Закон працоўнага пастаянства – 42 гады аддала рабоце ў жывёлагадоўлі Данута Казіміраўна Войтка

Данута Казіміраўна Войтка – чалавек, варты павагі. І за прафесійнае “доўгажыхарства”, і за працоўнае пастаянства – работу толькі ў “Пратасаўшчыне”, і за адданасць справе. Увогуле яе біяграфія – яскравая ілюстрацыя стваральных будняў, якімі насычана гісторыя нашага раёна і вобласці. Д.К. Войтка ўзначальвала фермы і комплекс і разам з калектывамі выводзіла іх у лідары. Зразумела, у зеніце працоўнай славы знаходзілася і сама. Пра гэта сведчыць стос грамат і дыпломаў, а таксама ордэн Дружбы народаў, якія беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве. 

 

“Рамашкавы” вопыт

У саўгасе “Пратасаўшчына”, куды ў 1975 годзе з дыпломам Ваўкавыскага зоаветтэхнікума прыйшла юная Дана, яе прызначылі лабарантам. А праз некалькі месяцаў ужо даверылі калектыў фермы з прыгожай назвай “Рамашкі”. Мяркуючы па здымках тых гадоў, малады спецыяліст і сама нагадвала яркую кветачку. Аднак дзяўчына звяртала на сябе ўвагу не толькі прывабнай знешнасцю. Кіраўніцтва адразу ацаніла яе энергічнасць, мэтанакіраванасць і адказнасць у адносінах да справы.

 

– Тады ў саўгасе якраз абнаўлялі статак – закуплялі жывёлу ў рэгіёнах Літвы і Расіі. Размяшчалі і на ферме “Рамашкі”. Дагледзець як след дарослае пагалоўе і маладняк – справа турботная для спецыяліста з вопытам, а тут я – юная, без практыкі, – успамінае мінулае Данута Казіміраўна. – Але мяне цудоўна прыняў калектыў: людзі падказвалі, дапамагалі, многаму навучылі. Там мне вельмі добра працавалася, гэта быў першы каштоўны вопыт.

 

Работнікі фермы падтрымалі, бо ведалі: іх маладая загадчыца вырасла не на гарадскім тратуары, а на зямлі, побач з імі, у Каменцы.

 

“Каменскі” перыяд

А праз год Данута выйшла замуж за Івана Войтку, з якім разам вучылася ў тэхнікуме і які таксама набіраўся вопыту ў “Пратасаўшчыне”. Дарэчы, калі яго прызначылі загадчыкам фермы “Каменка”, жонка пайшла туды ж лабарантам. Аднак яе арганізатарскі талент прасіўся на прастор. “Я камандавала, такі ўжо характар”, – з усмешкай прызнаецца цяпер Данута Казіміраўна. А калі аднойчы Івана Віктаравіча на два тыдні адправілі на курсы павышэння кваліфікацыі, і рабочыя абавязкі перайшлі да жонкі, тая зноў даказала: кіраваць калектывам можа і ўмее. Заўважыла гэта і кіраўніцтва саўгаса – прапанавала прыняць ферму. Застаўся пры справе – заатэхнікам-селекцыянерам – і муж.

 

У 80-ыя гады “Каменка” была новай малочнатаварнай фермай, падкрэслівае субяседніца. Тут першымі ў раёне ўкаранілі паточна-цэхавую сістэму, з’явіліся боксы для кароў і цялят, іншыя навінкі. На ферме ўтрымлівалася каля 600 жывёлін. Надой на карову даходзіў да 4000 кілаграмаў, што па тых мерках было і надта добра. “Нават зімой, у студзені, рагулі давалі па 7 літраў малака. “Дана, ты малайчына!”, помніцца, пахваліў за гэта Вінцэнты Іванавіч Казяк, які наведаў ферму, – прыгадвае Казіміраўна. – Зарплата была неблагая, людзі працавалі з ахвотай. А ўжо семінараў мы прымалі! Ехалі да нас па вопыт і з вобласці, і з рэспублікі”.

