Журналіст атрымаў заданне… Выйсці на лёд з чэмпіёнамі, або “Арляняты” вучаць перамагаць
Як толькі ў раёне ўсталявалася марознае надвор’е, многія аматары актыўнага адпачынку рванулі на каткі. Паддаўся спакусе і я, хоць стаяў на каньках апошні раз прыкладна ў 6 класе. Вырашыў, калі вучыцца – то ў прафесіяналаў! Таму накіраваўся ў Орлю, дзе трэніруюцца дзеючыя чэмпіёны краіны па хакеі – зборная каманда “Арляняты”.
На месца прыбыў якраз у разгар трэніроўкі рабят пад кіраўніцтвам хакейнага “гуру” раёна Уладзіміра Уладзіміравіча Хелскага. Яго выхаванцы насіліся па лядовай пляцоўцы, нібы метэоры. На хвіліну мне падалося, што катацца на каньках проста – стаў і паехаў. Аднак дастаткова было зрабіць пару крокаў па лёдзе, як зразумеў, наколькі моцна памыляўся: як ні імкнуўся паехаць прама, ногі ўпарта “тупацелі” на месцы, а потым і ўвогуле раз’ехаліся ў розныя бакі. Рабяты з усмешкай назіралі за крахам маёй хакейнай “кар’еры”, а потым дапамаглі падняцца.
-- З першага разу ні ў кога не атрымліваецца, -- супакоіў мяне Уладзімір Уладзіміравіч Хелскі. – Каб упэўнена адчуваць сябе на лёдзе, неабходна год, а то і болей рэгулярна трэніравацца. Таму вучу рабят катацца на каньках яшчэ ў пачатковай школе. Паступова яны асвойваюцца, і тады іх з катка не прагнаць!
Сярод тых, хто не ўяўляе сваё жыццё без хакею, – Аляксей Рымко. Ён– сапраўдны чэмпіён! Гэты тытул пацвердзіў двойчы, заваяваўшы ў складзе каманды “Арляняты” І месца ў чэмпіянаце краіны ў 2016 і 2017 гадах. Аляксей – нападаючы, і цалкам апраўдвае сваё амплуа, праводзячы вострыя і часта рэзультатыўныя атакі на вароты саперніка.
-- Летась я быў капітанам малодшага саставу орлеўскай хакейнай зборнай, а ў гэтым сезоне буду выступаць у старэйшай падгрупе, -- зазначае Аляксей. -- Побач са мной за званне мацнейшых хакеістаў рэспублікі будуць змагацца мае сябры. Нас звязваюць гады сумесных трэніровак і мноства праведзеных матчаў, таму ўпэўнены: у “Арлянят” ёсць усе шанцы перамагчы на сёлетнім чэмпіянаце! У сваю чаргу прыкладу ўсе намаганні, каб наша зборная вярнлася дадому з кубкам і медалямі.
У перамогу любімай каманды верыць і малодшая сястра Аляксея Ганна Рымко, якая, нагледзеўшыся на брата, таксама асвоіла канькі, авалодала клюшкай і цяпер паспяхова разбівае стэрэатып, што хакей – выключна мужчынская гульня.
-- Спачатку я пастаянна падала, а потым налаўчылася катацца, -- дзеліцца Ганна. – Цяпер упэўнена адчуваю сябе на лёдзе. Са мной рэгулярна трэніруецца мая сяброўка Ганна Карповіч. На жаль, у нас пакуль не хапае дзяўчынак, каб сабраць жаночую зборную па хакеі. Затое мы актыўна гуляем у футбол: летась у складзе зборнай каманды раёна занялі І месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах па міні-футболе. Увогуле, я не ўяўляю свайго жыцця без спорту. Не разумею сваіх аднагодак, якія “прападаюць” у сацсетках і інтэрнэце. Аддаю перавагу актыўнаму адпачынку, дзе ёсць месца сапраўднаму сяброўству, яскравым эмоцыям і адрэналіну. Разам з тым не забываю і пра вучобу: у школе па розных прадметах атрымліваю толькі “выдатна”!
Сярод тых, хто ўжо даволі трывала трымаецца на лёдзе, – пяцікласнік Ягор Крупіца.
-- Захапленне хакеем мне перадалося ад брата Андрэя, які сёлета заканчвае школу, -- прызнаецца Ягор. – Летась у складзе старэйшага саставу каманды “Арляняты” ён стаў віцэ-чэмпіёнам краіны па хакеі. Я быў вельмі ўражаны яго поспехамі, таму вырашыў сам паспрабаваць выйсці на лёд. Спачатку было складана праехаць на каньках нават пару метраў, затое цяпер магу выпісваць розныя выкрунтасы.
У Орлеўскай СШ умець катацца на каньках павінен кожны – такога прынцыпу прытрымліваецца настаўнік фізічнай культуры Уладзімір Уладзіміравіч Хелскі. Для абучэння рабят у навучальнай установе налічваецца 60 пар канькоў розных памераў, якія актыўна выкарыстоўваюцца падчас трэніровак.
Зімовы сезон у разгары, і наперадзе “Арлянят” чакаюць рэспубліканскія спаборніцтвы. Таму цяпер рабяты трэніруюцца амаль кожны дзень.
-- Ні на хвіліну не сумняваюся ў сваіх выхаванцах, бо ведаю, што яны ўмеюць перамагаць, -- падкрэслівае трэнер У.У. Хелскі. -- Дзякуючы намаганням старшыні райвыканкама Сяргея Васільевіча Ложэчніка цяпер у нас ёсць новая лядовая пляцоўка і ўвесь неабходны спортінвентар для камфортных трэніровак. Дапамог і хакейны клуб “Нёман”, які падарыў “Арлянятам” хакейную экіпіроўку. Як вынік, зараз да нас прыязджаюць трэніравацца рабяты не толькі з Орлі, але з Зачэпічаў, Ліпічанкі, Ліпічна, Дварчанаў і іншых навакольных вёсак. Ці гэта не здорава?!
Развітанне з юнымі хакеістамі было доўгім. І зусім не таму, што я марудна расшнуроўваў свае канькі. Рабяты з задавальненнем дзяліліся сваімі эмоцыямі і расказвалі аб асабістых спартыўных дасягненнях. А яшчэ… запрасілі мяне на вячэрнюю трэніроўку. Аказваецца, лядовая пляцоўка ў Орлі функцыянуе да позняга вечара, а пасля дзятва дружна дапамагае трэнеру заліваць каток. Развітваючыся, пра сябе адзначыў: вось дзе ўмацоўваецца камандны дух і загартоўваецца характар! Так трымаць, чэмпіёны!
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара і Ганны КАСПЕР.