Сапраўдныя сябры прыроды

13 год запар гімназісты пад кіраўніцтвам настаўніцы нямецкай мовы гімназіі, грамадскага эколага Т.І. Гарохавай дапамагаюць Шчучынскаму лясгасу садзіць малады лес. 

На мінулым тыдні рабяты працавалі ў Шчучынскім лясніцтве – у раёне вёскі Міцары. Адзін за другім высаджваліся на сваё пастаяннае месца маладзенькія дубкі. Ляснічы Дзмітрый Аляксандравіч Жлаба паказаў юным лесаводам, як правільна арудаваць мячом Колесава. Гімназісты засадзілі дрэўцамі дзве палянкі.
– З красавіка па лістапад праводзіцца Міжнародная алімпіяда па пасадцы лесу “ENO Treelympics 2017”, удзел у якой прымаюць і нашы вучні, – расказвае Таццяна Іванаўна. – Літаральна на днях Шчучынская гімназія атрымала сертыфікат, які сведчыць аб тым, што сярод 2,2 млн. дрэў, пасаджаных у Беларусі ў 2016 годзе, дарэчы, гэта самая высокая колькасць пасаджаных дрэў у свеце, ёсць і ўнёсак нашай установы адукацыі. А з мінулага года ў нашай краіне рэалізуецца сумесны з Фінляндыяй праект па пасадцы 100 млн. дрэў. У гэтым праекце задзейнічаны многія беларускія школы, у тым ліку і наша гімназія. 


Гімназісты не на словах, а на справе клапоцяцца пра навакольнае асяроддзе. Яны пастаянныя ўдзельнікі акцый “Чыстае возера”, “Пасадзі лес”, “Чысты лес” і іншых. А нядаўна яны атрымалі радасную вестку: гімназісты – пяцікласнікі разам з педагогамі Т.І. Гарохавай, А.М. Сяховіч і М.П. Адашчык занялі першае месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі “Упрыгожым Беларусь кветкамі” ў намінацыі “Разарый”. Вось дзе вучацца сапраўдныя сябры і аматары прыроды!
Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!