Калі збываюцца мары. Напярэдадні Дня друку журналіст Ала Бібікава расказала, за што так любіць “Дзянніцу”

 

Калі чалавек таленавіты – ён таленавіты ва ўсім. Журналіст і наша зямлячка Ала Бібікава робіць цудоўныя здымкі і актыўна ўдзельнічае ў фотавыставах, піша сцэнарыі да фільмаў і перамагае ў творчых конкурсах, мае прамое дачыненне да адраджэння доміка Чэслава Немэна і ўваходзіць у папячыцельскі савет клуба-музея. Уражваюць яе публіцыстыка і аўтарскі стыль, а карэспандэнцыі, інтэрв’ю, замалёўкі, нарысы пра цікавых людзей па-сапраўднаму кранаюць душу чытача.

 

Сёння Ала Георгіеўна прадстаўляе ў Шчучыне адзіны ў вобласці карэспандэнцкі пункт абласной газеты “Гродзенская праўда”, аднак пачынала юная Алачка Кумпан менавіта ў шчучынскай раённай газеце “Савецкая вёска”, сталела як прафесіянал – у “Дзянніцы”. Напярэдадні Дня друку мы пагутарылі з нашай калегай і папрасілі ўзгадаць атмасферу колішняй рэдакцыі раёнкі, людзей, што стваралі падмурак выдання, і, безумоўна, расказаць пра свой творчы шлях.

 

Пра сябе юную, настаўнікаў і аднадумцаў

 

– Шчыра не разумею, чаму так хутка імчаць мае гады і на гарызонце ўжо маячыць салідная лічба. Здаецца ж, толькі-толькі пераступіла парог “Савецкай вёскі” і, атрымаўшы жартоўную мянушку “дзетка”, імкнулася спасцігнуць усе сакрэты прафесіі, пра якую так марыла. Рэдакцыйная работа не расчаравала: сустрэчы з неверагодна цікавымі людзьмі, новыя досведы, завочная вучоба на журфаку Белдзяржуніверсітэта…

 

Тагачасны рэдактар газеты А.Д. Змудзяк паверыў у мае творчыя сілы, як і ў маіх юных калег – Алу Фядотаву, Таню Заенчукоўскую… Як паказала жыццё, мудры кіраўнік – былы партызан – не памыліўся, зрабіўшы напачатку 80-х стаўку на моладзь. Нас апякалі, вучылі людзі, якія загартаваліся ў Вялікую Айчынную і цяжкія пасляваенныя гады, мелі моцны маральны стрыжань і абвостраную любоў да жыцця. Не кажучы ўжо пра прафесіяналізм самага высокага кшталту і талент зразумець кожнага. Ці можна было не пераняць гэта?
Абрам Данілавіч Змудзяк, Мікалай Валяр’янавіч Сасноўскі, Алена Сцяпанаўна Лагуновіч, Раман Іосіфавіч Баброўскі, Сцяпан Вацлававіч Яхімчык, Васіль Рыгоравіч Юрэвіч… Да зямлі кланяюся вам, мае настаўнікі, якія ненадакучліва, неўпрыкмет – падчас шчырых гутарак, камандзіровак па раёне, лятучак, святкаванняў – закладвалі ў нашы душы базавыя духоўныя каштоўнасці, уласцівыя савецкім людзям. Сцяпан Яхімчык канчаткова “заразіў” мяне фатаграфіяй (першыя фатаграфічныя доследы мы правялі з маім татам – адмысловым фатографам-аматарам). А журналіст ад Бога Алена Сцяпанаўна Лагуновіч, быццам матуля, раскрывала не толькі прафесійныя сакрэты, але іншы раз выступала ў ролі тонкага псіхолага, вучыла мудрасці жыцця. Менавіта яна дала мне рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз журналістаў СССР, што тады было пачэсна і амаль недасягальна ў юным узросце, а яшчэ – стала сваццяй на маім вяселлі. Ох і пагулялі!

 

Цудоўныя мае аднадумцы, сяброўкі-каляжанкі ўжо самі ветэраны працы, маюць унукаў, але дзякуючы журналісцкай прафесіі ніяк не ўпісваюцца ў суполку бабуль… З кожнай я перажыла шквал эмоцый: мы ж не толькі стваралі летапіс Шчучыншчыны, але і падтрымлівалі адзін аднаго на пакручастых жыццёвых сцяжынах, дзялілі радасці. А якія газетныя выпускі рыхтавалі! Сямейную старонку “Пралеска”, забаўляльную падборку “Крынічанька”, задзірысты сатырычны куток “Кузьма Шпількін”, творчы праект “Вёскі і вёсачкі”…
Той прафесійны і духоўны вопыт, які я атрымала за 15 гадоў работы ў раёнцы, дарагога каштуе. Таму я заўжды адчуваю трапятанне, калі ўздымаюся па 20-ці прыступках знакавай рэдакцыйнай лесвіцы, якая адчула на сабе крокі столькіх пакаленняў! Рэдакцыя зараз пахне інакш. І калектыў змяніўся, і газета стала больш “прадзвінутай”, аднак у гэтых сценах я заўжды адчуваю сябе сваёй, за што ўдзячна шчучынскім калегам.

