Якімі грамадскімі і асабістымі інтарэсамі жывуць у сям’і Станіслава і Алены Чашчэвікаў. Даведаліся, ад каго перадаецца эстафета добрых спраў

Яе калісь прыняла Алена Чашчэвік ад свайго папярэдніка і, дарэчы, роднага дзядзькі – знакамітага механізатара-ардэнаносца і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Яна Феліксавіча Місюка, які доўгі час быў старастам вёскі Янчукі.

 

Людзі памятаюць тыя стваральныя гады, і не памыліліся ў сваёй ўпэўненасці, што і Алена Феліксаўна будзе працягваць добрыя традыцыі, закладзеныя гэтым паважаным чалавекам. Так яно і атрымалася. Вось ужо каля шасці гадоў А.Ф. Чашчэвік выдатна спраўляецца з няпростымі, клапатлівымі і адказнымі абавязкамі старасты.

 

– Сёння ў нашай вёсцы пражывае каля 200 жыхароў, між іншым, дамоў пакінутых няма. Лічы, на кожнай сядзібе добрыя гаспадары, – не без гонару за землякоў канстатуе Алена Феліксаўна. – Вуліцы ў нас добраўпарадкаваны. У вёсцы пакладзены асфальт – жыві і радуйся!

 

Як расказала стараста, у Янчуках здавён прыжылося нямала традыцый. Тут калектыўна даглядаюць мясціны ля крыжоў-абярэгаў, прытрымліваюцца народных абрадаў, што перайшлі ад дзядоў і прадзедаў. Усе жывуць у згодзе і добрасуседстве. А калі ў нейкай сям’і і надарацца непарадкі ды трапіць яна ў разрад нядобранадзейных, тут ужо аглядная камісія закрываць вочы на праблему не стане. І стараста, і сельвыканкам, і дэпутаты абавязкова возьмуць пад свой кантроль выхаванне дзяцей у такіх бацькоў. Як правіла, індывідуальныя гутаркі і неабыякавасць грамадскасці дапамагаюць выправіць сітуацыю.

 

У А.Ф. Чашчэвік вельмі напружаны рытм асноўнай работы: яна кіраўнік узорнай студыі моды “Гармонія”, што дзейнічае пры Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі, “апранае” ў эксклюзіўныя канцэртныя касцюмы вакалістаў, танцораў, тэатралаў. Толькі за апошні час дзясятак новых убранняў для артыстаў сшылі.

 

– Шмат шыю і для дачкі, для сваіх любімых унукаў, – расказвае Алена Феліксаўна. – Хоць і адымае гэта час, тым не менш актыўна займаюся грамадскай дзейнасцю. Вялікую работу правялі падчас мінулай выбарчай кампаніі. Дый кожны дзень напоўнены нейкімі абавязкамі, запытамі людзей. Радуе тое, што ва ўсіх справах – і дамашніх, і грамадскіх – мяне не проста маральна падтрымлівае, а рэальна дапамагае мой муж – Станіслаў Іосіфавіч.

 

Сапраўды, гэта супружная пара заўсёды разам. Чашчэвікі – цудоўны прыклад у сямейных адносінах і для сваіх дзяцей, і ўвогуле для вяскоўцаў. Патрыярхальны ўклад у самым лепшым паняцці гэтага слова, калі ў вялікім і прыгожым доме Чашчэвікаў жыве разам з бацькамі сям’я дачкі, дзе акружаны памножанай любоўю чацвёра малых дзетак, дзе пахне свежавыпечанымі хлебам і пірагамі, дзе малодшыя з павагай адносяцца да парад старэйшых, – ці не ў гэтым гармонія і адраджэнне вёскі?

 

Сядзіба старасты – таксама ўзорная. Яшчэ адно хобі Алены Феліксаўны – кветкаводства. Ледзь размарозіла зямлю, як выглянулі яркія крокусы, заквітнелі падснежнікі на клумбах, парадаваў марознік. І гэта толькі пачатак!

 

– Удаўся сёлета і эксперымент з цюльпанамі, – усміхаецца жанчына. – Перад Калядамі высадзіла іх у кадках на верандзе, а яны вазьмі дый зацвіці акурат напярэдадні 8 Сакавіка! З задавальненнем дарылі “свае кветкі” педагогам унукаў.

 

Зусім не хацелася пакідаць гасцінны дом Чашчэвікаў, дзе ў гутарцы з гаспадарамі можна было пачэрпаць столькі цікавага! Кожны дзень тут нараджаюцца новыя ідэі і, самае галоўнае, іх ажыццяўленне – на карысць людзям.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!