Як захаваць сэрца да глыбокай старасці?

 

Летась сардэчна-сасудзістыя хваробы выяўлены ў 259 804 беларусаў. У тым ліку высокі ціск — у больш як 72 тысяч пацыентаў, ішэмічная хвароба сэрца — у больш чым 76 тысяч, інфаркт міякарда — у 10,7 тысячы. Усяго ж хваробы сістэмы кровазвароту ў нашай краіне мае больш за 2,6 мільёна чалавек. Дарэчы, колькасць пацыентаў толькі з артэрыяльнай гіпертэнзіяй за апошнія дзесяць гадоў павялічылася на 18,5 %.

 

Як выявіць сардэчна-сасудзістыя захворванні на ранніх этапах ці яшчэ лепш — увогуле іх пазбегнуць, расказала загадчык аддзела кансультацыйнай работы і прафілактычнай кардыялогіі РНПЦ «Кардыялогія», кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Алена МЯДЗВЕДЗЕВА.

 

Халестэрын, высокі ціск і курэнне — асноўныя рызыкі

 

У Беларусі, як і ў многіх іншых краінах, сардэчна-сасудзістыя захворванні застаюцца асноўнай прычынай інваліднасці і заўчаснай смяротнасці. Але ў той жа час пры іх прафілактыцы можна дасягнуць найбольшых поспехаў. Самыя эфектыўныя меры — уздзеянне на фактары рызыкі: курэнне, ужыванне алкаголю і солі, нізкую фізічную актыўнасць, лішнюю масу цела, нездаровае харчаванне.

 

— Паспяховы вопыт падобных намаганняў паказаны ў праекце «Паўночная Карэлія». Пасля Другой сусветнай вайны ў Фінляндыі актыўна пачалі праводзіць даследаванні і ўстанавілі, што смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў і новаўтварэнняў у фінаў вельмі вялікая, — расказвае Алена Мядзведзева. — Былі вылучаны тры асноўныя фактары рызыкі па сардэчна-сасудзістых захворваннях: павышаны халестэрын, высокі артэрыяльны ціск і курэнне. Для даследавання па ўплыве солі на здароўе і працягласць жыцця быў абраны самы «хворы» рэгіён Фінляндыі — Паўночная Карэлія. Насельніцтва ігнаравала раслінную ежу, у рацыёне пераважалі тлустае мяса, масла і здоба. Прысутнічалі ўсе фактары рызыкі: лішак халестэрыну, курэнне, тлустая ежа, дэфіцыт клятчаткі і вітамінаў. Было вырашана змяняць рацыён фінаў. У ход пайшла сацыяльная рэклама. Паралельна з памяншэннем ужывання солі праводзіліся акцыі па зніжэнні курэння і спажывання тлустай ежы. Ужыванне солі ў суткі ўдалося зменшыць з 15 да 9 грамаў (пры норме 5 г — паводле рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя). У выніку ўдалося павялічыць працягласць жыцця з 68 гадоў у 1970-я гады да 81 года ў 2010-я. Таксама за гэты час у больш чым сем разоў знізілася смяротнасць ад ССЗ.

 

Суразмоўніца адзначае, што ў Беларусі паляць 48,4 % мужчын і 12,6 % жанчын. Раптоўная смерць сярод тых, хто выкурвае на працягу дня пачак цыгарэт і больш, назіраецца ў пяць разоў часцей, чым сярод тых, хто не курыць.

 

— Курэнне пашкоджвае эндатэлій — унутраную тканку сасудаў. У такім выпадку хутка развіваецца атэрасклероз, — тлумачыць Алена Мядзведзева.

 

Мужчыны ў Беларусі ўжываюць каля 12,4 г солі штодзень, жанчыны — 9 г. Пацыентам з высокім ціскам варта ведаць, што на фоне абмежавання спажывання солі павялічваецца эфект медыкаментознага лячэння і гэта спрыяе памяншэнню колькасці прэпаратаў. Зніжэнне спажывання солі на 1,3 г у суткі папярэджвае павышэнне артэрыяльнага ціску прыкладна на 5 мм рт. сл.

 

— Актуальная для беларусаў і праблема недастатковага спажывання гародніны і садавіны. Штодзень мы ўжываем 1,8-2,1 порцыі гародніны і садавіны, а СААЗ рэкамендуе не менш за пяць порцый гародніны і пяць порцый садавіны — гэта прыкладна па 500 грамаў, — заўважае кардыёлаг.

 

Лішнюю масу цела маюць 60 % беларусаў, атлусценне — 25 %. Каля 45 % маюць павышаны артэрыяльны ціск (больш за 140/90 мм рт. сл.). І менш за палову такіх пацыентаў (46,6 %) мае прыхільнасць да лячэння.