 

Ад прававога выдання да абласнога

 

– Пасля раёнкі быў “Міліцэйскі веснік” – даволі цікавы і працяглы вопыт работы ў прававым выданні, якое моцна апаліла мае нервы. Псіхалагічна цяжка пісаць штодзень пра негатыў і сур’ёзныя сацыяльныя праблемы, рабіць рэпартажы з месцаў здарэнняў і адпраўляцца ў небяспечныя рэйды… Але наш тагачасны рэдактар Георгій Сысой быў не толькі чалавекам у пагонах, але і добрым літаратарам, сапраўдным рамантыкам, таму даў зялёнае святло майму праекту пра знакамітых людзей Гродзеншчыны. Менавіта ў міліцэйскім выданні напачатку 2000-х я пачала пісаць на любімую гістарычную тэму – пра нашых слынных землякоў: рок-музыканта Чэслава Немэна, мастака Казіміра Альхімовіча, род Тызенгаўзаў і Іваноўскіх, пра сядзібы, маёнткі, храмы. Журналісты “МВ” многа пісалі пра спорт, вандроўкі, музыку, кіно, тэатр, літаратуру… З цягам часу газета выйшла на салідны тыраж і стала надзвычай папулярнай. На жаль, Георгій Іванавіч Сысой вельмі рана пакінуў гэты свет…

 

Новы этап у жыцці – абласная газета “Гродзенская праўда”, дзе я ўжо 13-ты год працую ўласным карэспандэнтам. Езджу па рэгіёнах усяго Прынеманскага краю. Мне падабаецца пастаянная змена “дэкарацый”, разнастайнасць тэм, пошук новых герояў будучых публікацый.

 

З задавальненнем удзельнічала ў творчых праектах газеты “Туризм без чемодана”, “Над Неманом”, “Имя героя”, “Гродненщина: заповедный мир”. Дзякуючы гэтаму мне пашчасціла пазнаёміцца з помнікамі прыроды, дзівоснымі з’явамі, спадчынай рэгіёнаў, а галоўнае – з унікальнымі людзьмі.

 

Нядаўна мы з калегамі завяршылі праект “Сёстры Хатыні. Гродзеншчына”, у выніку якога хутка з’явіцца кніга. У рабоце мне вельмі дапамагло тое, што ў шчучынскіх Зіняках я размаўляла са сведкамі вогненнай трагедыі яшчэ ў той час, калі яны былі жывыя, на працягу шэрага гадоў збірала матэрыял. Мне нават сняцца тыя людзі, дзеткі і полымя… За 40 год у журналістыцы не навучылася абстрагавацца. Вайна – тэма балючая. Абодва дзяды прайшлі франтавымі дарогамі, абедьве бабулі захавалі дзетак ва ўмовах акупацыі, перажыўшы жудасныя пакуты і нястачы. А каб адбылося інакш – мабыць, не было б і мяне…

 

 

“Мой лепшы жыццёвы праект – гэта мой сын”

 

 – Так надарылася, што адзіны мой сын Аляксей – мой калега. Ён фотажурналіст, працуе ў медыяхолдынгу “Беларусь сёння”. Нявестка Вераніка – дыктар на тэлеканале “Гродна+”, вядучая канцэртаў і ўрачыстасцей у абласной філармоніі. З сынам іншы раз часцей сустракаемся ў камандзіроўках падчас мерапрыемстваў, чым у хатняй абста­ноўцы. Нічога не папішаш – такая работа. І ўсё ж заўжды знаходзім час, каб абмеркаваць “прафесійную кухню” – тэмы, здымкі, праекты.

 

Дарэчы, у нас з Лёшам агульная творчая калыска. Гэта – Шчучынская раённая газета, дзе ў якасці фотакарэспандэнта пачынаў і Аляксей. Ну а першую прафесійную фотакамеру я падарыла яму сама – напрыканцы вучобы ў школе, бо разумела, што любоў да фатаграфіі ў нас – спадчыннае. Я шчыра радуюся, што сын перарос мяне ў фотамайстэрстве. І ўжо разам мы ўдзельнічалі ў фотавыставах у Шчучыне, Гродне, Мінску, з’яўляемся аўтарамі выдадзеных сумесных фотаальбомаў, у тым ліку “Шчучыншчына: карані і крона”.
Зараз сэрца маё і галоўнае каханне – унучак Акім. Я не вельмі прыкладная бабуля ў звыклым разуменні, бо ўвесь час на працы, у творчасці, і мы бачымся не так часта. Думаю, што абавязкова яшчэ навярстаю ўпушчанае.

 

Я – тыповы прадукт савецкай эпохі. Выхоўвалася ў цудоўнай сям’і педагогаў, дзе веды, падарожжы і кнігі былі намнога важней, чым матэрыяльныя даброты. Расла паслухмянай дзяўчынкай, іграла на фартэпіяна, любіла школу, пазней – выйшла замуж за аднакласніка… Сёння з задавальненнем іду ў нагу з прагрэсам, выдатна арыентуюся ў сусветным сеціве, вяду блог у Фэйсбук, разумею мову моладзі, аднак лаўлю сябе на думцы, што ў сучасным свеце мне не хапае… цяпла, душы і духоўнасці, якія былі ў маім дзяцінстве і юнацтве. Хоць і абяцала сабе, што ніколі не буду бурчаць на новы час і новыя пакаленні. А вось Дзень друку па-ранейшаму маё самае любімае свята. Ну прыкладна, як Новы год…

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота з архіва Алы Бібікавай.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!