Як ухапіць нітку Арыядны, расказалі ўдзельніцы гуртка “Майстрыха”

 

Удзельніцы гурткоў “Майстрыха” і “Умеліца”, што працуюць на базе Васілішкаўскага цэнтра культуры, не толькі ладзяць выставы сваіх арыгінальных вырабаў, але і ахвотна выходзяць на подыум ва ўбранні, якое звязалі сваімі рукамі. Нязменным кіраўніком аб’яднання па інтарэсах, дзе спасцігаюць сакрэты рукадзелля прадстаўніцы самых розных узростаў, з’яўляецца Марыя Іванаўна Будзько. Гэта няўрымслівая і таленавітая жанчына прысвяціла рабоце ў сферы культуры 34 гады! Пасля выхаду на пенсію дома вытрымала ўсяго з паўгода і … зноў адправілася на пошукі работы. Ды толькі ж культура не адпускае ад сябе гэткіх энтузіястаў!

 

 “Усе мае ўмельствы – ад матулі”

 

Родам М.І. Будзько з суседніх з Васілішкамі Дварчанаў – з дружнай і працавітай сям’і.

 

 – Прыкладам ва ўсім для нас з сястрой была наша матуля Марыя Фляр’янаўна, якая нейкім цудам паспявала працаваць на трох работах, пры гэтым узорна вяла ўласную гаспадарку, надзвычай прыгожа спявала народныя песні, на кожнае свята выпякала па дванаццаць неверагодна пышных і смачных пірагоў, якімі шчодра частавала гасцей. А яшчэ яна ткала, вышывала, вязала на спіцах і кручком такія шыкоўныя рэчы, што глядзіш на іх і толькі дзівішся: няўжо гэта сапраўды рукамі зроблена?! Усяму мама нас навучыла, а мы з маленства, здаецца, кожнай клетачкай убіралі ў сябе яе навуку. Дзесьці на падсвядомасці разумелі, што ўсё спатрэбіцца ў жыцці. Так яно і выйшла.

 

Пасля заканчэння Васілішкаўскай школы юная Марыя Будзько паехала ў Гродна вучыцца на повара-кулінара. Усё ж маміны кулінарныя майстар-класы не прайшлі дарэмна! Там, у абласным цэнтры, досыць рана выйшла замуж, нарадзіла дачушку і сына, але нешта не заладзілася ў гарадскім жыцці, і маладая жанчына вярнулася на малую радзіму, дзе, дарэчы, і раскрыліся ў поўнай меры яе таленты.

 

 

Ад загадчыцы клуба да дырэктара цэнтра культуры

 

 Работу прапанавалі нечакана. Вызвалілася вакансія загадчыцы Арцюшоўскага клуба-бібліятэкі, і патрабаваўся на гэтае месца чалавек творчы, камунікабельны, надзелены арганізатарскімі здольнасцямі. Марыя Будзько найлепшым чынам адпавядала азначаным патрабаванням. Адсутнасць дыплома тут жа кампенсавала паступленнем на завочнае аддзяленне ў Гродзенскае культасветвучылішча. Займацца на рэжысёрскім факультэце масавых мерапрыемстваў было надзвычай цікава, а атрыманыя веды маладая і энергічная загадчыца клуба тут жа рэалізавала на практыцы.

 

– У клуб тады прыходзілі цэлымі сем’ямі, ладзілі вечары адпачынку, канцэрты, адраджалі народныя абрады. Сцэнарыі пісала сама, без дапамогі інтэрнэту, як гэта цяпер здараецца, і былі яны аўтарскімі, непадобнымі ні на якія іншыя, – узгадвае Марыя Іванаўна, якую пасля 17 гадоў паспяховай работы ў Арцюшах запрасілі на пасаду дырэктара Васілішкаўскага цэнтра культуры. Гэта быў 1994 год, і пра такі прыгожы будынак-палац, у якім сёння знаходзіцца культустанова, яшчэ нават ніхто і не марыў.

 

Васілішкаўцы, трэба сказаць, заўжды славіліся сваім высокім узроўнем развіцця культуры.