 

— Павышаны артэрыяльны ціск павялічвае верагоднасць гемарагічных інсультаў на 43-44 %, стабільнай стэнакардыі — на 41 %, ішэмічных інсультаў — на 35 %, інфаркту міякарда — на 29 %, сардэчнай недастатковасці — на 27 %, — прыводзіць лічбы Алена Мядзведзева. — А зніжэнне ціску на кожныя 10 мм рт. сл. зніжае рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых ускладненняў на 20 %, ішэмічнай хваробы сэрца — на 17 %, інсульту — на 27 % і сардэчнай недастатковасці — на 28 %, што ўплывае на зніжэнне агульнай смяротнасці на 13 %.

 

Як правільна вымяраць ціск у хатніх умовах

 

Вымярэнне варта праводзіць раніцай і ўвечары — перад ежай і прыёмам антыгіпертэнзіўных прэпаратаў. Сярэдняе значэнне артэрыяльнага ціску запісваецца ў дзённік, калі не прадугледжана функцыя памяці ў прыборы.

 

Праводзіцца вымярэнне ў становішчы седзячы, у зручнай позе: рука размешчана на стале, з апорай на спінку крэсла, ногі расслабленыя і не перакрыжоўваюцца, размаўляць падчас вымярэння нельга. Варта выканаць не менш за два вымярэнні з інтэрвалам 1-2 хвіліны і ацаніць сярэдняе значэнне атрыманых вымярэнняў. Манжэтку важна падбіраць пад памер рукі — каб яна ахоплівала не менш за 80 % акружнасці пляча (калі вы вымушаны прытрымліваць ліпучкі манжэткі свабоднай рукой, значыць, тая не падыходзіць). Сярэдзіна манжэткі павінна быць размешчана на ўзроўні сэрца, не варта яе накладваць на адзенне, паміж манжэткай і паверхняй пляча павінна заставацца адлегласць памерам з палец.

 

Людзям з артэрыяльнай гіпертэнзіяй пры ўзроўні ціску, большым за 135/85 мм рт. сл., атрыманым падчас не менш як двух паслядоўных вымярэнняў, абавязкова трэба звярнуцца да ўрача для карэкцыі схемы лячэння.

 

Шкодны халестэрын

 

Халестэрын уяўляе з сябе асаблівае тлушчападобнае рэчыва, якое ўваходзіць у склад усіх органаў і тканак, клетачных мембран, з яго сінтэзуюцца многія гармоны, напрыклад, палавыя. Акрамя таго, халестэрын неабходны для падтрымання карэктнай работы нервовай сістэмы, рэгуляцыі працэсу ператраўлівання ежы. Большая частка халестэрыну выпрацоўваецца ў печані. Акрамя таго, халестэрын паступае ў арганізм з харчаваннем. У крыві халестэрын звязаны з пэўнымі часцінкамі (халестэрын + бялок), якія называюцца ліпапратэідамі. Яны вызначаюцца рознай шчыльнасцю і ўласцівасцямі.

 

Як вядома, ключавым фактарам у развіцці атэрасклерозу з'яўляецца назапашванне ў сценцы артэрый ліпапратэідаў нізкай шчыльнасці. Канчатковым вынікам атэрасклерозу з'яўляецца ўтварэнне атэрасклератычнай бляшкі, якая прыводзіць да звужэння прасвету артэрыі, і ў выніку нашы органы недаатрымліваюць кісларод. Першыя на такое кіслароднае галаданне рэагуюць тыя органы, для якіх адсутнасць кіслароду, нават на працягу некалькіх секундаў, прыводзіць да парушэння дзейнасці: сэрца, галаўны мозг.

 

Паводле даных Еўрапейскага таварыства кардыёлагаў, устаноўлены наступныя нормы ўтрымання халестэрыну і яго кампанентаў у крыві: агульны халестэрын <5,0 ммоль/л; ліпапратэіды нізкай шчыльнасці <3,0 ммоль/л; ліпапратэіды высокай шчыльнасці > 1,0 ммоль/л (мужчыны) і > 1,2 ммоль/л (жанчыны); трыгліцэрыды <1,7 ммоль/л.

 

Кардыёлаг звярнула ўвагу і на такую  форму парушэння ліпіднага абмену, як сямейная гіперхалестэрынемія (СГХС) — захворванне, якое мае генетычнае паходжанне
і суправаджаецца значным павышэннем узроўню ліпапратэідаў нізкай шчыльнасці ў крыві і, як вынік, заўчасным развіццём атэрасклерозу, прычым, як правіла, у маладым узросце. У 5,4 % мужчын, хворых на СГХС, у выпадку адсутнасці лячэння ішэмічная хвароба сэрца развіваецца да 30 гадоў, да 50 гадоў — у 51,4 %, да 60 гадоў — у 85,4 %, а ў жанчын да 60 гадоў — у 53,3 %. Згодна з дакладам СААЗ, 50 % мужчын з СГХС паміраюць ва ўзросце да 60 гадоў з-за ішэмічнай хваробы сэрца. У Расіі працягласць жыцця ў мужчын з СГХС — 53 гады, у жанчын — 62 гады.

