Першы падарунак

Акцыя “Падары немаўляці вышыванку” прайшла ў радзільным аддзяленні Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Таццяна Ганчарук і галоўны бухгалтар раённага камітэта БРСМ Юлія Тарасевіч прыйшлі павіншаваць шчаслівых матуль з нараджэннем дзетак і ўручыць немаўляткам вышыванкі – першы ў іх жыцці падарунак. 

– Акцыя “Падары немаўляці вышыванку” праводзіцца ў рамках рэспубліканскага маладзёжнага праекта “Беларусь — крынiца натхнення”, – расказала Таццяна Васільеўна. – Усе мерапрыемствы, што праходзяць у рамках праекта, аб’яднаныя ідэяй пра тое, што крыніцай натхнення для творчасці, развіцця, стваральнай працы сучасных беларусаў з’яўляюцца найбагацейшыя традыцыі і гісторыя Беларусі, найвялікшая культурная спадчына мінулых пакаленняў, любоў і павага да Радзімы.
Т.В. Ганчарук павіншавала матуль і ўручыла кожнай з іх вышыванку для дзіцяці, а таксама падарунак. Напярэдадні галоўнага свята нашай краіны ў шчучынскім раддоме нарадзіліся дзве дзяўчынкі і хлопчык. А ўвогуле ў гэтым годзе тут з’явіліся на свет 47 дзетак.
У прыемнай цырымоніі таксама прынялі ўдзел галоўны ўрач Шчучынскай ЦРБ С.Г. Амбрушкевіч, урачы і медсёстры. Яны таксама атрымалі вышыванкі ад маладзёжнай арганізацыі БРСМ.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!