Рука дапамогі, працягнутая дзецям і сям’і

14 студзеня 1918 года быў прыняты Дэкрэт Савета Народных Камісараў “Аб камісіях для непаўналетніх”, які вызначыў курс маладой дзяржавы на сацыяльнае выхаванне дзяцей і падлеткаў, у прыватнасці, барацьбу з безнагляднасцю дзяцей. З таго часу мінуў цэлы век. Пашыраліся паўнамоцтвы камісій, удакладняліся іх функцыі. Сёння камісіі па справах непаўналетніх выканаўчых камітэтаў – асноўнае каардынуючае звяно ў сістэме дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый, якія займаюцца выхаваўчай і прафілактычнай работай сярод непаўналетніх. Пра сутнасць важнай справы абароны дзяцінства расказвае Жанна Васільеўна Карпук – намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Шчучынскага райвыканкама.

– Жанна Васільеўна, перад камісіяй па справах непаўналетніх стаіць сур’ёзная задача – абараніць дзяцей ад жыццёвага негатыву, нярэдка ад іх уласных бацькоў, ад асяродку, дзе лёгка пераступіць закон і трапіць у бяду. Трэба прызнаць, гэта няпростая работа і вялікая адказнасць…
– Да таго ж яна па сіле толькі кампетэнтнай камандзе спецыялістаў і людзям, якія ўспрымаюць боль і праблемы чужых дзяцей як сваіх. Маім 18 калегам усё гэта ўласціва. У камісіі працуюць поплеч прадстаўнікі ўсіх суб’ектаў прафілактыкі: некалькіх аддзелаў райвыканкама – адукацыі, спорту і турызму, унутраных спраў, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра і ТЦСАН, ЦРБ, грамадскіх аб’яднанняў і іншых. Старшынёй камісіі па справах непаўналетніх з’яўляецца вопытны і кампетэнтны ўпраўленец і проста нераўнадушны чалавек Ганна Станіславаўна Хвядзюк. Лічу, людзям іншага складу характару працаваць у камісіі немагчыма. У свой час работу гэтага органа накіроўвалі Уладзімір Раманавіч Дубок – ён, дарэчы, самы вопытны член камісіі, і Іван Юльянавіч Сакалоўскі, які ўзначальваў камісію з 1995 года па красавік 2010-га. Стыль работы гэтых службовых асоб – дзелавітасць, дакладнасць, канкрэтнасць. Гэтай важнай рабоце яны аддаюць не толькі свае веды і прафесіяналізм, але і душэўныя сілы, і часцінку сэрца, поўнага чуласці і вялікай любві да дзяцей. І раней, і цяпер у складзе камісіі былі людзі з вопытам і прадстаўнікі маладога пакалення. Праца многіх з іх заслугоўвае асаблівай удзячнасці. Так, шмат год запар неацэнны ўклад у важную справу абароны дзяцінства ўносіць урач-нарколаг Людміла Яраславаўна Чудоўская. Адказным і ўдумлівым падыходам да работы з сем’ямі і дзецьмі вызначаецца дырэктар СПЦ Дзіна Яўгенаўна Войцюль. Неабыякавасць і ініцыятыўнасць уласцівы першаму сакратару РК БРСМ Алене Славаміраўне Богдзель, якая актыўна і паспяхова займаецца працаўладкаваннем падлеткаў падчас летніх канікул. Значны пласт работы па прафілактыцы правапарушэнняў у падлеткавым асяродку на плячах начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Юрыя Аляксандравіча Пляханава. І сёння запатрабаваны многія напрацоўкі былых членаў нашай камісіі – праваахоўніка Валерыя Раманавіча Мікалайчыка, урача Святланы Пятроўны Круповіч і іншых іх калег. Усе гэтыя людзі не толькі добра ведаюць законы, але і надзвычай чулыя, нераўнадушныя… 
Нашу камісію вызначае прынцыповая пазіцыя яе членаў, адкрыты дыялог, заснаваная на даверы камандная праца. Летась мы правялі 29 пасяджэнняў. Разглядаўся шырокі спектр пытанняў прафілактычнай і выхаваўчай накіраванасці: аб стане злачыннасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, вяртанні дзяцей у сям’ю, бяспецы іх жыцця… У прыватнасці, скрупулёзна абмяркоўвалі арганізацыю выхаваўчай работы ў сельгасліцэі. Там няпростая сітуацыя: з 15 злачынстваў, зарэгістраваных у раёне ў 2017 годзе ў падлеткавым асяродку (дарэчы, гэта на 9 менш, чым у 2016 годзе), 13 учынілі навучэнцы гэтай установы. Між тым, заслугоўвае адабрэння пазіцыя і алгарытм дзеянняў новага кіраўніцтва ліцэя, якое ўзмацніла прафілактычны вектар работы.
– У нашай дзяржаве абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей і падлеткаў заўжды надавалася важнае значэнне. Пацвердзіла гэта і прыняцце ў 2006 годзе прэзідэнцкага Дэкрэта №18.
