Эстафету – у надзейныя рукі!
Незвычайна пачаўся гэты рабочы тыдзень у ААТ “Шчучынаграпрадукт”. У панядзелак адбыўся сход працоўнага калектыву, на якім урачыста праводзілі на заслужаны адпачынак дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства Барыса Міхайлавіча Куца. У актавай зале сабраліся не толькі работнікі сельгасарганізацыі, але і завіталі шматлікія госці – старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Генадзій Баляслававіч Хоміч, кіраўнікі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Шчучыншчыны.
На працягу 25 гадоў Б.М. Куц нязменна ўзначальваў адну з перадавых сельгасарганізацый раёна.
– Тут прайшлі мае лепшыя гады, тут удалося рэалізаваць нямала цікавых эканамічных праектаў, – з хваляваннем прызнаўся Барыс Міхайлавіч.
Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, кандыдат эканамічных навук, сваю першую ўзнагароду ён атрымаў яшчэ ў 20 гадоў. Гэта быў медаль “За баявыя заслугі”, калі беларускі хлопец Барыс Куц са сціплай вёсачкі Рыбакі, што на Астрыншчыне, праходзіў армейскую службу ў “гарачай кропцы” ў Егіпце, прымаў непасрэдны ўдзел у баявых аперацыях, праяўляючы адвагу і мужнасць.
А вось мірны медаль “За працоўную адзнаку” заслужыў ён ужо на пасадзе галоўнага заатэхніка калгаса “1 Мая” – менавіта такую назву насіла калісь гаспадарка, што з цягам часу трансфармавалася ў адкрытае акцыянернае таварыства “Шчучынаграпрадукт”.
У “ліхія” 90-я на хвалі бурных перамен Барыс Міхайлавіч апынуўся на пасадзе намесніка старшыні раённага Савета народных дэпутатаў, але дастаткова хутка прыйшло ўсведамленне, што ягонае месца на пярэднім краі барацьбы за высокія ўраджаі, эфектыўную эканоміку і сучасную яву вёскі. У 1992 годзе Б.М. Куца на справаздачна-выбарным сходзе, прычым – на альтэрнатыўнай аснове, калгаснікі абралі сваім старшынёй.
“Мне пашанцавала. Я меў магчымасць укараніць у даверанай мне гаспадарцы ўласную мадэль развіцця аграпрадпрыемства – з развітай інфраструктурай, перапрацоўкай, фірменнымі гандлёвымі сеткамі. Мы па вельмі многіх пазіцыях былі першымі – гаспадарчым спосабам будавалі сучасныя фермы, дабіваліся высокай культуры земляробства, самых высокіх у рэгіёне надояў малака. Нашы камбайнеры штогод былі героямі рэспубліканскіх “Дажынак” і вярталіся з хлебаробскага фестывалю з галоўнымі прызамі,” – гаворыць Барыс Міхайлавіч.
У свой час гэты ўсюдыісны, стратэгічна мыслячы кіраўнік абараніў дысертацыю, тэма якой – рэфармаванне агракомплексу, і стаў кандыдатам эканамічных навук. Сваімі даследаваннямі заўжды кіраваўся на практыцы, робячы стаўку на перапрацоўку сельгаспрадукцыі, выпуск якасных прадуктаў харчавання, а яшчэ – на абавязковую шматпрофільнасць вытворчасці.
Жыццё паказала правільнасць такіх арыенціраў. За 25 гадоў кіраўніцтва “Шчучынаграпрадуктам” Барысу Міхайлавічу ўдавалася не толькі ўтрымліваць высокі статус роднага аграпрадпрыемства, але і пастаянна яго развіваць, падцягваць эканамічны патэнцыял больш слабых гаспадарак, узбуйняючы плошчы, пашыраючы магчымасці.
– Мы вельмі цэнім Ваш асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна, укараненне навукова-тэхнічных дасягненняў і выказваем Вам шчырыя словы падзякі за добрасумленную працу, – сказаў на сходзе працоўнага калектыву ААТ “Шчучынаграпрадукт” старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік. – Я даўно выношваю ідэю, каб стварыць у нашым раёне штосьці накшталт “Клуба дзелавых людзей”, дзе будуць збірацца мэтры, каб падзяліцца з маладымі кіраўнікамі і спецыялістамі-пачаткоўцамі сваім багатым прафесійным вопытам, падказаць, параіць. Упэўнены, абмен такім досведам будзе запатрабаваны і прынясе вялікую карысць.
Кіраўнік раёна ўручыў Б.М. Куцу ганаровыя граматы Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта.
Ад імя ўсіх кіраўнікоў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Шчучыншчыны слова трымаў А.В. Туля, дырэктар ААТ “Дэмбрава”. Старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Шчучынаграпрадукт” А.Г. Слушко усхвалявана жадала Б.М. Куцу не толькі цікавага адпачынку на пенсіі, але і далейшай творчай самарэалізацыі.
– Я таксама ўдзячны вам усім за нашу сумесную працу, – расчулена звярнуўся да залы віноўнік ўрачыстасці. – Заўсёды буду рады падтрымаць кожнага з вас, бо з’яўляюся дэпутатам сельскага і раённага Саветаў. Шчыра жадаю поспехаў новаму кіраўніку гаспадаркі. Мы заклалі добры падмурак пад будучы ўраджай, якасна правялі азімы сеў, а кампетэнтнасцю нашых спецыялістаў можна толькі ганарыцца.
Затым Генадзій Баляслававіч Хоміч прадставіў сабраўшымся Івана Сцяпанавіча Ханько – новага дырэктара ААТ “Шчучынаграпрадукт”, акрэсліў тыя няпростыя задачы, якія сёння стаяць перад прадпрыемствам, што перажывае пэўныя цяжкасці ў сувязі з даўгамі далучаных да таварыства эканамічна аслабленых гаспадарак. Іван Сцяпанавіч працаваў галоўным спецыялістам па кормавытворчасці філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”, калісь пачынаў свой шлях з рабочай спецыяльнасці і ўпэўнена крочыў па прыступках прафесійнага росту. Пажадаем яму быць дастойным пераемнікам добрых спраў і добрых традыцый, каб прымножыць здабыткі гаспадаркі і яе працоўныя поспехі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.