Як не дапусціць успышак шаленства паведамілі ў Шчучынскай райветстанцыі

Дзікія жывёлы пабойваюцца людзей, таму рэдка заходзяць у населеныя пункты. Але калі такое ўсё ж здараецца, старайцеся пазбегнуць кантакту з лясным госцем: звер можа хварэць на шаленства або быць пераносчыкам гэтага вірусу.
У інфіцыраваных жывёл назіраецца інтэнсіўнае слінавыдзяленне, яны становяцца агрэсіўнымі, грызуць месца ўкусу, праглынаюць неядомыя рэчы, баяцца вады. Інфекцыя вельмі хутка распаўсюджваецца ў арганізме і не паддаецца лячэнню. Пасля праяўлення клінічных сімптомаў жывёла часцей за ўсё гіне.

 

Так, у снежні мінулага года ў Шчучынскую райветстанцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Сямягі Орлеўскага сельсавета і паведаміла, што ў яе двор прыйшла ліса і напала на сабаку. Спачатку жанчына не звярнула асаблівай увагі на гэты выпадак. Аднак праз некалькі дзён гаспадыня заўважыла, што чатырохногі гадаванец стаў агрэсіўным, пачаў гыркаць і кідацца на людзей. Ветэрынарныя спецыялісты правялі імунізацыю хатняй жывёлы і ўстанавілі назіранне за сабакам: менш чым праз тыдзень той загінуў. Праведзенае вірусалагічнае даследаванне пацвердзіла, што прычынай гібелі стала шаленства. У мерах прафілактыкі гэтага небяспечнага захворвання на тэрыторыі вёскі Сямягі быў уведзены каранцін.

 

– У апошнія гады ў раёне намецілася тэндэнцыя да зніжэння колькасці зарэгістраваных выпадкаў шаленства. У 2018 годзе іх было зарэгістравана 12, а ў 2019 – усяго 2, – адзначае начальнік Шчучынскай раённай ветэрынарнай станцыі Сяргей Аркадзьевіч Шэршань. – У мэтах прафілактыкі распаўсюджвання вірусу мы штогод праводзім вакцынацыю дзікіх драпежных жывёл. Пры дапамозе малой авіяцыі раскідваем над лесам спецыяльныя прынады з лекамі. Каб праверыць эфектыўнасць работы прэпаратаў, праводзім планавы кантрольны адстрэл дзікіх жывёл і бяром тэтрацыклінавыя пробы касцявой тканіны, крыві і брушной вадкасці. Адпраўляем іх у абласную ветэрынарную лабараторыю, дзе спецыялісты робяць заключэнне. Усе гэтыя меры дапамагаюць трымаць рэзервуар вірусу пад кантролем.

 

На сяле з-за блізкасці лесу праблема з шаленствам стаіць найбольш востра. Каб не дапусціць успышак вірусу, спецыялісты Шчучынскай райветстанцыі раяць гаспадарам уласных падвор’яў раз у год абавязкова прышчэпліваць сваіх чатырохногіх любімцаў. На жаль, робяць гэта далёка не ўсе, аб чым потым шкадуюць. Між іншым, па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 99% выпадкаў людзі заражаюцца шаленствам менавіта ад катоў і сабак.

 

– Сёння прышчэплівацца ад гэтай небяспечнай хваробы можа кожны жадаючы, – інфармуе галоўны ветурач раёна. – Ёсць і тыя, хто праходзяць абавязковую вакцынацыю з-за высокай прафесійнай рызыкі заражэння, – гэта ветэрынарныя ўрачы, паляўнічыя, егеры, ляснікі і іншыя. Каб спыніць распаўсюджванне вірусу, трэба строга выконваць усе меры прафілактыкі. Пазбягайце кантактаў з дзікімі жывёламі, уважліва сачыце за сваімі хатнімі гадаванцамі і пры першых жа трывожных змяненнях у іх паводзінах тэлефануйце ў райветстанцыю або сельвыканкам. Калі вас укусілі – адразу звяртайцеся ў траўмапункт, дзе вам акажуць неабходную дапамогу.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!