Нерухомасць не павінна пуставаць, а прыносіць карысць. На базе Шчучынскага раёна прайшоў рэспубліканскі выязны семінар
Як захаваць і паспяхова ўвесці ў гаспадарчы абарот пустуючыя будынкі і забудовы, якія з’яўляюцца дзяржаўнай маёмасцю? Чым можна прыцягнуць сюды інвестараў? Гэтыя і шматлікія іншыя пытанні разглядаліся падчас рэспубліканскага выязнога семінара, які прайшоў на базе Шчучынскага раёна з удзелам намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргея Рычардавіча Зямчонка, намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вячаслава Анатольевіча Абрамава, начальніка галоўнага ўпраўлення распараджэння маёмасцю Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вікторыі Віктараўны Васільевай, а таксама кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый краіны, дзе ёсць незадзейнічаныя плошчы і пустуючыя будынкі.
Высокіх гасцей вітаў намеснік старшыні райвыканкама А.В. Садоўскі. Ён пазнаёміў з дзейнасцю дзяржаўнай установы па ахове і выкарыстанні маёмасці “Авіятар”, якая дзейнічае ў нашым раёне з 2005 года.
– Асноўнай мэтай арганізацыі з’яўляецца захаванне будынкаў і забудоў былога ваеннага гарадка і паступовае ўключэнне іх у гаспадарчы абарот, – гаворыць Аляксей Валянцінавіч. – Усяго ў нашым раёне налічваецца 334 такія аб’екты. З іх спісаны – 89, прададзены – 64, здадзены ў арэнду – 48, пераведзены бязвыплатна ў маёмасць – 49, выкарыстоўваюцца балансаўтрымальнікамі – 24, уключаны ў спіс непрыгодных – 45. Асноўная колькасць аб’ектаў сканцэнтравана на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома “Точный”, плошча якога складае 578,8 гектара. Менавіта тут рэалізаваны перспектыўныя інвестпраекты: пабудаваны сонечная электрастанцыя магутнасцю 2,5 Мвт (інвеставана 3,5 мільёна рублёў) і сельскагаспадарчы комплекс па вырошчванні шампіньёнаў (інвеставана каля 10 мільёнаў рублёў).
У 2014 годзе падчас экалагічных акцый работнікі ДУ “Авіятар” сумесна з іншымі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна прывялі ў парадак двухкіламетровую бетонную ўзлётна-пасадачную паласу. Цяпер тут штогод праходзіць авіяцыйна-спартыўнае свята – самае маштабнае мерапрыемства ў раёне. Да ўсяго, у мэтах далейшага развіцця тэрыторыі былога аэрадрома тут вядзецца будаўніцтва грунтовай мотакросавай трасы працягласцю 1790 метраў. Ужо ў канцы бягучага месяца тут пройдуць спаборніцтвы.
– Асноўнай крыніцай прыбытку дзяржаўнай установы “Авіятар” з’яўляецца здача маёмасці ў арэнду, – зазначае начальнік упраўлення эканомікі райвыканкама Юрый Мечыслававіч Вількевіч. – Арганізацыя заключыла 47 такіх дагавораў у адносінах да 26 аб’ектаў агульнай плошчай 11588,6 квадратных метра. Дзякуючы гэтаму летась “Авіятару” ўдалося зарабіць амаль 130 тысяч рублёў. І работа па ўвядзенні пустуючых аб’ектаў у гаспадарчы абарот працягваецца!
У гэтым удзельнікі выязной сесіі пераканаліся падчас агляднай экскурсіі па аб’ектах, адноўленых або пабудаваных у Шчучыне і яго ваколіцах за апошні час.
Першым аб’ектам, які наведалі госці, стаў Палац творчасці дзяцей і моладзі. Яго велічнасць і прыгажосць нікога не пакінулі раўнадушным.
– Пасля завяршэння рэканструкцыі будынка ў 2015 годзе сюды пераехаў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, – зазначае дырэктар ПТДіМ Ірына Пятроўна Дзегцярова. – Тут створаны для дзетак усе ўмовы для заняткаў творчасцю і самарэалізацыі. У нас займаюцца 2300 рабят, з якімі працуюць 90 педагогаў дадатковай адукацыі. Яны вучаць дзяцей і падлеткаў спяваць, маляваць, танцаваць, ляпіць з гліны, дапамагаюць спасцігаць розныя віды народнай творчасці.
Госці пабывалі ў музеі, наведалі вучэбныя пакоі, актавую залу і канферэнц-залу, дзе ладзяцца культурныя і дзелавыя сустрэчы. Затым удзельнікі выязнога семінара накіраваліся да спарткомплексу па вуліцы Авіятараў.
