Як гэта – сэрцам не старэць – дзеляцца жыхары Шынкаўцаў Софія і Пётр Калбыкі
“Часта ад людзей, што родам з гэтых мясцін, але даўно ў гарадах, чую: “Мы шынкаўскія!” А я ім у адказ: “Гэта я шынкаўская, бо тут амаль 60 год жыву”, – з усмешкай распавядае Софія Цітаўна Калбыка, як вы зразумелі, жыхарка вёскі Шынкаўцы.
Цёплы вераснёўскі дзянёк спрыяе нашай шчырай гутарцы, якую вядзем у акружэнні яркіх прыродных “дэкарацый”. Акуратны падворак заліты сонцам, пад прамянямі яго грэюцца кветкі – ружы, астры, аксаміткі… “Кветкі – маё хобі. Сею, палю, паліваю. Пры тым адчуваю, што нешта важнае раблю, – дзеліцца жанчына. – Люблю і садоўніцтва: нядаўна вось заказала новыя сарты пладовых дрэў і кустоў. Трэба ўсім цікавіцца, каб і памяць захаваць, і ясны розум”.
Софіі Цітаўне ў ліпені споўнілася 80. Але гэтыя лічбы зусім не дапасуюць да яе знешняга выгляду і душэўнага настрою. Жанчына імкнецца сэрцам не старэць: многа чытае, цікавіцца навінамі ў краіне і свеце, ладзіць з людзьмі, заўжды гатова даць мудрую параду, выступіць міратворцам у бытавым канфлікце, падказаць, куды звяртацца ў той ці іншай сітуацыі… А ў размове проста зараджае субяседніка аптымізмам і пазітывам.
Софія Цітаўна родам з вёскі Слабада Валожынскага раёна. З’явілася на свет у мнагадзетнай сям’і. Бацька – Ціт Іванавіч Жук – быў чалавекам адукаваным, нават крыху настаўнічаў. А мама – Марта Феліцыянаўна (дарэчы, паходзіла са шляхецкага роду Сухадольскіх) – славілася як швачка. Гэта майстэрства перадала і дочкам. “Ва ўсіх нас, чатырох сясцёр, меліся швейныя машынкі, як і здольнасці да гэтай справы”, – дзеліцца Софія Цітаўна.
У 1962 годзе Софія Жук скончыла тэхнікум у Ашмянах, атрымала спецыяльнасць “Бухгалтар-планавік” і прыехала на працу на Шчучыншчыну – у калгас імя Кірава з цэнтрам у Багушах. У гэтых мясцінах працоўны шлях распачала, тут яго і завяршала. Працавала спачатку ў канторы – бухгалтарам- эканамістам. А пасля замужжа, калі ўжо нарадзіліся дзеці, перавялася загадчыцай на ферму ў Шынкаўцах. “Садка ж не было, малодшую дачку даводзілася браць з сабой, – расказвае жанчына. – Пазней перайшла на працу ў “бытоўку” у Багушах. Калі ў 90-х яе зачынілі, аформіла пенсію. Але не ўседзела дома: яшчэ некалькі год насіла пошту”.
Пры нашай размове прысутнічаў гаспадар дома Пётр Сцяпанавіч. Слухаў, дапаўняў. Гэта з-за яго некалі прыгажуня Софія Жук з-пад Валожына назаўжды змяніла сваю прапіску. “Пеця толькі вярнуўся з арміі. Аднойчы я перад сваімі бухгалтарамі пахваліла яго: маўляў, добры хлопец, – успамінае жанчына. – Тыя, вядома ж, пераказалі. Хутка мы пазнаёміліся. 57 год разам”.
