Залатыя рукі майстра

 

Для Людвіка Ермака з вёскі Дамуцеўцы адыходзячы 2020-ы год знакавы, сёлета яму споўнілася 80. І такі ладны кавалак жыцця мужчына пражыў годна, сцвярджаюць яго родныя і землякі. “У Людвіка Казіміравіча залатыя рукі, – так ахарактарызаваў вяскоўца старшыня Шчучынскага сельвыканкама Станіслаў Возны. – Усё жыццё ў будаўніцтве адпрацаваў”.

 

Добра раз пачуць, але куды лепш на свае вочы пабачыць. Вось і мы з’ездзілі ў Дамуцеўцы, папярэдне атрымаўшы на гэта дазвол гаспадара і гаспадыні і дакладныя арыенціры, як пазнаць іх дом. Варта сказаць – патрапілі адразу, бо стыльную сядзібу Ермакоў прамінуць проста немагчыма. Дом з балкончыкам, акуратны і дагледжаны. У глыбіні падворка яшчэ некалькі дабротных пабудоў: летняя кухня, лазня, майстэрня, хлеўчукі… Калодзеж і той, як цацачка – ацынкаваны і пафарбаваны, а вада з яго падаецца ў дом пры дапамозе матора. Дарэчы, усе пабудовы – у “фірменных” ермакоўскіх колерах – белым і салатавым. А ў палісадніку перад домам, прыпарушаная сняжком, стаіць скульптурка Маці Боскай у акружэнні ваз з кветкамі. “Яна нас і ратуе, – з пачцівасцю заўважае гаспадыня дома Соф’я Віктараўна. – Праўда, яшчэ да канца не ўстанавілі, але зробім абавязкова”.

 

 

Соф’я Віктараўна – жанчына прыемная і гаваркая. Людвік Казіміравіч больш стрыманы ў размове, але, дзякуй яму, меў вытрымку, калі мы з яго жонкай гутарылі, і нават дапаўненні важныя рабіў. Гэтыя людзі разам каля 60 гадоў, ведаюць адно аднаго з маленства. “Я з бацькамі жыла ў саміх Дамуцеўцах, а ён – на хутары ля вёскі, – успамінае гаспадыня дома. – Сям’я Ермакоў была мнагадзетная – ажно 10 дзяцей: сем сясцёр і трое братоў, Людвік – сёмы. І ўсім доля была…”.

 

Бацькі дзяўчыны і хлопца, як кажа Віктараўна, “зналіся” і перашкод для стварэння іх маладой сям’і не было. У 1963 годзе, у правадную нядзелю пасля Вялікадня, яны згулялі вяселле. “І, лічы, адразу пачалі будаваць сваю хату, – расказвае гаспадыня. – Цяжка гэта справа давалася. Сям’я ў мужа была вялікая, багацця не мелі. Ды і тата майго Людвіка памёр малады… Таму яму давялося, закасаўшы рукавы, усё рабіць самому. І вокны, і дзверы майстраваў, і печкі клаў”. “Сапраўды так?” – звяртаюся да Людвіка Казіміравіча. Той пацвярджае. Калі спатрэбілася, кажа, і кавальскую справу асвоіў, нават крыху ў кузні працаваў. “Ён самы найлепшы сталяр, – нахвальвае мужа жонка. – З маленства гэтым рамяством цікавіўся. Яшчэ будучы хлапчуком, змайстраваў драўляны ровар. Усе дзеці каталіся, а мне нават даткнуцца не дазваляў (смяецца). А потым і вёдры драўляныя рабіў, і розны посуд, і прылады. Нават пілу цыркулярную! А ў Лядскім касцёле да гэтага часу дзверы стаяць, яго рукамі зробленыя”. “Не галоўныя ўваходныя, а бакавыя, – удакладняе Людвік Казіміравіч. – Я іх рабіў разам з братам Станіславам, у свой вольны ад грамадскай і хатняй працы час”. “За гэта святар за ўсю вёску памаліўся”, – дадае жонка.

 

 

Дарэчы, за плячамі ў Людвіка Казіміравіча вялікі вопыт і значны працоўны стаж: 45 год ён адпрацаваў у калгаснай будаўнічай брыгадзе. З такімі ж як сам масцеравымі людзьмі ўзводзіў розныя вытворчыя і сацыяльныя аб’екты. Усё будавалася трывала.

 

Людвіка Казіміравіча Ермака цанілі ў калгасе “1 Мая”, і ў вёсцы, бо не адмаўляў, калі землякі прасілі дапамогі. Муж быў заняты з раніцы да вечара, і сама Соф’я Віктараўна рукі склаўшы не сядзела: у паляводства хадзіла, 15 год малаказборшчыкам была. І, лічы, усе хатнія клопаты ўсклала на свае плечы. А іх хапала! Ермакі заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, дарэчы, яшчэ толькі ў мінулым годзе карову прадалі. Да таго ж у сям’і раслі і выхоўваліся тры сыны і дачка. “Ян жыве ў прыгарадзе – ля Плянтаў, працуе вадзіцелем у “Шчучынаграпрадукце”, Вайцех – электрыкам у філіяле спажывецкай кааперацыі, Міра вывучылася на бухгалтара, жыве ў Гродне. А Павел непадалёку – у Тур’і, цяпер у фірме “НеманАгра” працуе, – пералічвае маці. І не без гонару зазначае: – Сваіх дзяцей мы з мужам вучылі толькі на добрае. Каб працу любілі, з Богам у душы жылі, да людзей паважліва ставіліся і нас, бацькоў, не забывалі. Дзякуй Богу, так і выйшла”.

 

У Соф’і Віктараўны і Людвіка Казіміравіча ўжо 6 унукаў і 4 праўнукі. Да гэтага года на ўсе вялікія рэлігійныя святы і сямейныя ўрачыстасці дзеці з сем’ямі абавязкова збіраліся ў Дамуцеўцах. Толькі сёлета з-за ковіду вымушаны былі парушыць традыцыю, каб не прынесці бяду ў бацькоўскую хату. Аднак хвароба гэта ўсё ж зачапіла сям’ю. Так, праўнучцы Сафійцы (ёй толькі месячык), калі падрасце, абавязкова раскажуць гісторыю яе з’яўлення на свет. Малую тут жа разлучылі з мамай – усё з-за гэтай “кароны”. “Нават хрысціць давялося, захоўваючы меры бяспекі, а фота цырымоніі ксёндз па мабільніку даслаў, – дзеліцца прабабуля. – Дзякуй Богу, ужо ўсё добра”.

 

У вёсцы, калі маеш гаспадарку, і зімой спраў хапае. Вось і Казіміравіч, развітаўшыся, заспяшаўся кацёл распальваць, каб цяпло ў дом пусціць. А Віктараўна накіравалася хатнюю жывёлу даглядаць і абед гатаваць. А заснежаная скульптурка Маці Боскай так і засталася стаяць на варце ладу і спакою насельнікаў гэтага дома і іх родных.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!