 

 

Дзелавая жанчына паспявала і дома, і на ферме. А яшчэ завочна скончыла сельгасінстытут, узначальвала цэхавую партарганізацыю, была членам бюро райкама і абкама партыі, прафсаюзнай актывісткай. “Між тым сама работа патрабавала шмат часу, – зазначае Д.К. Войтка. – У 5 гадзін раніцы – дойка, і я ўжо на ферме, вечарам да апоўначы дойка…”. І наўрад ці вытрымала б такі распарадак дня, каб не клапатлівы муж, не падтрымка любімай мамы, не спагадлівая свякроў, якая 13 год жыла разам з сям’ёй сына. Лічы, пад іх наглядам раслі дачка і сын. “Тады ж трохгадовых водпускаў па доглядзе дзяцей не было, – заўважае субяседніца. – Нарадзіла, некалькі месяцаў дома і на працу”.

 

А потым былі няпростыя 90-ыя, якія накінулі цесны абруч з матэрыяльных і бытавых праблем, змянілі вытворчыя і чалавечыя адносіны. “Па тры-чатыры месяцы не плацілі зарплату, у гаспадарцы змяняліся кіраўнікі… А мы заставаліся, – кажа Данута Казіміраўна. – У прыватнасці, я і Алена Антонаўна Шэўчык з фермы “Грамавічы”, працавалі не ў самых простых умовах. Увогуле жывёлагадоўля – гэта цяжка, тут няўдачы на надвор’е не спішаш”.

 

Новыя гарызонты

Калі ж пад сваё крыло гаспадарку ўзяў “Гроднааблгаз”, абазначыліся новыя гарызонты і перспектывы. Побач са старой фермай (яе рэканструявалі) узвялі новы малочнатаварны комплекс “Каменка”. Тут вопытны спецыяліст затрымалася яшчэ на 8 гадоў. Надоі ўжо даходзілі да 8 тысяч кілаграмаў, важкімі былі і прывагі.

 

“Мне з усімі людзьмі, у тым ліку з кіраўнікамі, добра працавалася, – зазначае субяседніца. – З Пятром Міхайлавічам Куцам была знаёма яшчэ з часоў вучобы ў тэхнікуме. А Віктар Анджэевіч Семяновіч – гэты спецыяліст ад Бога – зрабіў так, каб работа не засланяла нам жыццё, дом і сям’ю. Пад яго кіраўніцтвам працавала чатыры гады, але з такім можна і сто працаваць! З цеплынёй успамінаю і былога галоўнага заатэхніка Ігара Аляксандравіча Сарокіна, і галоўнага ветурача Часлава Паўлавіча Працкайлу”. 

 

Два гады таму Данута Казіміраўна пакінула клапотную пасаду начальніка комплексу. “Цяпер сачу за поспехамі калектыву і радуюся”, – кажа яна. Здавалася б, можна адпачыць. Аднак… “Была на рабоце і ўсё паспявала, а цяпер спраў – бясконцы паток”, – жаліцца яна і расказвае, што займаецца домам і агародам, ездзіць па святых месцах, сустракае-праводзіць дзяцей. Дачка і сын даўно выраслі і не расчаравалі. Марына скончыла медінстытут, жыве ў Мінску, працуе на адказнай пасадзе ў Міністэрстве аховы здароўя. Уладзімір па прафесіі зоаінжынер, але заняты ў іншай сферы. Бацькі заўжды рады іх прыезду, а ўнуку Эдзіку – асабліва. Падлетак, лічы, усе канікулы ў Каменцы: і ў бабулі з дзядулем пагасцюе, і да 86-гадовай прабабулі Яніны Янаўны зазірне. Данута Казіміраўна не хавае задавальнення: мама – бы маяк у жыцці і”эліксір” для яе маладосці. 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!