Ёсць поспехі, ёсць і прызнанне. Работнікі спажыўкааперацыі адзначылі прафесійнае свята
Работнікі спажыўкааперацыі сталі галоўнымі героямі святочнага мерапрыемства, прысвечанага Дню кааперацыі, якое адбылося ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. У іх адрас прагучала шмат цёплых слоў за плённую працу, высокі прафесіяналізм і чалавечыя якасці. З такім цэнным і згуртаваным калектывам Шчучынскаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства па плячы не толькі захаваць, але і больш замацаваць свае пазіцыі на спажывецкім рынку і, безумоўна, забяспечыць сваім землякам якаснае абслугоўванне, пашырыць дыяпазон магчымасцей для задавальнення іх запытаў у таварах і паслугах.
Урачысты сход сабраў цяперашніх і былых работнікаў спажыўкааперацыі раёна. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк і намеснік старшыні райвыканкама А.В. Садоўскі.
Як зазначыў дырэктар Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства В.Р. Навасардзян, у мінулым годзе былі выкананы практычна ўсе паказчыкі і Шчучынскі філіял заняў другое месца сярод арганізацый спажывецкай кааперацыі Гродзенскай вобласці. Упор быў зроблены на галіну нарыхтовак і прамысловасці, дзякуючы гэтаму ўдалося атрымаць выдатны фінансавы вынік. Заробленыя грошы спатрэбіліся на мадэрнізацыю і рэканструкцыю гандлёвых кропак, павелічэнне заработнай платы, змяненне тэхналогій гандлю, бо ў гэтай сферы імкліва расце канкурэнцыя. Гэтыя і іншыя дасягненні – вынік сумесных намаганняў усяго працоўнага калектыва і залог паспяховай работы ў далейшым.
Вануш Рубікавіч выказаў словы падзякі ветэранам працы, якія на працягу доўгіх гадоў добрасумленна працавалі ў калектыве. Пажадаў сваім калегам поспехаў, новых дасягненняў, бадзёрасці духу, моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі падкрэсліў, што ў няпростых умовах мясцовым кааператарам даводзіцца весці фінансава-гаспадарчую дзейнасць, але са сваёй задачай яны спраўляюцца дастойна. Што не па сілах аднаму чалавеку, лёгка вырашыць і зрабіць агульнымі намаганнямі, менавіта гэта ідэя некалі і падштурхнула людзей аб’яднацца і стварыць кааперацыю. І сёння ў нашым раёне спажывецкая кааперацыя — гэта вялікі, адзіны і зладжаны механізм. Ён трымаецца працай прадаўцоў, вадзіцеляў, хлебапёкаў, павароў, кандытараў, усіх работнікаў і спецыялістаў. Так заўсёды было і павінна застацца.
Ад дэпутацкага корпусу раёна павіншавала прысутных са святам старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк: “Сёння наша абуладкаванае жыццё цяжка ўявіць без стабільнай работы шматфункцыянальных службаў спажывецкай кааперацыі. Высокі прафесіяналізм, адказныя адносіны да справы работнікаў спажыўкааперацыі – гэта аснова добрага настрою жыхароў, гарантыя сацыяльнай стабільнасці і грамадскага спакою. Работнікі галіны нястомна клапоцяцца, каб на нашых сталах заўсёды была добрая прадукцыя, на паліцах – якасныя тавары, а ў пакупнікоў – цудоўны настрой”.
Заўсёды асабліва прыемна, калі дасягненні шчучынцаў заўважаюць і адзначаюць на абласным і раённым узроўнях. Ганна Станіславаўна і Аляксей Валянцінавіч ўручылі Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, Шчучынскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Такой узнагароды за шматгадовую добрасумленную працу ўдастоены прадавец аўтамагазіна Л.І. Сыч, вадзіцель аўтамабіля А.І. Данілевіч, прадавец магазіна “24 часа” К.І. Навагродская, вядучы эканаміст С.В. Хільмановіч, вядучы бухгалтар А.С. Цыбанёва.
Далей дырэктар Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства В.Р. Навасардзян таксама ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Нагрудны знак Белспажыўсаюза “30 год працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі” атрымала прадавец магазіна “Родничок” Т.С. Шываранкава. Ганаровымі граматамі аблспажыўсаюза адзначана праца повара рэстарана “Шчучын” Д.П. Бабіцкай, галоўнага бухгалтара М.В. Рамейка, вядучага тавараведа Д.І. Мішкель.
Сярод кааператараў, узнагароджаных з нагоды свята ганаровымі граматамі філіяла, былі прадстаўнікі ўсіх галін і відаў дзейнасці, дыпломам адзначаны калектыў магазіна “Марк Фармель”. У гэты дзень не былі забыты ветэраны і маладыя спецыялісты, усім ім жадалі моцнага здароўя, дабрабыту і працвітання. Цудоўным падарункам для ўсіх удзельнікаў урачыстага мерапрыемства стаў святочны канцэрт, які падрыхтавалі работнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
Сяргей Каспярчук.
Фота аўтара.