– Дэкрэт дазволіў павысіць эфектыўнасць работы па абароне дзяцей, прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы. У прыватнасці, спрасціў працэдуру адабрання дзяцей у нядбайных бацькоў. Разам з тым даў шанц апошнім змагацца за вяртанне дзяцей у сям’ю. Раней гэта вырашалася ў судзе, праходзіла больш складана, і фактаў аднаўлення ў бацькоўскіх правах было вельмі мала. Цяпер такія прыклады не рэдкасць. Так, у мінулым годзе адпаведнае рашэнне прынята па дваіх дарослых, у якіх трое дзяцей. А ўвогуле з 2011 года шчасце стаць сям’ёй зноў адчулі 11 мам і татаў, а значыць, і 14 іх дзяцей. Адна супружная пара дабілася права бацькамі звацца, калі іх дзіця ўжо знаходзілася ў прыёмнай сям’і, якая хацела малога ўсынавіць... Калі такое здараецца, адчуваеш радасць: сям’я выратавана!
З прыняццем Дэкрэта стала менш фактаў сямейнага недабрабыту, няма яго рэзкіх і экстранных праяў. Так, калі ў 2010 годзе ў нядбайных бацькоў было адабрана 74 дзіцяці, то летась – толькі 28. Усяго ж за перыяд з 2007-га па 2017 год было адабрана 446 дзяцей, з іх у біялагічныя сем’і вернуты 263. Што пацвярджае – дэкрэт працуе: суб’екты прафілактыкі своечасова выяўляюць крызісныя сем’і і прыходзяць ім на дапамогу. Ды і самі людзі ўжо ведаюць патрабаванні закона, усведамляюць, якія меры будуць прыняты ў выпадку парушэння правоў непаўналетніх у сям’і. 
– Мне здаецца, у рабоце з сям’ёй важна прытрымлівацца запаведзі “не нашкодзь”…
– Як паказвае дзесяцігадовая практыка работы ў рамках Дэкрэта №18 у нашым раёне, няма выпадкаў адабрання дзяцей з сям’і без папярэдняй сістэмнай работы. Спачатку аказваем праблемнай ячэйцы грамадства рознабаковую дапамогу: дапамагаем наладзіць быт і пазбавіцца ад шкодных звычак. І даводзім бацькам: іх дзецям патрэбны ўвага, разуменне, клопат, ласка, парада… Калі ж бацькі не жадаюць мяняцца, па-ранейшаму неналежным чынам выконваюць свае абавязкі, тады толькі ставіцца пытанне аб дзяржаўнай абароне. Паверце, перш чым прыняць рашэнне, любая крызісная сітуацыя скрупулёзна разглядаецца. Да таго ж адабранне дзяцей з праблемнай сям’і – не пакаранне, а прафілактыка. Гэта яшчэ адзін шанц вярнуцца да нармальнага жыцця. На жаль, не ўсе дарослыя яго выкарыстоўваюць. Абяцаюць выправіцца, але слова сваё не трымаюць. У адной нядбайнай супружнай пары дзяцей адбіралі і вярталі дамоў чатыры разы, але ўсё ж давялося выйсці з іскам на пазбаўленне бацькоўскіх правоў. 
– Самая вялікая нагрузка ў рабоце па аказанні дапамогі сям’і кладзецца на…
– На ўстановы адукацыі раёна. Актыўна задзейнічаны таксама медыцынскія работнікі, супрацоўнікі міліцыі, сельвыканкамы, іншыя суб’екты прафілактыкі... У апошні час узровень міжведамаснага ўзаемадзеяння значна вырас.
– Хто часцей змагаецца за сям’ю – мужчына ці жанчына?
– Жанчына. Вось толькі адзін прыклад. Маладая асоба, аднойчы ўжо пазбаўленая бацькоўскіх правоў, нарадзіла другое дзіця і… сваімі асацыяльнымі паводзінамі дала зразумець: лёгка з ёй не будзе. Немаўлятка ў яе забралі, і здавалася, гэта ўсё. Аднак перамены адбыліся. Наша камісія і кіраўніцтва раёна пасадзейнічалі, каб маладзіца як сірата атрымала пакой у інтэрнаце. З дапамогай сваякоў яна зрабіла там рамонт... І за 6 месяцаў аднавіла ўсё тое, што парушыла да гэтага часу. Цяпер, ці паверыце, у пакоях, дзе жыве гэта сям’я, узорны парадак! Муж працуе, абое не п’юць, а дзіця – проста казка! Мы і з раніцы, мы і бліжэй да ночы да іх – усё нармальна! 
– І ўсё ж хочацца завяршыць нашу размову на святочнай ноце. З якімі пачуццямі сустракаеце знакавую дату?
 – Удзячна лёсу, што даў мне магчымасць аказацца у камандзе цудоўных людзей, якія нястомна, не лічачыся з часам працуюць, каб ні адна сям’я, ні адно дзіця ў раёне не засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. Хачу сёння ад усёй душы падзякаваць ім за такую самаадданасць, а таксама нізкі паклон усім, хто супрацоўнічае з намі. Час і агульныя справы пацвярджаюць: гэта выдатныя спецыялісты, нераўнадушныя, мудрыя і адказныя людзі, надзеленыя вялізным цярпеннем і тактам. Што да мяне, то за час працы ў камісіі падвоілася пачуццё адказнасці і ўзмацнілася адчуванне запатрабаванасці менавіта ў гэтай сферы дзейнасці. А ўсведамленне важнасці работы было ў мяне заўжды. Як, зрэшты, і ва ўсіх маіх калег.
Гутарыла Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!