На маё пытанне, як захаваць любоў і лад у сям’і на многія гады, мудрая Софія Цітаўна кажа: “Паважаць трэба адно аднаго. Калі ж хто і буркне часам, то не ўступаць у перабранку, а проста на той момант сысці. Каб не атрымалася, як у той прытчы пра двух козлікаў, якія, сустрэўшыся на кладцы праз рэчку, не саступілі адзін аднаму дарогу і патанулі”. “Я так і раблю”, – з усмешкай рэагуе на маналог жонкі Пётр Сцяпанавіч. “Вы, Цітаўна, напэўна, камандзір у сям’і”, – заўважаю я. “Яшчэ які!” – зноў адгукаецца Пётр Сцяпанавіч. Не пярэчыць і жонка: “Без каманды войска гіне!”
Трэба сказаць, што Пётр Сцяпанавіч і сам некалі ўваходзіў у “камандны” састаў: падчас службы ў арміі быў старшыной батарэі, і ў калгасе, лічы, 30 год адпрацаваў загадчыкам і аграномам вытворчага ўчастка. Прызначылі яго пасля таго, як скончыў сельгастэхнікум. А пачынаў Пётр Калбыка работу на зямлі механізатарам – пайшоў па слядах свайго бацькі. І сёння ветэран працы шчыра прызнаецца, што тады, у кабіне трактара, адчуваў сябе на сваім месцы. Любіў гэту справу, працаваў старанна і самааддана, за што і пашану меў. У снежні 1973 года перадавік вытворчасці Пётр Калбыка быў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У скарбонцы ўзнагарод ёсць і медаль “За доблесную працу”. “Некалі на маім участку толькі адной бульбы 75 гектараў засаджвалі. Трэба было перабраць, уручную загрузіць. Восенню месяц капалі – не толькі мясцовыя людзі, але і з горада, потым буртавалі, – прыгадвае Пётр Сцяпанавіч. – А цяпер на полі вунь якая тэхніка! Праўда, наша гаспадарка “другі хлеб” ужо не вырошчвае. Зусім мала жадаючых займацца бульбай і сярод вяскоўцаў”.
А самая дарагая ўзнагарода для мужа і жонкі Калбыкаў – цудоўныя дзеці. Бацькі ганарацца сынам і дочкамі. Мікалай пачынаў працу на малой радзіме, а цяпер ён – знатны механізатар вытворчага кааператыва імя Крэмко Гродзенскага раёна, сёлета на жніве стаў першым у вобласці і ў рэспубліцы камбайнерам-тысячнікам. Бацькі захоўваюць нумар абласной газеты, з першай старонкі якой усміхаецца іх працавіты сын. Дарэчы, Коля на сваім новенькім “Лексіёне” намалаціў багата збожжа. А хлебадайную эстафету прыняла ў яго старэйшая сястра Святлана: цяпер яна хлебапёк, а раней пэўны час працавала брыгадзірам і майстрам на хлебазаводзе. У спадчыну ад бабулі Марты жанчына атрымала шавецкі талент – спрабуе ствараць цудоўныя вясельныя ўборы. Яшчэ адна дачка Калбыкаў – Аня – атрымала юрыдычную адукацыю, працуе натарыусам у Шчучыне. Яна найбліжэй да бацькоў, іх апора і памочніца.
Безумоўна, сямейнае кола Калбыкаў становіцца шырэйшым, калі ў Шынкаўцы прыязджаюць унукі Дзіма, Валодзя, Саша і Насця, і праўнукі. “Радуюся з іх і малюся, – кажа Софія Цітаўна. – Мне ж неяк адна знахарка -прадказальніца сказала: “Твае словы даходзяць да Бога”. Вось і карыстаюся гэтым дарам”. Дарэчы, у сям’і Калбыкаў перапляліся дзве галіны хрысціянства, дзве веры. У святліцы побач каталіцкія і праваслаўныя іконы.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, старэйшыя Калбыкі без справы не сядзяць. Выгадавалі сёлета паўсотні трусоў, у гаспадарцы ёсць дзве казы, куры… “Да работы ёсць ахвота. Адно толькі не хочацца – старэць”, – кажа на развітанне Софія Цітаўна.
Дык няхай жа яшчэ доўга ўзрост не мае над вамі ўлады, добрыя людзі!
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.