У восень жыцця -- яркія фарбы!

Маладыя артысты раённага цэнтра культуры падарылі свята пажылым шчучынцам

Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сабралі людзей сталага веку, каб падарыць ім цудоўны настрой.  Выстава эксклюзіўных работ, аўтарамі якіх з'яўляюцца пенсіянеры, што раскрылі свой талент ужо будучы на заслужаным адпачынку, адразу прыцягвала ўвагу сваёй разнастайнасцю.

Вышываныя кампазіцыі і вязаныя цацкі, саламяная інкрустацыя і карункі, вырабы з ніцей, дрэва, каляровай паперы -- ва ўсім гэтым кавалачак душы народных майстроў. А з некаторымі рукадзельніцамі, як да прыкладу, вышывальшчыца Вольга Мацвееўна Смірнова можна было пазнаёміцца і пагутарыць.

Неўзабаве абаяльная вядучая Алена Барэль запрасіла ў канцэртную залу, інтэр'ер якой, здаецца, афармляла сама лэдзі Восень. Цёпла віталі гасцей намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі, дырэктар ТЦСАН С.У. Шанчук, загадчыца аддзялення гэтай жа сацыяльнай установы А.Р. Шпакоўская.

 А якую цудоўную праграму падрыхтавалі маладыя выканаўцы РЦКіНТ! Як гарманічна гучалі залатыя галасы Ілоны Танкевіч, Галіны Будзько, Дзмітрыя Панова, Алёны Касатавай, Машы Мілеўскай і Машы Сідаровіч. "Брава!" -- крычалі акардэаністу-віртуозу Яўгену Вашчылу.

Вядомыя шлягеры дружна падхоплівала ўдзячная публіка, далоні гарэлі ад шчырых апладысментаў, а інтэрактыўны фармат сустрэчы дазваляў жартаваць, успамінаць, абменьвацца парадамі.

-- Беражыце сябе! Вы самыя, вашы досвед і мудрасць нам вельмі патрэбны, -- запэўнівала моладзь прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

 Мерапрыемства атрымалася надзвычай цёплым і нефармальным. "Свабодны мікрафон" пераходзіў з рук у рукі. У зале аказалася столькі жадаючых прачытаць уласныя вершы, раскрыць душу, выказаць словы падзякі за гэту імпрэзу, сімвалізуючую повязь пакаленняў.
Варта пачытаць:
Залаты фонд нашага грамадства
С уважением к “золотому возрасту” и людям нашим дорогим

Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!