– Наш сучасны спартыўны комплекс – вынік рэалізацыі маштабнага міжнароднага праекта ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь”, – дзеліцца дырэктар ДЮСШ г. Шчучына Віктар Юзэфавіч Шымановіч. – Будынак агульнай плошчай больш за паўтары тысячы квадратных метраў дастаўся нам у спадчыну ад ваенных. Намаганнямі будаўнікоў МПМК-167 ён быў рэканструяваны і прыведзены ў парадак. Цяпер тут размяшчаецца спартыўная зала, дзе праходзяць трэніроўкі па гандболе і міні-футболе. Таксама ёсць трэнажорная зала, якая ніколі не пустуе. На сённяшні дзень спарткомплекс наведваюць звыш 500 дзетак і каля 100 дарослых.
Удзельнікі выязной сесіі таксама заехалі на новы сельскагаспадарчы комплекс па вырошчванні шампіньёнаў, які нядаўна быў запушчаны ў эксплуатацыю.
– Наша прадпрыемства працуе па самых сучасных тэхналогіях, – гаворыць тэхнолаг ТАА “Логал-Био” Канстанцін Міхайлавіч Куц. – Комплекс займае плошчу 7 тысяч квадратных метраў і дазваляе вырошчваць 2,2 тысячы тон свежых шампіньёнаў у год. З уводам аб’екта ў эксплуатацыю было створана 95 працоўных месцаў. Хутка пачнецца будоўля яшчэ аднаго аналагічнага комплексу, які размесціцца побач.
З не меншым інтарэсам госці пазнаёміліся з дзейнасцю авіяклуба, які базіруецца на тэрыторыі былога аэрадрома. Дзякуючы намаганням лётчыка Андрэя Чарнышова і яго сяброў у нашым горадзе актыўна адраджаецца малая авіяцыя. Прычым кіраваць лёгкаматорнымі самалётамі і планерамі абучаюць нават дзетак, якія з задавальненнем наведваюць заняткі ў авіяшколе.
Апошняй кропкай маршруту быў падземны бункер, які знаходзіцца ля аграгарадка Руткевічы. Многія з гасцей прызналіся, што бачаць такую маштабную ваенную пабудову ўпершыню. Таму з задавальненнем згадзіліся на экскурсію па ўнікальным сакрэтным камандным пункце авіяцыйнай дывізіі.
– Такіх бункераў у Савецкім Саюзе было пабудавана ўсяго пяць, – расказвае дырэктар турыстычнай кампаніі “ЛорыСтур” Ларыса Георгіеўна Валчок. – Наш пабудаваны ў 1977 годзе і спраектаваны такім чынам, што мог вытрымаць ядзерны ўдар: гэта гарантуюць пяціметровы слой бетону і спецыяльны ўмацаваны контур. У двухпавярховым падземным будынку налічваецца каля 50 кабінетаў. У мірны час баявое дзяжурства тут неслі 10 чалавек. У выпадку вайны сюды перамяшчаўся б штаб. Бункер быў цалкам аўтаномны. Унутры працавала складаная сістэма ачышчэння паветра ад радыеактыўнага пылу і іншых шкодных прымесяў. У суседніх памяшканнях размяшчаліся склады са зброяй, запасамі прадуктаў і пітной вады. Ваенныя маглі на працягу месяца адсюль кіраваць баявымі дзеяннямі. Сувязісты забяспечвалі надзейную тэлефонную сувязь паміж падраздзяленнямі ўнутры бункера, а таксама са знешнім светам.
Удзельнікі выязнога семінара ўважліва слухалі экскурсаводаў, якія не толькі расказвалі цікавыя факты з гісторыі бункера, але і дэманстравалі процівагазы, рэчмяшок, рацыю, рэгістрацыйныя журналы і іншыя ваенныя артэфакты часоў “халоднай вайны”. На паверхні гасцей чакаў прыемны сюрпрыз – салдацкая каша і гарачая кава, якія спадабаліся ўсім.
Падводзячы вынікі семінара, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Рычардавіч Зямчонак адзначыў, што Шчучынскі раён займае перадавыя пазіцыі па тэмпах эканамічнага развіцця на Гродзеншчыне. І гэта не выпадкова! Тут заўсёды беражліва ставяцца да гістарычнай і культурнай спадчыны і ўмеюць распарадзіцца ёю па-гаспадарску. І ў шчучынцаў варта павучыцца, як пераўтварыць закінутую маёмасць і пустуючыя будынкі ў крыніцы прыбытку.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара