Як раней святкавалі галоўнае зімовае свята — Каляды

Набліжаецца час святкавання Божага Нараджэння і Каляды. Цэлы тыдзень даўней беларусы хадзілі адзін да аднаго ў госці — шчадравалі-калядавалі. Калядуюць усе, хто можа. Зранку звычайна па вёсцы праходзілі дзеці, а ўвечары — моладзь. Ды й сталыя людзі з задавальненнем наведваліся да суседзяў ці да сваякоў. Каб пачаставаць кожнага калядоўшчыка, рабіліся загадзя прыпасы, над якімі гаспадарам прыходзілася паламаць галаву, каб хапіла.

 

 

Час святкавання багатай куцці ў народзе называлі Шчадрацом. Раніцай, добра пад’еўшы крупніку, не елі на працягу дня больш нічога, чакаючы першай зоркі, калі ўжо можна будзе выпіць чарачку і добра пад’есці ўсялякай скаромнай смакаты. 

 

Без парсюка й Каляды не Каляды!

 

На беларускай вёсцы існавала перакананне, што трэба абавязкова перад Калядамі закалоць кормнага падсвінка, каб Каляда не гневалася і спрыяла добраму ўраджаю на полі і ў агародзе, а таксама прыплоду дамашняй скаціны. Не ведаю як вам, а мне дык добра памятаецца з дзяцінства такі малюнак. З самага ранку і амаль да вечара пылае ў печы. Там у гаршчках і гаршчочках розных памераў варацца каўбасы ды мяса, куцця і крупнік, а галоўнае — халадзец.

 

 

Сала, свежыя каўбасы, кравянка, сальтысон перад Калядамі былі ў кожнай вясковай гаспадыні, бо мелася такое правіла — ад пачатку восені добра карміць парсючка спецыяльна да свята. 

 

Шчодры стол — вялікая радасць і для дзяцей, і для дарослых. У меню святочнай вячэры акрамя асабліва смачных мясных страў звычайна дадавалі бліны з грачанай мукі, клёцкі, піражкі і іншую выпечку. І абавязкова варыцца куцця з ячных або пшанічных круп, якую запраўляюць пасмажанымі з цыбуляй кавалачкамі сала.

 

Вячэру гэтую, хоць яна і завецца куцця, спажываюць не ў такім сур’ёзным настроі, як напярэдадні Раства Хрыстова. Вясёламу настрою спрыяе і выпітая гарэлка, за якой адмыслова ехалі ў бровар, дзе набывалі звычайна адразу вядро, бо поўвядра не прадавалі. Як тут не ўзгадаць старадаўнюю прымаўку: «На тое Бог даў Каляды, каб людзі весяліліся». 

 

 

Пасля святочнай вячэры ішлі шчадраваць. Паўсюдна чуліся музыка і спевы, жарты і смех. Накалядаваўшы, хлопцы і дзяўчаты збіраліся ў хаце і наладжвалі танцы, гулялі ў гульні.

 

Міжволі думаецца, што нічога ў нашым свеце і не памянялася, хоць і мінула больш за стагоддзе. І цяпер гаспадары напярэдадні святкаванняў Новага года робяць усё тое, што і даўней. Бадай што толькі вядра гарэлкі ў бровары ніхто не купляе. А «ігрышчы» моладзі ў хаце — чым не вечарынка ў клубе? Галоўнае, добры настрой, з якім і раней, і цяпер людзі сустракаюць свята. 

 

Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць 

 

Нават не верыцца, што вясёлае старажытнае свята Каляды ў сярэдзіне ХХ стагоддзя на Беларусі амаль знікла, як і многія іншыя народныя звычаі. І прыемна, што сёння яно адрадзілася не толькі на вёсцы, але і ў горадзе. Прынамсі, прыход пераапранутых калядоўшчыкаў з абавязковай каляднай атрыбутыкай прыносіць шчасце, здароў’е, дабрабыт у вашу сям’ю на ўвесь будучы год! Калісьці на конт гэтага казалі: «Каляда прыйдзе — добры год будзе», «Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць».

 

 

Раней па вёсцы гулялі некалькі гуртоў калядоўшчыкаў, пераапранутых у мядзведзя, казу (звычайна нацягвалі вывернуты наверх кажух), жорава, пеўня, кабылу, цыганоў ці інш. Ражаныя спыняліся каля кожнага двара ў чаканні, калі гаспадар запросіць іх у хату. Пад вокнамі разгортваліся цэлыя спектаклі. Калядоўшчыкі спявалі песні, скакалі пад скрыпачку, гармонік і бубен. А ў заключэнне выконвалі велічальную песню гаспадарам дома са шчырымі пажаданнямі. У выніку калядоўшчыкі атрымлівалі пачастункі, якія складаліся ў торбу, і ад двара да двара тая торба рабілася ўсё цяжэй і цяжэй...

 

Як і многія іншыя традыцыйныя славянскія святы, Каляды спалучаюць у сабе старажытныя язычніцкія звычаі і больш познія хрысціянскія. Сімволіка гэтых культур з цягам часу так перамяшалася і сплялася ў адзінае, што і цяпер можна назіраць гурты калядоўшчыкаў, у якіх суседнічаюць язычніцкі персанаж каза і хрысціянскі сімвал Раства — зорка.

 

Адзначайце Каляды па магчымасці дома, бо гэта сямейнае свята. І няхай да вас у госці прыйдуць разам са шчасцем і дабрабытам калядоўшчыкі. Вясёлых свят!

Этнограф Ларыса Мятлеўская.

Этнограф Ларыса Мятлеўская,  "ЗВЯЗДА"

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!