З новым “Еўраоптам”!
На мінулым тыдні ў аграгарадку Васілішкі адчыніў дзверы для пакупнікоў магазін “Еўраопт”. Мясцовыя жыхары з задавальненнем успрынялі гэту навіну, ахвотна ацанілі асартымент гандлёвых паліц.
Дарэчы, дарога да новага гандлёвага аб’екта мясцоваму люду добра знаёмая: “Еўраопт” “прапісаўся” на вуліцы Савецкай – у будынку, дзе некалі знаходзіўся магазін спажыўкааперацыі. Зручны і рэжым яго работы – штодзённа з дзевяці гадзін раніцы да дзевяці вечара. Па ўзроўні цэн гандлёвая кропка адносіцца да дыскаунтараў, для пакупнікоў тут прадугледжаны разнастайныя акцыі і зніжкі.
Як расказала намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама С.Т. Калашнікава, гандлёвая плошча новага магазіна каля 200 квадратных метраў. Тут змешаны асартымент тавараў, які, мяркуецца, будзе пашырацца. Цяпер вяскоўцы могуць набыць малочную і мясную прадукцыю, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, шэраг іншых прадуктаў для свайго стала. Прадстаўлена і група прамысловых тавараў.
Дарэчы, у новым магазіне працуюць 11 чалавек, большая частка з якіх – мясцовыя жыхары. “Гэта вельмі добра, што нашы людзі атрымалі тут рабочыя месцы, – лічыць старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Тамара Іванаўна Зубрыцкая. – Між іншым, тут яшчэ ёсць вакансіі”.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота носіць ілюстрацыйны характар. Крыніца: evroopt.by.