ёсць вакансія, немагчыма, бо грамадскі транспарт туды не ходзіць... Дарэчы, наяўнасць у чалавека абмежаванняў да працаўладкавання па медыцынскіх паказаннях, немагчымасць знайсці работу па месцы пражывання ў сувязі з дрэнным станам здароўя таксама могуць быць прызнаны цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі. Мне здаецца, гэта якраз Ваш выпадак. Так што абавязкова звяртайцеся ў нашу камісію. Рашэнне праблемы будзем шукаць разам.
Паважаныя чытачы, давайце разам знаходзіць адказы на пытанні, якія датычаць рэалізацыі Дэкрэта №3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”.
Тэлефануйце на нумары 28-8-45 и 29-2-03 (у рабочы час).
Таццяна ПАЛУБЯТКА.