 

Выявіць парушэнні ліпіднага абмену можа біяхімічны аналіз крыві з ліпідным спектрам. Яго варта рабіць усім, бо СГХС сама па сабе не выклікае ніякіх скаргаў, захворванне працяглы час працякае бессімптомна і часта праяўляецца ў выглядзе ішэмічнай хваробы сэрца, у прыватнасці, інфаркту міякарда ці раптоўнай смерці.

 

Ці варта баяцца стацінаў?

 

— Без вялікага перабольшання можна сказаць, што мы жывем у эру стацінаў. Але менавіта гэтая група прэпаратаў, як ні адна ў кардыялогіі, акружана шчыльнай заслонай міфаў. Прычым не толькі ў пацыентаў, далёкіх ад медыцыны, але і ва ўрачоў. Магчыма, і з гэтай прычыны рэальная колькасць хворых, якія прымаюць стаціны, вельмі адрозніваецца ад таго, што дыктуюць рэкамендацыі. На жаль, у цяперашні час менавіта маладыя пацыенты недаатрымліваюць прэпараты для лячэння гіперхалестэрынеміі. Часцей ім рэкамендуюць толькі змену спосабу жыцця, пры гэтым рызыка развіцця ССЗ застаецца высокай, — кажа Алена Мядзведзева.

 

Кардыёлаг спасылаецца на даследаванне, якое паказала, што колькасць тых, хто пры дапамозе стацінавай тэрапіі пазбег інфарктаў і інсультаў, значна большая за лік тых, у каго выявіліся пабочныя эфекты. Акрамя таго, большасць пабочных эфектаў знікае без следу са спыненнем прыёму стацінаў, у той час як наступствы інфаркту або інсульту незваротныя і могуць быць разбуральнымі.

 

Як не прапусціць інфаркт?

 

Алена Мядзведзева нагадала пра сімптомы інфаркту міякарда, бо нягледзячы на добрую даступнасць медыцынскай дапамогі, удзельная вага позняга звароту пацыентаў з вострым каранарным сіндромам (звыш12 гадзін ад болевага прыступу) застаецца высокай і складае больш за 35 %.

 

— Пацыенты імкнуцца перацярпець боль, чаго ні ў якім разе рабіць не трэба. Гэта той выпадак, калі чым хутчэй вы атрымалі медыцынскую дапамогу, тым лепш. Добра, калі гэта адбудзецца ў першыя шэсць гадзін з моманту болевага прыступу. Пасля 12 гадзін міякард, на жаль, гіне, — папярэджвае кардыёлаг.

 

Звычайна першым сімптомам развіцця інфаркту міякарда з'яўляецца інтэнсіўны боль за грудзінай, пацыенты яго апісваюць як удушэнне або смыленне, часта ён аддае ў спіну, ніжнюю сківіцу, левую ці правую руку, плечы або ва ўсе названыя вобласці. Боль інтэнсіўны і працяглы, часта суправаджаецца аддышкай, патлівасцю, млоснасцю і ванітамі, прыём нітрагліцэрыну і спакой аказваюць толькі частковы і часовы эфект. Аднак болевы сіндром можа быць менш выяўлены, каля 20 % вострых інфарктаў міякарда працякае бессімптомна — «клініка» адсутнічае або праяўляецца неспецыфічнымі сімптомамі, якія не ўспрымаюцца хворым як захворванне, што характэрна для пацыентаў з цукровым дыябетам. Часта пацыенты інтэрпрэтуюць узніклы боль у грудной клетцы як парушэнне стрававання. У некаторых пацыентаў захворванне праяўляецца стратай прытомнасці.

 

У жанчын характэрнае частае развіццё атыповай «клінікі» інфаркту міякарда. Для пажылых пацыентаў больш характэрныя скаргі на аддышку, чым на ангінозны болевы сіндром. У цяжкіх выпадках ішэміі пацыент часта мае выразны болевы сіндром, які суправаджаецца страхам смерці. Могуць узнікаць млоснасць і ваніты, асабліва пры інфаркце міякарда ніжняй лакалізацыі. Скурныя покрывы могуць быць бледныя, халодныя, вільготныя ад поту.

 

Важна памятаць, што пацыенты, якім было выканана эндаваскулярнае або хірургічнае лячэнне вострай ці хранічнай формы ішэмічнай хваробы сэрца, не становяцца здаровымі людзьмі. Ім неабходна прымаць прызначанае лячэнне са строгім кантролем узроўню ліпіднага спектра і артэрыяльнага ціску.

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!