У Шчучыне стартаваў 2 тур дзіцячай гандбольнай лігі “ZUBR CUP”
У спарткомплексе па вуліцы Авіятараў у Шчучыне стартаваў 2 тур дзіцячай гандбольнай лігі “ZUBR CUP” пад патранажам Брэсцкага гандбольнага клуба імя Мяшкова. Акрамя шчучынскіх гандбалістаў, у прэстыжным турніры прымаюць удзел юнакі 2003-2004 гадоў нараджэння з Гомеля, Брэста, Жлобіна і Баранавічаў.
У першым матчы нашы спартсмены сустрэліся з гомельскай камандай. З першых хвілін стала зразумела, што гульня будзе вельмі напружанай. Гандбалісты абедзвюх зборных пастаянна атакавалі, прычым даволі рэзультатыўна: у канцы першага тайма лік на электронным табло быў 17:18 на карысць шчучынцаў.
У другой палове сустрэчы барацьба яшчэ больш узмацнілася: амаль кожная атака заканчвалася забітым голам. У выніку шчучынскія гандбалісты перамаглі гамельчан з адрывам усяго ў 2 мяча – з лікам 40:38.
Наперадзе нашу каманду чакаюць матчы з гандбольнымі дружынамі Брэста, Жлобіна і Баранавічаў. Гульні 2 тура будуць праходзіць у спарткомплексе па вуліцы Авіятараў у суботу з 10.00 і нядзелю з 9.00. Прыходзьце падтрымаць шчучынскую зборную!
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.