“Заўсёды ад душы дапамагаю людзям”. Настаўніца пачатковых класаў Галавічпольскага дз/с-СШ Тарэса Вацлаваўна Скерсь ужо больш за 16 год узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю гэтай установы адукацыі
Сёлета адзначаецца 100-годдзе Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Шчучынская раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў пачатковай і сярэдняй школы была створана ў 1945 годзе. За гэты перыяд яе узначальвалі людзі ініцыятыўныя, адказныя, якія душой хварэлі за агульную справу.
І сёння сярод старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый ёсць тыя, хто не адзін год працуе на гэтай няпростай пасадзе. Для іх галоўнае – клопат пра людзей, пра іх здароўе і дабрабыт. Адна з іх – настаўніца пачатковых класаў Галавічпольскага дз/с-СШ Тарэса Вацлаваўна Скерсь, педагог з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, амаль 40-гадовым педагагічным стажам, якая на працягу 16 год узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю гэтай установы адукацыі.
Завочна з Тарэсай Вацлаваўнай былі знаёмы даўно: яна часта дасылае ў рэдакцыю заметкі пра сумесныя паездкі свайго калектыву па цікавых мясцінах, якія арганізоўвае па прафсаюзнай лініі. І вось выпала нагода сустрэцца асабіста. Урокі якраз закончыліся, і першакласнікі Тарэсы Вацлаваўны, а ў класе іх сямёра, накіраваліся з выхавацелем на прагулку…
– Ведаеце, я вельмі задаволена, што ў жыцці атрымалася так, што жыву і працую на сваёй малой радзіме, – гаворыць мая суразмоўца. – Праўда, прайшло часу, пакуль я сюды вярнулася. Мая родная вёсачка – Вялікае Сяло, што ў Васілішкаўскім сельсавеце. Вучылася ў Касцянеўскай васьмігодцы і па прыкладзе роднага брата Франца Вацлававіча Арабчыка, які цяпер працуе дырэктарам Ляшчанскага дз/с-СШ, выбрала педагогіку, пра якую марыла з дзяцінства. Ваўкавыскае педвучылішча закончыла з чырвоным дыпломам і атрымала спецыяльнасць “настаўнік пачатковых класаў, старшы піянерважаты”. Паколькі ў мяне было права выбару – вярнулася ў Шчучынскі раён. Першым маім працоўным месцам стала школа ў в. В. Сяло Жалудоцкага сельсавета. Менавіта там сустрэла свайго мужа Станіслава Іванавіча.
Адпрацавала Тарэса Вацлаваўна па размеркаванні два гады, і маладая сям’я перабралася ў Гродна, дзе ў Станіслава Іванавіча была работа. Тарэса Вацлаваўна знайшла месца настаўніка пачатковых класаў у СШ №23 г. Гродна.
– Сем год работы ў гэтай школе сталі для мяне гадамі актыўнага прафесійнага росту, – гаворыць Тарэса Вацлаваўна. – Дзякуючы сапраўдным прафесіяналам, якія там працавалі, я пазнаёмілася з усімі сучаснымі методыкамі, выкарыстоўвала ў сваёй рабоце самыя розныя педагагічныя прыёмы, увогуле назапасіла вельмі каштоўны вопыт, якім карыстаюся да гэтай пары.
Адзін за адным у сям’і Тарэсы Вацлаваўны і Станіслава Іванавіча нарадзіліся трое дзетак: Марыя, Насця і Антон. Паколькі муж пастаянна быў у раз’ездах, яны прынялі рашэнне, што Тарэса Вацлаваўна расціць дзяцей паедзе да сваёй матулі ў родную вёску, на свежае паветра. Дый бабуля ўнукаў няньчыць дапаможа. Толькі тая часовая паездка аказалася лёсавызначальнай. Калі нечакана пайшла з жыцця мама Тарэсы Вацлаваўны, яны з мужам засталіся жыць у В. Сяле: расцілі дзяцей, даглядалі гаспадарку. Тарэса Вацлаваўна працавала ў сваёй роднай Касцянеўскай школе, а калі яе зачынілі, перайшла ў Галавічпольскую.