 

– У нас працавала каля дзясятка гурткоў. Ансамбль польскай песні “Адраджэнне” ведалі далёка за межамі раёна, запрашалі на фальклорныя святы ў Польшчу. А аднойчы дэпутат абласнога Савета па нашай акрузе Котаў прапанаваў даць вялікі канцэрт на прадпрыемстве “Гроднааблгаз”, якое ён тады ўзначальваў, – расказвае М.І. Будзько. – Гэта быў трыумф! Нас прымалі як сапраўдных артыстаў.
 Незабыўна праходзілі святы вёсак. Мясцовы сельскі Савет тады ўзначальваў Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта, які вялікую ўвагу надаваў падобным мерапрыемствам. А што тычыцца маладзёжных дыскатэк, то на іх у Васілішкі з’язджалася па 500 чалавек! Цікавы быў час. Людзі імкнуліся ў соцыум, збіраліся талакой, не замыкаліся ў чатырох сценах. Радасць была адна на ўсіх. Калі вяселле спраўлялі, то абавязкова ўсёй дружынай ішлі ў клуб, куды збіраліся вяскоўцы, каб павіншаваць маладых і раздзяліць з імі ўрачыстасць. Цудоўная традыцыя!

 

Марыя Іванаўна з задавальненнем успамінае, як у 2008 годзе перабіраліся ў пабудаваны шыкоўны будынак цэнтра культуры новаспечанага аграгарадка – першага на Шчучыншчыне, вопыт якога прыязджалі пераймаць не толькі з усёй краіны, а, лічы, з усяго свету!

 

– Памятаю, як хваляваліся, чакаючы гасцей з Йемена, вывучалі традыцыі гэтай спецыфічнай азіяцкай краіны, думалі, як іх правільна пачаставаць, а ўсё аказалася намнога прасцей. Праз перакладчыка даведаліся, што аграгарадок наш гасцям вельмі спадабаўся, – усміхаецца Марыя Іванаўна. – Прыязджалі да нас прадстаўнікі расійскага парламента, госці з В’етнама, з Францыі, Польшчы і іншых краін. Прымалі мы і ўдзельнікаў Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, якія завіталі ў Васілішкі з вялікім канцэртам, дзе было прадстаўлена ўсё суквецце шматнацыянальнага мастацтва нашай сінявокай Беларусі.

 

Чароўная нітка Арыядны

 

– Я вельмі люблю сваю работу і заўжды ўкладваю ў яе ўсю душу, – прызнаецца М.І. Будзько. – Вельмі цаню людзей, з якімі працую. У кожнага з іх ёсць чаму павучыцца.

 

Сапраўды, у гуртку “Майстрыха” ідзе жывы абмен досведам. Яніна Антонаўна Сяргей прапануе тым, хто крыху стаміўся ад вязання, пераключыцца на “алмазную” вышыўку.

 

 – А яшчэ мы можам і заспяваць разам. Хораша ў нас атрымліваецца, і настрой падымае песня, – зазначае Лідзія Аляксандраўна Федасевіч.

 

 У пацвярджэнне яе слоў жанчыны бадзёра падхопліваюць мелодыю сваёй маладосці і, здаецца, вяртаюцца ў тую далёкую-блізкую, але адназначна шчаслівую пару.

 

Ірэна Віктараўна Маркевіч давязвае моднае васільковае паліто – падарунак для дачкі. Хтосьці неўзабаве парадуе маленькага ўнука пінеткамі або новай вязанай цацкай. На стэлажы ў гэтым утульным пакоі багата дэкаратыўных рукатворных работ – ад букетаў з ніткавых кветак да вязанай навагодняй ялінкі. Перад гурткоўцамі – мноства часопісаў, дый з інтэрнэтам яны сябруюць і беспамылкова знаходзяць на сайтах новыя ідэі, якія не церпіцца ажыццявіць.

 

– Ніці для вырабаў таксама праз інтэрнэт заказваем. У гэтай справе нам дапамагае Ірына Мікалаеўна Ярмантовіч – верная сяброўка “Майстрыхі”. Мы тут, як тыя мушкецёры – адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, – кажуць жанчыны.

 

Гледзячы на дружную і працавітую каманду Марыі Будзько, міжволі ўзгадваецца легенда пра нітку Арыядны, што стала арыенцірам, які дапамагае знайсці выйсце з любой сітуацыі. Сапраўды, чароўныя ніці васілішкаўскіх майстрых падказваюць, як праз лабірынт творчага працэсу ўцячы ад адзіноты ды нялёгкага грузу пражытых гадоў, сустрэць радасць натхнення, верных сяброў і новыя ўражанні.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!