Чарговае пасяджэнне раённай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі прайшло ў райвыканкаме
Пытанні прафілактыкі правапарушэнняў і праяўленняў карупцыйнай накіраванасці былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні раённай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А.В. Садоўскага. У рабоце камісіі прыняў удзел пракурор Шчучынскага раёна А.У. Дзямідаў.
– Дзейнасць раённай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі ў 2018 годзе была накіравана на прафілактычную работу, - паведаміў старшыня камісіі А.В. Садоўскі падчас справаздачы аб рабоце камісіі. – Праведзена 3 пасяджэнні камісіі, на якіх разглядалі пытанні выканання антыкарупцыйнага заканадаўства, папярэджання карупцыйных правапарушэнняў пры пастаноўцы на ўлік і выдзяленні жылля, вынікі праверкі дэкларацый дзяржаўных служачых. Былі заслуханы справаздачы 4 кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання раёна па пытаннях прафілактыкі карупцыйных праяваў.
З інфармацыяй аб стане карупцыйнай накіраванасці злачынстваў на тэрыторыі раёна ў мінулым годзе выступіў старшы оперупаўнаважаны аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі РАУС А.Я. Фецюкоў. Ён адзначыў, што за гэты перыяд аддзелам унутраных спраў райвыканкама ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі вялася мэтанакіраваная праца па выяўленні і спыненні злачынстваў карупцыйнай накіраванасці ў розных галінах і сферах эканамічнай дзейнасці.
У выніку праведзеных мерапрыемстваў на тэрыторыі раёна ў сферы эканомікі выяўлена 13 фактаў злачынстваў. Аляксандр Яўгенавіч прывёў шэраг прыкладаў, калі былі выяўлены і расследаваны альбо расследуюцца зараз факты карупцыйных праяў. Былі распачаты крымінальныя справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Шкода па выяўленых карупцыйных злачынствах склала больш за дваццаць пяць тысяч рублёў.
Далей у ходзе разгляду пытанняў парадку дня быў заслуханы даклад начальніка ўпраўлення эканомікі райвыканкама Ю.М. Вількевіча “Аб арганізацыі работы па ажыццяўленні ўладальніцкага нагляду ў гаспадарчых таварыствах, акцыі якіх належаць райвыканкаму, на прадмет правапарушэнняў, што ствараюць умовы для карупцыі”. У мэтах мінімізацыі рызык пры распараджэнні маёмасцю прапанавана выпрацаваць аднолькавы падыход да ажыццяўлення кантролю за дзейнасцю гаспадарчых таварыстваў, у тым ліку пры ацэнцы іх фінансавай дзейнасці і арганізацыі выплат узнагароджванняў. Пракурор Шчучынскага раёна А.У. Дзямідаў адзначыў, што для правядзення аўдыту фінансавай дзейнасці прадпрыемстваў неабходна прыцягваць не толькі адказных службовых асоб непасрэдна з арганізацыі, але і кампетэнтных спецыялістаў з другіх устаноў.
На пасяджэнні камісіі было разгледжана пытанне выканання аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама заканадаўства пры правядзенні закупак тавараў, работ і паслуг, падрадных таргоў у будаўніцтве. Пры абмеркаванні пытання члены камісіі сышліся ў меркаванні, што адной з прычын парушэнняў у сферы закупак з’яўляецца няпоўнае веданне заказчыкамі адпаведнага заканадаўства. Трэба адзначыць, што раённая камісія вельмі прынцыпова падышла да разгляду гэтага пытання. Былі ацэнены пазітыўныя моманты, выказана нямала крытыкі, унесены канструктыўныя прапановы, якія тычыліся абучэння адпаведных спецыялістаў, іх матывацыі, стварэння цэнтралізаванай структуры для правядзення закупак арганізацыямі сацыяльнай сферы раёна. Адно з выказаных прапаноў - распрацаваць адзіны пакрокавы алгарытм дзеянняў пры правядзенні дзяржаўных закупак.
На пасяджэнні таксама абмеркавалі рашэнне Гродзенскага аблвыканкама “Аб мерах па супрацьдзеянні карупцыі ў сістэме мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў”, прадстаўленне пракуратуры Шчучынскага раёна аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыяюць парушэнням антыкарупцыйнага заканадаўства аб захаванасці ўласнасці, а таксама пратакол пасяджэння рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.
– Размова адбылася зацікаўленая і карысная, – адзначыў А.В. Садоўскі. - Усім неабходна зрабіць высновы і працягнуць сістэмную работу ў працоўных калектывах.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.