З дабрынёй і любоўю да роднай зямлі

У сэрцы кожнага чалавека гарыць маленькі агеньчык, які сагравае яго душу і дае яму прагу да жыцця. Гэты агеньчык – дабрыня. Так, дабрыня. Неацэнная. За ўсё даражэйшая. Жыве яна і ў сэрцы цудоўнай жанчыны – Ніны Паўлаўны Бакун.

 

Паляшучка. Нарадзілася ў прыгожай вёсачцы Табулкі Пінскага раёна. Мясціны там прыгожыя: вясною – у бела-ружовым вэлюме садоў, у водарах чаромхі і бэзу, летам – у кветкавых дыванах і пчаліным гуле. А ягады ды грыбы, якія можна было касіць касою… Але галоўнае – людзі, дружныя, працавітыя. Такімі былі яе бацькі: Марта Уладзіміраўна і Павел Андрэевіч. Яны з дзяцінства прывівалі сваёй дачцэ любоў да роднага краю, зямлі, роднай мовы. Гэта яны навучылі яе неацэннаму скарбу – дабрыні.

 

Матуля часта гаварыла: “Рабі, дачушка, дабро. Звіваецца зробленае табою дабро ў клубочак–памяць, ляжыць да пары да часу, а здарыцца бяда, можна ўхапіцца за нітачку – і дабро да цябе вернецца”.
Гэта парада мамы ідзе з ёю па жыцці вось ужо 67 гадоў, сорак з якіх яна аддала працы настаўніка. Няпростая прафесія. Трэба ўмець зацікавіць вучня, падыходзіць творча да справы, падабраць да кожнага “ключык”. І яна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, рабіла гэта з душою. У Баліцкай школе, куды яна трапіла пасля заканчэння Пінскага індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума, а затым Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, часцей пачалі гучаць родныя беларускія словы: “Добры дзень!”, “Добрай раніцы!”.
Але яна не абмяжоўвалася толькі урокамі роднай мовы. Яна любіла і выдатна спявала народныя песні. І гэта таксама ўсё ад мамы. Тады, у дзяцінстве, мама вечарам упраўлялася з гаспадаркай, садзілася каля печы з вышыўкай і пачынала спяваць. Дочкі і сын заўсёды ёй падпявалі. Пакой напаўняўся незвычайнай мелодыяй народнай песні: “З-пад каменя, з-пад белага”…

 

Таму яна ў школе і стварыла фальклорны гурт “Балічаначка”. 30 хлопчыкаў і дзяўчынак наведвалі яго. Яна была рэжысёрам, сцэнарыстам, харэографам. Па крупінках збірала ў мясцовых жыхароў песні, абрады, танцы, а потым пісала сцэнарыі мерапрыемстваў “Дажынкі”, “На вячорках у Тэклі”, “Калядкі”…

 

Усё гэта ставілася на сцэне мясцовага Дома культуры. Ні адно свята не абыходзілася без выступлення “Балічаначкі”. Са сцэны ў залу лілася цудоўная мелодыя беларускіх песень і танцаў.

 

Толькі Ніна Паўлаўна пайшла далей, і ў 1986 годзе яна стварае этнаграфічны музейны пакой. Яе ідэю падтрымалі не толькі вучні, але і бацькі. З гарышчаў, каморак, хлевушкоў прыносілі ў школу прадметы побыту і работы сельскіх жыхароў. Так сярод экспанатаў з’явіліся калыска, жорны, калекцыя ручнікоў, лапці, матавіла, дзяжа, гліняны посуд…. Больш за 100 экспанатаў было прадстаўлена ў гэтым музейным пакоі. Яго пачалі наведваць вучні суседніх школ раёна, бацькі. Тэматычныя экскурсіі раскрывалі наведвальнікам адметныя рысы сялянскага побыту. Пасля закрыцця Баліцкай школы Ніна Паўлаўна ўсе рэчы перадала музею Жалудоцкай СШ.

 

А што ж Ніна Паўлаўна? Яна зноў была ў творчым пошуку! І гэты пошук – удзел у першым абласным, а затым рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года”. У намінацыі “Свет маіх захапленняў” яна заняла першае месца ў вобласці і рэспубліцы. Яна прымусіла прысутных і членаў журы заслухацца меладычнасцю народных песень, якія гучалі ў яе выкананні. Радаваліся вучні за сваю настаўніцу і сустракалі з букетамі кветак, усмешкамі і, вядома ж, з песняй.

 

Яна жыла і жыве па прынцыпе дабрыні. Можа таму не забываюць яе вучні, шчыра паважаюць суседзі, яе хату ніколі не мінаюць вяскоўцы.

 

Гэта наша “матылька”. Яна паспявае ўсюды: у садзе, агародзе, стварае сваімі рукамі цуды. Каля хаты – кветкавы рай. У гэтым раі яна сама расцвітае, становіцца маладой, лёгкай. Самая галоўная раскоша ў яе жыцці – гэта раскоша чалавечых зносін. Так характарызуюць яе суседзі.

 

Можа таму на пытанне: “Што ўсё ж такі самае галоўнае ў жыцці?” Ніна Паўлаўна ўсміхаецца:

 

– Дабрыня і любоў. Я люблю дзень сённяшні, бо не ведаю, што будзе заўтра. Люблю ўнукаў Захарушку і Сашку, праўнукаў Косцю і Ліку, радуюся поспехамі сваіх дочак Тані і Наташы. Ганаруся тым, што жыццё пражыла нездарма, што перадала сваім дочкам любоў да роднай зямлі, роднай мовы, народнай песні, навучыла іх быць добрымі і спагадлівымі. А наогул, ведаеце, як пісаў Сяргей Грахоўскі: 

 

“Усё праходзіць, быццам дождж няроўны – 
I боль, i злосць, i дробная брыда, 
А застаецца важны i галоўны 
I самы светлы талент – дабрата.” 

 

Надзея ХМЯЛЬНІЦКАЯ,
вучаніца 11 класа Жалудоцкай СШ, валанцёр. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!