Свая справа: у Шчучыне адчыніўся сучасны манікюрны кабінет

Рабіць рукі дзяўчат і жанчын прыгожымі шчучынка Кацярына Мармыш пачала яшчэ ў старэйшых класах школы. Спачатку для сябе, а потым для знаёмых – стварала незвычайныя малюнкі на ногцях, цікавілася рознымі тэхнікамі ўпрыгожвання ў нешматлікіх на той час майстроў. Але тады яна нават не ўяўляла, што здолее пачаць сваю невялічкую справу і нават зарабляць грошы салоннымі працэдурамі.
– Першую прафесійную ўльтра­фіяле­тавую лямпу для сушкі манікюра мне падарыла мама падчас майго навучання ва ўніверсітэце. Так усё і пачалося, – расказвае Кацярына. – Падчас водпуску па догляду дзіцяці я вырашыла займацца манікюрам і педыкюрам прафесійна, таму з’явілася ідэя знайсці падыходзячае памяшканне і абуладкаваць яго пад сучасны манікюрны кабінет.


У пошуках памяшкання дапамаглі ў райвыканкаме, прапанавалі некалькі плошчаў, якія можна арэндаваць. Свой выбар Кацярына спыніла на кабінеце ў будынку па вуліцы Авіятараў. На працягу некалькіх месяцаў ішлі рамонтныя работы: падводзілі водазабеспячэнне, займаліся разводкай электраправодкі, выраўноўвалі і фарбавалі сцены. Уся падрыхтоўка да адкрыцця была зроблена за свае сродкі. 
Зараз у кабінеце працуюць два майстры, якія мяняюцца зменамі. Кацярына запрасіла да сябе Вікторыю Хрыптовіч, якая таксама вельмі доўгі час займаецца манікюрам. Дзяўчаты назапасілі шматлікую кліенцкую базу, таму працаваць іншы раз даводзіцца без выхадных. Каб зацікавіць кліентаў, Кацярына ўвяла сістэму зніжак і падарачных сертыфікатаў на паслугі. 


Канешне, нават вопытнаму майстру неабходна ўвесь час павышаць свой узровень, таму дзяўчына прайшла шэраг курсаў па мадэліраванні, нарошчванні і лепцы ў гродзенскіх, мінскіх і гомельскіх майстроў. На матэрыялах для манікюра і педыкюра Кацярына не эканоміць: карыстаецца толькі праверанымі, таму што ад гэтага залежыць якасць выніковай працы. Тое ж самае датычыцца і апрацоўкі інструментаў, якая складаецца з двух этапаў – спачатку ў дэзінфекцыйным растворы, а потым у сухажаравай шафе. 
– Хацелася б падзякаваць выковаючай абавязкі дырэктара дзяржаўнай установы па ахове і выкарыстанні маёмасці “Авіятар” Вользе Панасевіч за дапамогу, – зазначае Кацярына. – Увесь час, пакуль я рыхтавалася да адкрыцця, яна вельмі аператыўна адказвала на ўсе мае пытанні і давала парады. Паколькі гэта мой першы крок у старце сваёй справы, я сумнявалася, шукала падтрымкі і знайшла яе, у тым ліку і сярод родных. Вельмі рада таму, што ёсць магчымасць займацца сваёй справай, пры тым на спрошчаных умовах. 
Юлія ЦІМАШЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!