– Я вельмі люблю дзяцей! – шчыра прызнаецца мая суразмоўца. – Часам мне здаецца, што я амаль цалкам была занята сваёй прафесіяй і вучнямі, а сваім дзецям даставалася менш увагі. Тым не менш яны выраслі дастойнымі людзьмі, і я імі вельмі ганаруся. Усім траім любоў да хіміі і біялогіі прывіла мой былы класны кіраўнік і мая калега – настаўніца хіміі і біялогіі Ганна Міхайлаўна Шостак, таму Марыя і Антон сталі ўрачамі, а Насця – біятэхнолагам. Марыя з мужам жывуць у Гродне, выхоўваюць двух дзетак. Марыя працуе выкладчыкам па педыятрыі ў медыцынскім каледжы. Насця з сям’ёй пасялілася ў Слуцку – на радзіме мужа. Яна – мікрабіёлаг на Слуцкім мясакамбінаце, толькі цяпер даглядае маленькую дачушку, а муж – урач-анестэзіёлаг. Антон закончыў школу з залатым медалём, Гродзенскі медуніверсітэт – з чырвоным дыпломам і вырашыў займацца судмедэкспертызай. Нашы дзеці і ўнукі – гэта наш гонар, усё наша жыццё.
А з якой радасцю расказвае Тарэса Вацлаваўна пра сваіх вучняў!
– Я вельмі рада, што яны вучацца з жаданнем, – гаворыць настаўніца. – У нас жа цяпер так шмат самых розных магчымасцей. – У нас новыя буквары, пропісі з анімацыяй, дзе счытваецца кожны элемент, з QR-кодамі. Увогуле, у мяне так атрымліваецца, што кожны раз, калі я набіраю чарговы першы клас, з’яўляецца штосьці новае, прапаноўваюцца новыя тэхналогіі. Мне гэта вельмі падабаецца, таму што вучыць дзяцей я магу яшчэ больш цікава, а часам і сама разам з імі вучуся.
Быць выдатным, адданым сваёй справе настаўнікам, Тарэсе Вацлаваўне ніколькі не перашкаджае яе так званая грамадская нагрузка. Ужо больш за 16 год яна з’яўляецца старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.
– Ведаеце, заўсёды ад душы дапамагаю людзям, прафсаюзная работа – гэта маё, – шчыра прызнаецца Тарэса Вацлаваўна. – Мне зуcім не складана з ёй спраўляцца, таму што ў прафсаюзнага камітэта вельмі надзейны сацыяльны партнёр – дырэктар школы Жанна Адамаўна Пашук. Мы разам вырашаем усе пытанні, заўсёды дапамагаем людзям. Члены нашага калектыву адпачываюць у санаторыях, атрымліваюць кампенсацыі за пуцёўкі, а таксама важкую дапамогу для ўмацавання здароўя, на іншыя мэты. Інтарэсы людзей заўсёды знаходзяцца на першым месцы. Члены нашага калектыву ў кожнай складанай сітуацыі адчуваюць увагу і рэальную падтрымку з боку прафсаюзнай арганізацыі.
Не выпадаюць з поля зроку прафсаюзнага лідара маладыя спецыялісты. Кожнаму з іх Тарэса Вацлаваўна расказвае аб асаблівасцях дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі. Моладзь прымае ўдзел у кіраванні справамі ўстановы, рабоце прафкама, у раённых мерапрыемствах. Маладым спецыялістам аказваецца фінансавая падтрымка.
– У нашым калектыве ёсць свой вельмі важны дакумент, я б сказала “маленькая Канстытуцыя”, – гаворыць Тарэса Вацлаваўна. – Гэта Калектыўны дагавор, у якім прадугледжаны сацыяльныя гарантыі для работнікаў.
За 16 год сваёй прафсаюзнай дзейнасці Тарэса Вацлаваўна неаднаразова была адзначана рознымі ўзнагародамі. Пад яе кіраўніцтвам пярвічная арганізацыя была пераможцай абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы. У 2018 годзе пярвічная прафсаюзная арганізацыя Галавічпольскага дз/с-СШ стала лепшай у раёне, а ў студзені 2019 года Галавічпольскі дз/с-СШ заняў другое месца ў абласным галіновым аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку работы па развіцці сацыяльнага партнёрства. І ва ўсім гэтым ёсць заслуга нераўнадушнага чалавека, адказнага старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Тарэсы Вацлаваўны Скерсь.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.