З клопатам пра чытача. Па выніках працы за мінулы год калектыў Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі быў прызнаны лепшым сярод устаноў сферы культуры

Нягледзячы на інтэнсіўнае развіццё тэхналогій у апошнія дзесяцігоддзі цікавасць да кнігі не знікла, а бібліятэкі па-ранейшаму застаюцца папулярным месцам. Тое самае можна сказаць і пра Шчучынскую раённую бібліятэку імя Цёткі, калектыў якой быў прызнаны лепшым сярод устаноў сферы культуры.

 

Сёння ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” – гэта цэнтр культурна-асветніцкай, выхаваўчай і патрыятычнай дзейнасці. Сама ўстанова складаецца з 13 бібліятэк, аб камфорце чытачоў клапоціцца калектыў з 40 чалавек.

 

– Сёння бібліятэка ўжо не толькі месца, дзе сабраныя кнігі, а яшчэ і ўстанова, якая захоўвае гістарычную спадчыну і культуру Шчучыншчыны, – адзначае дырэктар Аляксандра Янкоўская. – У мінулым годзе намі быў прадстаўлены шэраг праектаў краязнаўчай тэматыкі. Так, праект “Захаваем сваю гісторыю” Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі быў адзначаны дыпломам 1 ступені ў абласным конкурсе краязнаўчых бібліятэчных праектаў “Аб мінулым – для будучыні”.

 

Тэматыцы краязнаўства надаецца вялікая ўвага з боку кожнай бібліятэчнай установы раёна. Бібліятэкары актыўна збіраюць звесткі для напісання летапісаў населеных пунктаў, запісваюць успаміны мясцовых жыхароў. Вынікам такой скрупулёзнай працы стала стварэнне ў мінулым годзе базаў даных “Шчучын: старонкі гісторыі”, “Гісторыя яўрэяў Астрыны”, “Гісторыя Астрыны”.

 

 

Акрамя таго, Шчучынскай раённай бібліятэкай для школьнікаў ладзяцца шматлікія пазнавальныя паездкі, мэта якіх – знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай. На сёння бібліятэкай распрацаваны дзевяць маршрутаў па Шчучынскім раёне. Таксама арганізоўваюцца паездкі як па Гродзенскай, так і іншых абласцях краіны.

 

З развіццём тэхналогій, а асабліва інтэрнэту, бібліятэкі мусяць прыстасоўвацца да новых умоў працы. Таму Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі шырока прадстаўлена ў вэб-прасторы: працуюць два сайты, актыўна напаўняюцца інфармацыяй сацыяльныя сеткі ўстановы, а таксама выходзяць відэаролікі на канале ў YouTube.

 

 

Застаецца запатрабаванай і простая папяровая кніга – моладзь любіць чытаць фантастыку і замежную класіку. У сталага пакалення шырокай папулярнасцю карыстаецца дэтэктыўная і рамантычная літаратура, кажуць супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Тамара Менская і Ірына Гудач.

 

– Асаблівае значэнне бібліятэкі маюць для малых вёсак, – распавядае Аляксандра Янкоўская. – Там збіраюцца пажылыя людзі, каб пабачыцца, папіць гарбаты і, вядома ж, пачытаць добрую кнігу. Можна сказаць, што бібліятэкі ў малых населеных пунктах з’яўляюцца асаблівымі культурнымі прасторамі, дзе часта ладзяцца мерапрыемствы і праводзяцца святы.

 

 

Вядома, што сетка бібліятэк фізічна не можа пакрыць чытацкія патрэбы вялікага па плошчы Шчучынскага раёна. Таму для жыхароў аддаленых вёсак дзейнічае адмысловы бібліёбус, які абслугоўвае 63 населеныя пункты. Выезды ажыццяўляюцца па адзінаццаці маршрутах. Такая паслуга запатрабавана, пра што сведчаць чытачы бібліёбуса, летась іх колькасць складала 726 чалавек.

 

Вось так жыве і развіваецца сетка бібліятэк Шчучынскага раёна. Ідучы ў нагу з часам, гэтая ўстанова даказвае, што кніга актуальная і па сённяшні дзень, а інфармацыя – неацэнны скарб грамадства. Таму жадаем поспеху і новых дасягненняў калектыву ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі”.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!