Святая рэліквія з Рыму – для касцёла св. Тэрэзы Авільскай

Мошчы св. Тэрэзы Авільскай – апякункі шчучынскай парафіі – цяпер будуць захоўвацца і ў касцёле, які носіць яе імя

Учора ў касцёле св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адбылася вялікая ўрачыстасць, прысвечаная Дню памяці рэфарматаркі іспанскага кармеліцкага манаства, першай жанчыны-багаслова ў каталіцкім Касцёле, першай іспанскай пісьменніцы Тэрэзы з Авіля. Яна праходзіць традыцыйна штогод і заўсёды збірае вялікую колькасць прыхаджан. У гэты асаблівы дзень вельмі важна кожнаму прыняць удзел у парафіяльным адпусце, каб атрымаць дараванне ўсіх сваіх грахоў.

На гэты раз урачыстасць ладзілася падчас кананічнай візітацыі Шчучынскага дэканату, калі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведвае парафіі сваёй дыяцэзіі, каб даведацца пра тое, як дзейнічае касцёл, якія існуюць магчымасці для духоўнага развіцця прыхаджан. Такая падзея адбываецца раз у пяць год. Аляксандр Кашкевіч і цэлебраваў урачыстую святую Імшу ў гонар апякункі парафіі.

На пачатку ўрачыстасці пра гісторыю і развіццё шчучынскага касцёла, пра самыя цяжкія і самыя яркія старонкі яго існавання расказаў пробашч парафіі айцец Андрэй Агель. Ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваім казанні акрэсліў асноўныя вехі жыцця Тэрэзы Авільскай.

Падчас святой Эўхарыстыі юныя прыхаджане падносілі дары, якія прымаў ксёндз-біскуп: букет кветак – на алтар для Пана Бога, ружанец – як сімвал малітвы ружанцовай, што праходзіць у кастрычніку, рэліквіяж з мошчамі св. Тэрэзы Авільскай і хлеб з віном, якія падчас святой Эўхарыстыі ператвараюцца ў цела і кроў Хрыста.  

Галоўным момантам свята стала асвячэнне  мошчаў св. Тэрэзы Авільскай.

– Да гэтага часу наш касцёл не меў мошчаў сваёй патронкі, – гаворыць айцец Андрэй. – Гэта стала магчымым дзякуючы айцам-кармелітам, да ордэну якіх належала і Тэрэза. Яны прывезлі для нас гэту святую рэліквію з Рыма. З сённяшняга дня мошчы будуць знаходзіцца ў алтары св. Тэрэзы, і кожны зможа ім пакланіцца і памаліцца, звяртаючыся з просьбай да апякункі нашай парафіі.

Падчас святой літургіі ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч маліўся за ўсю нашу парафію: за дзяцей і дарослых, за кожную сям'ю, а таксама за тых людзей, якіх ужо няма на гэтым свеце. Ён асвяціў і благаславіў усіх удзельнікаў святой імшы.

А незадоўга да ўрачыстасці Яго Эксцэленцыя разам з пробашчам Шчучынскай парафіі пабывалі на прыёме ў старшыні Шчучынскага райвыканкама А.В. Садоўскага, падчас якога абмеркавалі пытанні развіцця нашага раёна. Дарэчы, біскуп Аляксандр Кашкевіч – часты госць у нашым рэгіёне і пастаянны ўдзельнік галоўных касцельных урачыстасцей.

 

У той жа дзень святары разам з біскупам пабывалі ў Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе наведалі аддзяленні і памаліліся за людзей, якія хварэюць. Сустрэўся ксёндз-біскуп і з адной з малітвеных груп, што дзейнічаюць у парафіі. Вельмі ўразіла яго колькасць дзяцей-міністрантаў, якія ўваходзяць у літургічную службу алтара: 46 хлопчыкаў! Пазнаёміўся ён і з дзейнасцю іншых малітвеных груп.  Біскуп асвяціў капліцу ў кляштары, дзе моляцца ксяндзы.

Дзеці і дарослыя падзякавалі біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу за яго пастаянную ўвагу да нашай парафіі і ўдзел ва ўрачыстасці і падарылі яму цудоўныя букеты. А ён у сваю чаргу павіншаваў прыхаджан са святам і пажадаў касцёлу далейшага працвітання. Словы падзякі пробашч парафіі Андрэй Агель. адрасаваў мясцовай уладзе за пастаянную падтрымку і разуменне, усім ксяндзам Шчучынскага дэканату і прадстаўнікам праваслаўнай царквы – Благачыннаму Шчучынскай акругі Аляксандру Пасцерняку і протаіерэю Анатолію Казакевічу – за тое, што раздзялілі радасць урачыстасці, а таксама ўсім прыхаджанам за дапамогу ў арганізацыі свята і удзел у святой імшы.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!